Кантэкст: 1 верасня 2026 года прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падчас мерапрыемстваў у Гданьску, прысвечаных 87-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны, заклікаў Нямеччыну выплаціць Польшчы рэпарацыі. Грошы ён прапанаваў накіраваць на польскую армію і абаронную прамысловасць. Кампанію за рэпарацыі партыя «Права і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS) запусціла яшчэ ў 2017 годзе, ацаніўшы шкоду ў 6 трлн злотых. У 1939 годзе, праз 16 дзён пасля нападу Нямеччыны на Польшчу, з усходу ў краіну ўварваліся савецкія войскі. Пасля гэтага землі Заходняй Беларусі ўвайшлі ў склад БССР.
29 жніўня 2026 года гісторык і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін у эфіры ютуб-каналу «Азаронак. Наўпрост» разважаў пра эканамічную адсталасць Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. У якасці аднаго з паказнікаў ён прывёў дынаміку насельніцтва гарадоў і заявіў, што ў Заходняй Беларусі яно скарачалася, тады як гарады БССР раслі.
— Наконт так званага росквіту гарадоў пры Польшчы. Давайце да лічбаў звернемся канкрэтна. Вось Савецкая Беларусь — што адбываецца з 1910 па 1939 год. Параўнаем проста Савецкую Беларусь, то бок БССР, і Заходнюю Беларусь. Такім чынам, у Савецкай Беларусі з 1910 па 1939 год Менск вырас, ну, я буду акругляць лічбы, са 105 тысяч да амаль 239 тысяч. Віцебск — са 103 тысяч да 167 тысяч. Гомель — з 96 тысяч да 144 тысяч. Ну і гэтак далей. А цяпер — што адбывалася ў Заходняй Беларусі. Гэта таксама кажа пра ўзровень развіцця, вядома, колькасць занятасці і гэтак далей. 1910 год і 1931 год, калі быў перапіс. Горадня: з 65,5 тысячы насельніцтва ўпала да 40, ну, да 50 тысяч. З 65 да менш чым 50. Берасце — з 57 да 48. Пінск, вось я нядаўна быў, — з 36 да 31 тысячы, — пералічыў Гігін.
— Ну вось, калі ласка. Гэта лічбы, гэта факты. Гэта тое, што не пераб’е ніякая беглая прапаганда, — падсумаваў вядоўца Рыгор Азаронак.
Гэтае параўнанне некарэктнае. Рост насельніцтва Менску, Віцебску і Гомлю Гігін палічыў за 29 гадоў — з 1910 па 1939 год. Для Горадні, Берасця і Пінску ён узяў 21 год — з 1910-га да польскага перапісу 1931 года. Але важнейшае іншае: Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы толькі ў 1921 годзе, а адлік Гігін пачаў з 1910-га. То бок першыя 11 гадоў абранага ім перыяду гэтыя тэрыторыі не знаходзіліся пад польскай уладай. За гэты час яны ўваходзілі ў Расейскую імперыю, былі акупаваныя нямецкімі войскамі, пераходзілі пад кантроль польскіх і савецкіх сілаў.
Праз гэтыя землі прайшла Першая сусветная вайна. Больш за два гады фронт знаходзіўся прыкладна ў 100 км заходней за Менск. Заходні рэгіён перажыў буйныя баі, бамбардаванні і эвакуацыю. Менск і Гомель нямецкія войскі ненадоўга занялі толькі ў 1918—1919 гадах, а сур’ёзныя разбурэнні фронту да ўсходніх гарадоў, з якімі Гігін параўноўвае Заходнюю Беларусь, не дайшлі.
Каб ацаніць змяненне насельніцтва заходнебеларускіх гарадоў менавіта ў складзе Польшчы, адлік трэба пачынаць з 1921 года. І тады дынаміка аказваецца супрацьлеглай той, якую апісаў Гігін. Паводле дадзеных польскіх перапісаў, з 1921 па 1931 год насельніцтва Горадні вырасла амаль на 42% — з 35 148 да 49 818 чалавек. Насельніцтва Берасця павялічылася амаль на 64% — з 29 553 да 48 435 чалавек. У Пінску рост склаў 36% — з 23 468 да 31 913 чалавек.
Супастаўнай статыстыкі па савецкіх гарадах за тыя ж дзесяць гадоў няма. Першы савецкі перапіс прайшоў у 1926 годзе, наступны — праз 13 гадоў. За гэты перыяд Гомель вырас прыкладна такімі ж тэмпамі, як Берасце ў 1921—1931 гадах. Менск і Віцебск раслі хутчэй за гарады Заходняй Беларусі. Аднак наўпрост супастаўляць гэтыя паказнікі можна толькі ўмоўна: у адным выпадку гаворка ідзе пра дзесяць гадоў, у другім — пра 13, а самі перапісы праходзілі ў розныя гады.