Антыфэйк / фактчэк

20 снежня 2023

Фэйкі тыдня: у Вільні збанкрутаваў «Акропаліс», а ў Беларусі правялі першую ў свеце аперацыю на сэрцы нованароджанага

А таксама — старшыня Кітая гадзінамі размаўляе з Лукашэнкам і ігнаруе еўрапейскіх лідараў, наплыў палякаў па бязвізе і дачка князя Вітаўта, якая была жонкай Васіля Цёмнага. Топ-фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Віленскі гандлёвы цэнтр «Акропаліс» згалеў

Дэпутат Алег Гайдукевіч 2 снежня ў перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» распавёў, што без турыстаў з Расеі збанкрутаваў гандлёвы цэнтр на расейска-фінскай мяжы. Паводле яго слоў, тая ж доля спасцігла і найбуйнейшы літоўскі ГЦ:

— Фінскі комплекс, за капейкі яго выстаўляюць, згалелі. Такая ж сітуацыя, сёння прачытаў, — «Акропаліс» у Вільні. Для каго яго будавалі? Для нас, — сказаў ён. 

— Гэта ж сімвал змагароў, еўрапейскага шчасця. Я нават аднойчы быў у гэтым раі, — дадаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. 

— Уяўляеце рожы прадаўцоў, апошнія гады хто туды ездзіць наогул? — працягнуў Гайдукевіч.

Па выніках 2022 года Akropolis Group дала справаздачу аб росце даходаў ад арэнды на 31%, прыбытку — на 26%. Кампанія пашыраецца і плануе адкрыць у літоўскай сталіцы другі гандлёвы цэнтр.

Фэйк №2: У Беларусі ўпершыню ў свеце правялі аперацыю на сэрцы ў нованароджанага

Інфармацыйнае агенцтва БелТА 13 снежня апублікавала сюжэт пра поспехі беларускай аховы здароўя, у якім выкарыстала цытату Аляксандра Лукашэнкі 4-гадовай даўніны:

«Літаральна ў мінулым месяцы нашы хірургі, можна сказаць, здзейснілі цуд — прааперавалі неданошанае дзіцятка на шосты дзень пасля яго нараджэння. Вага — крыху больш за кілаграм. Аперацыя на сэрцы. Нідзе ў свеце нічога падобнага яшчэ не рабілі, таму што для такой аперацыі немаўля павінна важыць, па-мойму, 2,5-3 кг».

У 2019 годзе беларускія медыкі правялі аперацыю па карэкцыі прыроджанага пароку сэрца ў дзіцяці масай 1,135 кг. Гэта рэдкая аперацыя, але не першая такая ў свеце.

У 2018 годзе ўкраінскія кардыяхірургі прааперавалі сэрца дзіцяці вагой каля аднаго кілаграма. У 2017 годзе ў Іспаніі прааперавалі нованароджанага, які важыў 1300 грам, а ў Індыі ў тым жа годзе паспяхова прааперавалі немаўля з масай менш за 500 грам. Яшчэ раней, у 2011 годзе, у Індыі аперацыю на сэрцы перанесла дзіця, якое важыла 580 грам.

Фэйк №3: У 2023 годзе ў Беларусь прыехала ўдвая больш палякаў, чым летась

У снежні на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай збіраліся чэргі з некалькіх тысяч легкавых і грузавых аўтамабіляў. На тэлеканале СТВ паведамілі, што гэта звязана з павелічэннем колькасці жадаючых прыехаць у Беларусь па пакупкі.

«Кошты на аўтобусныя білеты з Польшчы ў Беларусь перад навагоднімі святамі выраслі ў 2-3 разы. Тлумачаць гэта попытам на беларускі бязвіз. Сёлета ў Берасці прынялі звыш 36 тысяч палякаў. Што амаль у два разы больш, чым летась. І закупы цяпер з прыстаўкай BY не страшаць жыхароў Польшчы, і сістэматычныя пагрозы іх урада закрыць мяжу», — гаворыцца ў сюжэце ад 12 снежня.

Ажыятаж на аўтобусныя білеты звязаны з тым, што ў Беларусь на Каляды і Новы год едуць як грамадзяне Польшчы, так і беларусы, якія пражываюць за мяжой.

Паводле звестак Памежнага камітэту РБ, за мінулы год па бязвізе краіну наведалі 22 тысячы палякаў. За няпоўных 12 месяцаў 2023-га — 40 тысяч. Бязвізавы рэжым для польскіх грамадзян увялі 1 ліпеня 2022 года; такім чынам, 22 тысячы — гэта колькасць тых, хто прыехаў за паўгода. У гадавым вылічэнні колькасць палякаў, якія прыязджаюць у Беларусь, зменшылася на 10%.

Фэйк №4: Дачка князя Вітаўта была жонкай Васіля Цёмнага

Палітолаг Пётр Пятроўскі і вядоўца Рыгор Азаронак 13 снежня ў перадачы «Азаронак. Наўпрост» абмеркавалі гістарычныя сувязі ВКЛ і Маскоўскага княства.

— Наогул Літва, Вялікае Княства Літоўскае — гэта Русь, Літоўская Русь. Проста яны ўзялі, супрацьпаставілі гэтую Русь Русі Маскоўскай, хоць дачка вялікага князя літоўскага Вітаўта з'яўлялася... — сказаў першы.

— Жонкай Аляксандра Неўскага, — працягнуў другі.

— Жонкай не Аляксандра Неўскага, а маскоўскага князя Васіля Цёмнага, і сёння яе магіла знаходзіцца ў Свята-Успенскім саборы Крамля, — заявіў Пятроўскі.

Дачка князя ВКЛ Вітаўта Сафія не магла выйсці замуж за Аляксандра Неўскага. Яна нарадзілася больш чым праз сто гадоў пасля яго смерці.

Жонкай маскоўскага князя Васіля Цёмнага, як сцвярджае палітолаг, яна таксама не была. Васіль Другі Цёмны — яе сын. Сафія была жонкай Васіля Першага.

Фэйк №5: Сі Цзіньпін гадзінамі размаўляе з Лукашэнкам, а еўрапейскіх лідараў ігнаруе

Аляксандр Лукашэнка 4 снежня прыляцеў у Кітай, дзе сустрэўся з кіраўніком КНР. Перамовы з Сі Цзіньпінам былі запланаваныя на гадзіну, але доўжыліся тры гадзіны. Абмяркоўваючы гэтую падзею 9 снежня ў перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1», дэпутат Алег Гайдукевіч і кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант распавялі, што да еўрапейскіх лідараў у кітайскага старшыні зусім іншае стаўленне:

— А што вы думаеце, так лёгка сустрэцца з кіраўніком Кітая? Ды многія лідары Еўропы не могуць з ім сустрэцца, — сказаў першы.

— А я вас на 30 секунд [пераб’ю]... Менш за гадзіну лідар КНР надаў канцлеру ФРГ і руку не паціснуў, паўгадзіны гутарыў з Макронам, наогул не стаў размаўляць з Урзуляй фон дэр Ляен, — працягнуў другі.

Канцлер ФРГ Олаф Шольц падчас апошняй сустрэчы з Сі Цзіньпінам меў зносіны з ім каля дзвюх гадзін. Яна прайшла ў лістападзе 2022 года, калі ў Кітаі яшчэ дзейнічалі строгія антыковідныя абмежаванні. Менавіта таму кіраўнікі Кітая і Нямеччыны абышліся без поціскаў рукі.

З прэзідэнтам Францыі Сі Цзіньпін правёў два дні падчас візіту Эманюэля Макрона ў Пекін у красавіку 2023 года. У першы дзень прайшлі паўтарагадзінныя перамовы. У другі — нефармальная сустрэча ў правінцыі Гуанчжоу і сумесная вячэра. Як паведамляла кітайская прэса, яны цёпла развіталіся толькі з надыходам змяркання.

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен сустракалася з кіраўніком КНР у гэтым годзе двойчы. Першы раз у красавіку, калі прыляцела туды разам з Макронам. Другі — 7 снежня, калі ў Кітаі праходзіў саміт Кітай-ЕЗ.

Алег Гайдукевіч і Іван Эйсмант таксама замаўчалі тое, што трэці форум «Адзін пояс, адзін шлях» прайшоў у кастрычніку ў Пекіне ўпершыню без удзелу Лукашэнкі. Апошні, калі віншаваў Сі Цзіньпіна з днём народзінаў у чэрвені, заявіў, што гатовы прыехаць на гэтае мерапрыемства. У верасні пра тое, што кіраўніцтва краіны плануе ўзяць удзел у пекінскай канферэнцыі, заявіў міністр замежных спраў Сяргей Алейнік. Беларусь не запрасілі.

Іншыя публікацыі

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве
Антыфэйк / фактчэк

Замежная валанцёрка, абураная палтаўская медработніца і загінулыя шведскія інструктары. Тры фэйкі пра ўдар па Палтаве

Мы напісалі Вікторыі і папрасілі пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю, якую апублікавалі тэлеграм-каналы са спасылкай на яе.

12 верасня 2024 Чытаць