Антыфэйк / фактчэк Сёння

Зямлю не апрацоўваюць, збожжа не прадаюць? Два сцвярджэнні Мамыкіна пра Латвію супраць статыстыкі

Былы дэпутат Еўрапарламенту пераблытаў забарону на імпарт з экспартам і заявіў, што зямлю ў Латвіі не апрацоўваюць тры дзесяцігоддзі.

Былы дэпутат Еўрапарламенту ад Латвіі Андрэй Мамыкін заявіў, што латвійскія фермеры ўжо тры дзесяцігоддзі не могуць нармальна апрацоўваць зямлю і практычна страцілі рынкі збыту. Аднак у 2025 годзе найбуйнейшым пакупніком латвійскага экспарту пшаніцы і месліну была Іспанія. Пастаўкі ішлі таксама ў Францыю і Нямеччыну, а плошча сельгасугоддзяў, якія выкарыстоўваюцца, дасягнула амаль двух мільёнаў гектараў.

Кантэкст: 6 кастрычніка 2026 года міністр унутраных справаў Латвіі Яніс Домбрава паведаміў у X, што ўзброеныя людзі ў масках спрабавалі правесці з Беларусі ў Латвію групу з 20 мігрантаў і пагражалі латвійскім вайскоўцам. Паводле яго словаў, пазней невядомыя перасеклі мяжу, пашкодзілі абсталяванне і выкралі камеры назірання. Міністр папярэдзіў пра магчымыя сур'ёзныя наступствы для Беларусі ў выпадку падобных інцыдэнтаў, але не ўдакладніў, якіх менавіта.

7 кастрычніка 2026 года ў эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканалу* Андрэй Мамыкін звязаў становішча латвійскай сельскай гаспадаркі з зямельнай рэформай і стратай рынкаў збыту:

«Пасля развалу калгасна-саўгаснай сістэмы нашчадкі даваенных уладальнікаў буржуазнай Латвіі атрымалі ўсе гэтыя землі, ну як бы, задарма, а апрацоўваць іх тры дзясяткі гадоў ужо не могуць. Ды і нявыгадна гэта. … І галоўнае — адсутнасць рынкаў, гэта галоўная прычына. Прадаваць сельгаспрадукцыю ў Беларусь ці Расею — дык Латвія сама сабе забараніла. А на рынках Францыі, Іспаніі ці Нямеччыны ніхто не чакае латвійскую гародніну ці збожжа».

Перадусім Мамыкін пераблытаў кірунак гандлёвай забароны. З 2024 года Латвія забараніла імпарт пэўных сельгас тавараў з Беларусі і Расеі — то-бок іх набыццё ў гэтых краінах і ўвоз у Латвію. Гэта не забарона прадаваць туды латвійскую прадукцыю.

Не адпавядае фактам і заява пра тое, што латвійскае збожжа не патрэбнае Іспаніі, Францыі ці Нямеччыне. У 2025 годзе ў Латвіі сабралі больш за 2,5 млн тонаў пшаніцы. Прыкладна столькі ж пшаніцы і месліну (сумесі пшаніцы з жытам) краіна экспартавала. Найбуйнейшым пакупніком была менавіта Іспанія. Значныя пастаўкі ішлі таксама ў Францыю і Нямеччыну.

Не пацвярджаецца і абагульненне, што зямлю ў Латвіі ўжо тры дзесяцігоддзі «не могуць апрацоўваць». Пасля распаду СССР плошча сельгасугоддзяў, якія выкарыстоўваюцца, сапраўды рэзка скарацілася. Паводле дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Латвіі, яна зменшылася прыкладна з 2,5 млн гектараў у 1990 годзе да 1,6 млн у 2001-м, а затым пачала аднаўляцца. Да 2025 года сельгасугоддзі, якія выкарыстоўваюцца, займалі амаль два мільёны гектараў.

Плошча сельгасугоддзяў, якія выкарыстоўваюцца ў Латвіі, скарацілася з 2,53 млн га ў 1990 годзе да 1,58 млн га ў 2001-м — на 37%, затым вырасла да 1,99 млн га ў 2025-м — на 26%. Крыніца: Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне Латвіі.

Пры гэтым ураджайнасць збожжавых у Латвіі вышэйшая, чым у Беларусі. У 2025 годзе яна складала каля 42 цэнтнераў з гектара супраць прыкладна 38 цэнтнераў у Беларусі.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
На «Беларусь 4. Брэст» заявілі пра падзенне ўзроўню жыцця ў Балтыі і паскарэнне эканомікі Беларусі. Праверылі заробкі і ВУП
Антыфэйк / фактчэк На «Беларусь 4. Брэст» заявілі пра падзенне ўзроўню жыцця ў Балтыі і паскарэнне эканомікі Беларусі. Праверылі заробкі і ВУП
Рэальныя заробкі выраслі ва ўсіх трох краінах Балтыі. У першым паўгоддзі 2026-га іх эканомікі раслі хутчэй за беларускую.
14 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць