Антыфэйк / фактчэк Сёння

На «Беларусь 4. Брэст» заявілі пра падзенне ўзроўню жыцця ў Балтыі і паскарэнне эканомікі Беларусі. Праверылі заробкі і ВУП

Рэальныя заробкі выраслі ва ўсіх трох краінах Балтыі. У першым паўгоддзі 2026-га іх эканомікі раслі хутчэй за беларускую.

Палітычны аглядальнік «СБ. Беларусь Сёння» Антон Папоў заявіў, што ўзровень жыцця ў краінах Балтыі падае, а вядоўца Ала Грыгарчук супрацьпаставіла гэтаму паскарэнне росту эканомікі Беларусі. Каманда Weekly Top Fake параўнала дадзеныя пра рэальныя заробкі і ВУП. У Літве, Латвіі і Эстоніі заробкі з улікам росту цэнаў павялічыліся, а тэмпы росту беларускай эканомікі паводле вынікаў жніўня 2026 года запаволіліся.

Кантэкст: 3 кастрычніка 2026 года ў Латвіі прайшлі парламенцкія выбары. Паводле папярэдніх вынікаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, «Аб'яднаны спіс» дзейнага прэм'ера Андрыса Кулбергса атрымаў 41 са 100 месцаў у Сейме — 41%. Разам з партнёрамі па дзейнай кааліцыі — Нацыянальным аб'яднаннем і «Новым Адзінствам» — у яго 58 месцаў, або 58%. Яшчэ адзін удзельнік кааліцыі, Саюз зялёных і сялянаў, у парламент не прайшоў. Другое і трэцяе месцы занялі «Латвія на першым месцы» і «Суверэнная ўлада / Аб'яднанне младалатышоў». Яны атрымалі адпаведна 17 і 15 мандатаў — разам 32% месцаў. Гэтыя палітычныя сілы арыентуюцца ў тым ліку на расейскамоўных выбарнікаў і выступаюць супраць дапамогі Украіне. Склад новай кіроўнай кааліцыі яшчэ абмяркоўваецца.

12 верасня 2026 года ў перадачы «Прамая размова» на «Беларусь 4. Брэст» Антон Папоў заявіў пра зніжэнне ўзроўню жыцця ў краінах Балтыі. Ён таксама выказаў сумнеў у тым, што фінансаванне Еўразвязу апраўдала іх чаканні:

«Відаць, тут, скажам так, план даў збой, таму што ўзровень жыцця там падае, а грошы, якія ідуць у краіны Балтыі… Так, сёе-тое ідзе, то-бок Еўразвяз сапраўды плаціць гэтаму кардону, але гэта не тыя грошы, відавочна не тыя грошы, на якія быў разлік».

Ала Грыгарчук супрацьпаставіла гэтаму становішча ў Беларусі:

«Ну а элітам Прыбалтыкі*, напэўна, варта яшчэ адключыць сваім людзям інтэрнэт, а то яны абавязкова даведаюцца пра тое, што эканоміка Беларусі паскорыла рост і працягвае паскарацца».

Адзін з паказнікаў матэрыяльнага становішча жыхароў — рэальныя заробкі — вырас у 2025 годзе ва ўсіх трох краінах Балтыі. Гэта заробкі з улікам змены цэнаў: іх рост азначае, што на заробленыя грошы можна купіць больш тавараў і паслуг. У Эстоніі рэальныя заробкі павялічыліся на 0,8%, у Літве — на 3,9%, а ў Латвіі — больш як на 6,3%. Рост працягнуўся і ў 2026 годзе.

Рост рэальных заробкаў у I і II кварталах 2026 года ў параўнанні з тымі ж кварталамі 2025-га: Латвія — 1,6% і 1,1%, Эстонія — каля 2,7% і 2,3%, Літва — 4,5% і 3,4%. Дадзеныя па Эстоніі разлічаныя БРЦ.

Не пацвярджаюцца і словы Грыгарчук пра паскарэнне беларускай эканомікі, якое працягваецца. Паводле вынікаў жніўня 2026 года тэмпы росту ВУП Беларусі, наадварот, запаволіліся.

Запаволенне росту ВУП Беларусі ў 2026 годзе: з 2,1% за студзень–ліпень да 1,9% за студзень–жнівень, паводле дадзеных Белстату.

Акрамя таго, у 2025 годзе эканомікі Літвы і Латвіі раслі хутчэй за беларускую. А ў першым паўгоддзі 2026 года Беларусь па тэмпах росту ВУП апярэдзілі ўжо ўсе тры краіны Балтыі.

Тэрмін «Прыбалтыка» атрымаў шырокае распаўсюджанне ў савецкі час. Пасля аднаўлення незалежнасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі слова «Прыбалтыка» не выкарыстоўваецца ў афіцыйнай тэрміналогіі. Яго ўжыванне можна параўнаць з выкарыстаннем назвы «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яна сустракаецца, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлая. У артыкуле слова «Прыбалтыка» выкарыстоўваецца толькі ў наўпроставай цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «краіны Балтыі».

0 / 2
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць