Антыфэйк / фактчэк

24 жніўня 2023

Фэйкі тыдня: да вайны знікалі тысячы ўкраінскіх дзяцей, нямецкія журналісты абразілі гледачоў

А таксама — аншлаг на Гульнях краін СНД, планы па зносе тысяч французскіх храмаў і рэкорды пасажырапатоку ў аэрапорце «Менск». Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Другія Гульні краін СНД карысталіся вялікай папулярнасцю ў беларусаў

Дата фэйка: 14.08.2023

У Беларусі скончыліся II Гульні краін СНД. Па словах першага намесніка міністра спорту і турызму Аляксандра Дараховіча, яны карысталіся вялікай папулярнасцю ў гледачоў, праз што на спартыўных пляцоўках не было пустых месцаў.

— Госці адзначылі, усюды аншлаг. Куды б яны не прыехалі... Не важна, гуляе беларуская зборная, не гуляе беларуская зборная, заўсёды аншлаг. Яны кажуць «як, мы ў шоку?» Калі не гуляе краіна-гаспадыня ... — сказаў Дараховіч.

— Так, паўпустыя трыбуны, мы ведаем гэта па Балтыцы, — працягнуў яго думку кіраўнік праўладнага «Беларускага саюзу журналістаў» Андрэй Крывашэеў. Тэму абмеркавалі ў эфіры «Радыё-Менск» 14 жніўня. 

Усе спаборніцтвы гульняў заўзятары маглі наведваць бясплатна. Аднак, як вынікае з відэа-трансляцыяў на афіцыйным сайце мерапрыемства, аншлагу на спартыўных пляцоўках не было. Наадварот — на трыбунах было практычна пуста. Амаль не было гледачоў на спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы, пустымі былі трыбуны стадыёна «Дынама» падчас выступу лёгкаатлетаў, амаль ніхто не прыйшоў глядзець гульню беларускіх гандбалістаў, нешматлюдна было і на іншых спаборніцтвах Гульняў.

Фэйк №2: У Францыі плануюць знесці амаль тры тысячы касцёлаў

Дата фэйка: 10.08.2023

Аляксандр Лукашэнка запрасіў бразільскага прэзідэнта наведаць Беларусь. Пра гэта паведаміла яго прэс-служба па выніках сустрэчы Лукашэнкі з бразільскім амбасадарам 10 жніўня. Раней Бразілія была найбуйнейшым пакупніком беларускага калію, цяпер лабіюе зняцце з Беларусі санкцый.

На гэтым фоне праўладны палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што Бразілія займае асаблівую ролю ў свеце, нават цэнтр хрысціянства цяпер «знаходзіцца ў Паўднёвай Амерыцы», у той час як еўрапейцы зносяць свае храмы. 

«У іх у 2015 годзе Сенат прыняў план, у Францыі, знесці 2800 касцёлаў» — распавёў ён у эфіры ютуб-канала Рыгора Азаронка 10 жніўня.

Пра амаль тры тысячы храмаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, медыі сапраўды пісалі. Аднак гэта было задоўга да 2015 года. Газета Le Figarо ў траўні 2007-га апублікавала артыкул пад загалоўкам «Мэры вымушаныя зносіць свае касцёлы». У ёй напісана: «Беатрыс дэ Андыя, кіраўніца новай абсерваторыі рэлігійнай спадчыны, кажа, што, паводле справаздачы Сената, “2800 з 15 000 ахоўных сельскіх цэркваў” знаходзяцца “ў небяспецы”».

БРЦ знайшоў гэтую справаздачу французскага Сената. Яна датаваная 2006 годам. У ёй гаворыцца наступнае:

«Упраўленне архітэктуры і спадчыны падкрэсліла трывожны “санітарны стан” гістарычных помнікаў, у прыватнасці помнікаў, унесеных у пералік. Паводле яго ацэнак, 20% гэтых помнікаў знаходзяцца ў небяспецы, гэта значыць прыкладна 2 800 з 15 000».

Гэта значыць, па-першае, у справаздачы Сената гаворка ішла пра гістарычныя помнікі, а не толькі пра касцёлы. Па-другое, што яны знаходзяцца ў небяспецы праз санітарны стан — пра знос там не згадваецца.

Фэйк №3: Да санкцый Нацыянальны аэрапорт «Менск» прымаў дзесяць мільёнаў пасажыраў у год

Дата фэйка: 11.08.2023

Аляксандр Лукашэнка наведаў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Абмяркоўваючы гэтую навіну з палітолагам Вадзімам Гігіным у «Клубе рэдактараў» 11 жніўня, кіраўнік тэлеканалу «Беларусь 1» Іван Эйсмант заявіў, што гэты аэрапорт штогод прымаў дзесяць мільёнаў пасажыраў.

«Адзін з галоўных удараў яшчэ, у якім гэта было годзе, у 21-м, памятаеце, у сувязі з Пратасевічам, быў нанесены як раз па “Белавія”. Не хавалі: хочуць спустошыць нацыянальнага авіяперавозніка. Не ўдалося гэта зрабіць», — заявіў Гігін.  

«Ды і па аэрапорце стукнуць. Таму што, прабачце, дзесяць мільёнаў пасажыраў, якія праходзілі, вы памятаеце... Рыга — такі асноўны канкурэнт, Варшава», — дадаў Эйсмант. 

У рэчаіснасці аэрапорт «Менск» ніколі не бачыў такой колькасці пасажыраў. Рэкорд паставілі ў 2019 годзе: тады праз «Менск» прайшлі 5,1 млн чалавек. У 2020-м праз пандэмію пасажырапаток упаў да 1,9 млн чалавек у год. У 2021 годзе прымусовая пасадка самалёта Ryanair з актывістам і журналістам Раманам Пратасевічам прывяла да заходніх санкцый — тады абслужылі 2,4 млн пасажыраў. Колькі прыняў аэрапорт у 2022-м, дакладна не вядома, — кажучы аб планах на гэты год, гендырэктар Вячаслаў Харанека назваў лічбу два мільёны чалавек. 

Няпраўда і тое, што Рыга з Варшавай былі канкурэнтамі аэрапорта «Менск». Там пасажырапаток быў у разы больш. У 2019 годзе аэрапорт сталіцы Латвіі абслужыў амаль 8 млн чалавек. Аэрапорт імя Фрэдэрыка Шапэна ў польскай сталіцы — амаль 19 млн. Яшчэ тры мільёны пасажыраў прайшлі праз аэрапорт «Модлін» пад Варшавай. 

Канкурэнтам «Менску» можна было лічыць аэрапорт у Вільні, які беларусы жартам называлі «аэрапорт “Менск-3”». Праз яго лёталі лоукостерамі. У 2019 годзе ён прыняў пяць мільёнаў пасажыраў. 

Фэйк № 4: Кіраўнік нямецкага тэлеканала ARD абразіў гледачоў

Дата фэйка: 11.08.2023

Іван Эйсмант выкрыў нямецкае тэлебачанне ў хлусні і ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1» 11 жніўня абвінаваціў яго кіраўніцтва ў нецэнзурнай абразе гледачоў. 

«ARD, грамадскі вяшчальнік, у рэпартажы вырашыла пахваліць павышэнне коштаў на мяса, у прыватнасці нібыта праз вугляродны след. І ўзялі кадры, дзе жанчына ў захапленні ад таго, што кошты растуць. Але ўважлівыя тэлегледачы пазналі ў ёй супрацоўніцу ARD. І калі папрасілі тлумачэнняў у кіраўніка тэлекампаніі, ён там напісаў, што такія выпадковасці бываюць, ідзіце..., а далей зарэтушавана. Ну, можна, у прынцыпе, уявіць», — заявіў ён. 

Журналісты Weekly Top Fake праверылі гэтую інфармацыю. Аказалася, што кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі чэрпае інфармацыю з тэлеграм-пабліка з назвай fuck you thats why. Менавіта там апублікавалі навіну ў такой інтэрпрэтацыі.

Скандал на гэтую тэму ў Нямеччыне сапраўды быў. Рэпарцёр тэлеканала ўзяў каментар у жанчыны, якая апынулася супрацоўніцай ARD. Аднак ніхто нікога нікуды не пасылаў — галоўны рэдактар навін Стэфан Брандэнбург у твітэры растлумачыў, што суразмоўніца да дачы каментара папярэдзіла журналіста, але ён праз шум у супермаркеце гэтага не пачуў. 

«Калі б рэпарцёр разумеў, што мае справу з каляжанкай, ён бы ніколі не ўключыў у рэпартаж яе кароткую і спантанную рэакцыю. Я прашу паважаць гэта. Памылкі здараюцца, асабліва ва ўмовах недахопу часу ў актуальным рэпартажы», — напісаў Брандэнбург.

Фэйк № 5: Да вайны ва Украіне штогод знікалі 4-5 тысяч дзяцей

Дата фэйка: 11.08.2023 

Ва Украіне да вайны знікалі тысячы дзяцей. Пра гэта 16 жніўня ў эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост» на СТБ заявіла Міра Тэрада (да замужжа — Аксана Воўк). Яна ўзначальвае Фонд барацьбы з рэпрэсіямі — некамерцыйную арганізацыю, заснаваную, як напісана на яе сайце, «пры садзейнічанні расейскага прадпрымальніка Яўгена Прыгожына».

«Сапраўды, сітуацыя з гандлем дзецьмі на Украіне, яна жудасная. Яна і была жудасная да пачатку спецаперацыі. Па дадзеных афіцыйных непасрэдна саміх праваахоўных органаў Украіны, штогод знікала ад чатырох да пяці тысяч дзяцей. Цяпер гэтыя лічбы вышэйшыя», — заявіла Міра Тэрада. 

Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Па афіцыйных дадзеных, у 2021 годзе ўкраінцы падалі ў паліцыю заявы аб знікненні амаль 16 тыс. дзяцей. Практычна ўсіх іх, акрамя пецярых, знайшлі.

Па дадзеных праваахоўнікаў, пераважную большасць зніклых дзяцей знаходзяць на працягу першых сутак. У адваротным выпадку іх абвяшчаюць у вышук. 

БРЦ выявіў у адкрытым доступе публічны адказ украінскай паліцыі на гэтую тэму. У ім паведамляецца, што ў 2020 годзе ў дзяржаўны вышук абвясцілі 1375 дзяцей. З іх не знайшлі толькі 16 чалавек. За 10 месяцаў 2021-га не знайшлі 19 дзяцей. 

На лістапад 2021 года ва Украіне з улікам папярэдніх гадоў у вышуку лічылася 186 дзяцей, зніклых без вестак.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі

Замест «Мрії» — клумбы? Ці сапраўды ва Украіне грошы, выдзеленыя на аднаўленне легендарнага самалёта, выдаткавалі на кветкі
Антыфэйк / фактчэк

Замест «Мрії» — клумбы? Ці сапраўды ва Украіне грошы, выдзеленыя на аднаўленне легендарнага самалёта, выдаткавалі на кветкі

Ан-225 «Мрія» — гэта транспартны самалёт з самай вялікай грузападымальнасцю ў свеце, які стварылі пад касмічную праграму.

13 чэрвеня 2024 Чытаць