Антыфэйк / фактчэк 17 кастрычніка

Лазуткін занізіў гатовасць еўрапейцаў абараняць сваю краіну

Палітолаг назваў 10-15%. У міжнародным апытанні гатовасць змагацца выказалі 37% еўрапейскіх рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.

Палітолаг Андрэй Лазуткін заявіў, што толькі 10-15% еўрапейцаў гатовыя ваяваць і абараняць сваю краіну. Каманда Weekly Top Fake вывучыла некалькі апытанняў. Яны паказалі зусім іншую карціну — у розных краінах такіх людзей аказалася ад чвэрці да амаль 70%. 

Кантэкст: 25 верасня 2026 года ў Нямеччыне прайшлі масавыя пратэсты супраць магчымага вяртання абавязковага прызыву. Паводле дадзеных арганізатараў, больш за 45 тысяч школьнікаў і маладых людзей выйшлі на акцыі прыкладна ў ста гарадах. Яны выступалі супраць новага закона аб вайсковай службе і абавязковых медаглядаў. Закон прадугледжвае магчымасць увядзення прызыву асобным рашэннем Бундэстагу, калі добраахвотнікаў будзе недастаткова.

2 кастрычніка 2026 года ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Андрэй Лазуткін заявіў:

«Калі паглядзець сацыялогію заходнюю, то па Еўропе там толькі 10-15% яны ўвогуле гатовыя ваяваць і абараняць сваю краіну».

Польскі Цэнтр даследавання грамадскай думкі — CBOS — у красавіку 2025 года спытаў жыхароў Польшчы, што б яны зрабілі ў выпадку ўзброенага нападу Расеі. Удзельнічаць у абароне краіны са зброяй у руках былі гатовыя 11% апытаных. Яшчэ 37% выбралі дапамогу абароне без удзелу ў баях.

У сакавіцкім апытанні European Pulse за 2026 год кампанія Cluster17 апытала жыхароў шасці краінаў ЕЗ: Францыі, Італіі, Іспаніі, Нямеччыны, Польшчы і Бельгіі. Рэспандэнтам прапанавалі выбраць, што яны гатовыя рабіць, калі на іх краіну нападуць. Узяць зброю і ўдзельнічаць у баях выбралі 18%. Яшчэ 47% аддалі перавагу дапамозе абароне ў небаявой ролі — напрыклад, у лагістыцы, медыцыне або грамадзянскай абароне. То-бок ваяваць са зброяй гатовы кожны пяты апытаны еўрапеец, абараняць краіну без зброі — кожны другі.

Іншае апытанне, праведзенае ў верасні-кастрычніку 2025 года на замову Рыжскага ўніверсітэту імя Страдыня ў супрацы з Рыжскім цэнтрам геапалітычных даследаванняў, ахапіла ўсе краіны NATO. У ім удзельнічалі больш за 31 тысячу чалавек. Людзей пыталіся, ці гатовыя яны змагацца за сваю краіну ў выпадку вайны, без падзелу на баявыя і небаявыя ролі. У Польшчы станоўча адказалі 49%. Сярод еўрапейскіх удзельнікаў высокія паказнікі былі ў Албаніі — 69%, Швецыі — 66% і Фінляндыі — 64%. Самыя нізкія вынікі сярод краінаў NATO атрымалі Італія і Славакія — па 25%, а таксама Нямеччына — 27%. Але нават гэтыя паказнікі вышэйшыя за названыя Лазуткіным 10-15%.

Больш шырокую карціну дае Democracy Perception Index 2026 — даследаванне Nira Data і фонду Alliance of Democracies. Апытанне правялі ўвесну 2026 года. Сярод еўрапейскіх рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў гатовасць змагацца за сваю краіну ў выпадку нападу выказалі ў сярэднім 37%. На Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы паказнік склаў 62%.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Аўдонін назваў узровень беларускага пашпарта надзвычай высокім. Але бязвізавых напрамкаў з ім менш, чым у суседзяў
Антыфэйк / фактчэк Аўдонін назваў узровень беларускага пашпарта надзвычай высокім. Але бязвізавых напрамкаў з ім менш, чым у суседзяў
З беларускім пашпартам даступныя 78 напрамкаў без загадзя аформленай візы — на 30 менш за сярэднесусветны паказнік.
11 кастрычніка 2026 Чытаць
СТБ запісаў Вільню ў лідары паводле падаражэння грамадскага транспарту. Але паводле росту цэн на доўгатэрміновыя праязныя яна дзясятая з 14
Антыфэйк / фактчэк СТБ запісаў Вільню ў лідары паводле падаражэння грамадскага транспарту. Але паводле росту цэн на доўгатэрміновыя праязныя яна дзясятая з 14
Greenpeace параўнаў доўгатэрміновыя праязныя ў еўрапейскіх сталіцах — у літоўскай за тры гады яны падаражэлі прыкладна на 10%.
10 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць