Фэйк №1: Ва Украіне забаранілі Дзеда Мароза
Ва Украіне нельга віншаваць дзяцей у касцюме Дзеда Мароза, заявіла дырэктарка МГТРК «Мір» Вольга Шпілеўская ў праграме «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» 30 снежня.
«Ну вы ж ведаеце, на Украіне пайшлі яшчэ далей. Для таго каб правільна выхоўваць дзяцей, забаранілі Дзеда Мароза і Снягурку. Дзед Мароз і Снягурка, традыцыйныя, якія прыходзілі, яны там пад забаронай. Цяпер да іх прыходзіць нехта Святы Мікалай, які наогул не зразумела, што за Мікалай і адкуль ён прыходзіць», — распавяла яна.
Раней, 17 снежня, пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «ЖС прэміум» і ў пацверджанне апублікаваў фотаздымак абвесткі на ўкраінскай мове.
«Забарона на Дзеда Мароза на Украіне набывае перакручаныя формы. Аніматараў у касцюме казачнага дзядулі абяцаюць штрафаваць і збіваць», — гаворыцца ў посце.
Ва Украіне сапраўды адзначаюць дзень Святога Мікалая. Ён з'яўляецца правобразам савецкага Дзеда Мароза. Але апошні там не забаронены. Напрыклад, мужчына ў касцюме Дзеда Мароза 28 снежня віншаваў з надыходзячым 2024 годам тых, хто сабраўся на Сафійскай плошчы ў Кіеве, а ў Адэсе жадаў шчаслівага Новага года мінакам.
Ва ўкраінскім сегменце інтэрнэту размешчана мноства абвестак, якія прапануюць замовіць аніматараў у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі.
Вядоўца Weekly Top Fake патэлефанавала па адным з іх і спытала, ці ёсць ва Украіне забарона на касцюмы гэтых казачных персанажаў. Суразмоўца адмаўляў гэтую інфармацыю:
«Мы з гэтым не сутыкаліся. Не, гэта не забаронена на заканадаўчым узроўні. <...> Мы адгулялі Новы год і былі замовы як на Санта Клаўса, так і на Дзеда Мароза ў звычайным яго выглядзе, так і Святога Мікалая».