Кантэкст: У Польшчы рыхтуюць законапраект аб гатовасці дзяржавы да вайны. 2 кастрычніка 2026 года газета Rzeczpospolita паведаміла пра працу над ім, атрымаўшы пацвярджэнне ад Міністэрства нацыянальнай абароны. Паводле тлумачэння ведамства, мэта — умацаваць абараназдольнасць, палепшыць узаемадзеянне войска і службаў унутранай бяспекі і адаптаваць заканадаўства да гібрыдных, кібернетычных і інфармацыйных пагрозаў. Праект знаходзіцца на стадыі ўзгаднення ўнутры міністэрства.
5 кастрычніка 2026 года ў эфіры «Вечаровага палітычнага каналу» на «Радыё-Менск» Алена Радоўская супрацьпаставіла інфармацыйны парадак дня Беларусі заходняму:
«Часам вось у мяне ўражанне, што мы існуем у двух паралельных светах. Таму што, калі паглядзець на нашу рыторыку, на наш інфармацыйны парадак дня, — краіна жыве і, у прынцыпе, ні да якой вайны не рыхтуецца».
У беларускіх дзяржаўных СМІ сапраўды рэгулярна сцвярджаюць, што краіна ні на каго не збіраецца нападаць. Аднак пра неабходнасць рыхтавацца да вайны неаднаразова казаў, напрыклад, Аляксандр Лукашэнка. У верасні 2024 года ён заявіў:
«Нам трэба рыхтавацца да вайны. І дай бог, каб гэтай вайны не было».
У ліпені 2025-га ён зноў звязаў такую падрыхтоўку з перадухіленнем вайны:
«Кожны дзень, кожную гадзіну мы павінны рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць».
У красавіку 2026 года Лукашэнка выкарыстаў тую ж фармулёўку, гаворачы пра праверкі войска:
«Мы рыхтуемся да вайны. … Ніякага, Павел [Муравейка, начальнік Генеральнага штабу, першы намеснік міністра абароны], мірнага часу быць не можа — мы рыхтуемся да вайны».
Падрыхтоўка не абмяжоўваецца заявамі. У Беларусі рэгулярна праводзяць праверкі баявой гатовасці войска. Лукашэнка патрабуе, каб яны праходзілі «як у баі», — ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых.