Антыфэйк / фактчэк 22 верасня

€1000 за кавалак бетону: вядоўца Беларускага радыё ў разы завысіў кошт умацаванняў на «Балтыйскай лініі абароны»

У латвійскім тэндары «зубы дракона» прапаноўвалі па €249—258 за штуку.

Вядоўца «Экспертнага клуба» Максім Харын заявіў, што кожны бетонны «зуб дракона» абыходзіцца краінам Балтыі ў €1000. Каманда Weekly Top Fake праверыла закупачныя дадзеныя Латвіі і Літвы і высветліла, што рэальны кошт у тры-чатыры разы ніжэйшы.

Кантэкст: На пачатку верасня на ўсходняй мяжы Латвіі афіцыйна пачалося будаўніцтва «Балтыйскай лініі абароны» — сістэмы ўмацаванняў, якую краіны Балтыі супольна з Польшчай ствараюць на выпадак магчымай агрэсіі з боку Расеі. На латвійскім участку пачалі капаць супрацьтанкавыя равы агульнай працягласцю 27 км і ўсталёўваць бетонныя «зубы дракона». Працы плануюць завяршыць да восені 2027 года.

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё вядоўца праграмы «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» Максім Харын 9 верасня заявіў, што адзін бетонны «зуб дракона» абыходзіцца бюджэтам краін Балтыі ў €1000:

«Высветліліся падрабязнасці: адзін зуб дракона — вы бачылі, як гэты труфель бетонны выглядае? — ну кавалак бетону. Ну колькі мяшкоў там цэменту туды можа ісці? Ну тры, каб заліць проста фортачку? 1000 еўра каштуе адзін гэты кубік Рубіка. 1000 еўра! Уяўляеце сабе?»

Праверыць гэтую лічбу дазваляюць дадзеныя дзяржаўных закупак Латвіі. У рэестры апублікаваныя вынікі тэндару Міністэрства абароны на набыццё «зубоў дракона». Кошт пераможнай прапановы — латвійскай кампаніі Salenieku Bloks — у рэестры не пазначаны, аднак усе ўдзельнікі прапаноўвалі ад €249 да €258 за адзін выраб. Значыць, прапанова пераможцы таксама знаходзіцца ў гэтым дыяпазоне. Рознічны кошт таксама блізкі да гэтых сумаў: на сайце Salenieku Bloks «зуб дракона» вышынёй 1,3 м каштуе ад €250 за штуку.

Дакументацыю пра дзяржаўныя закупы такіх загарод у Літве мы не знайшлі. Але іх кошт там стаў прадметам спрэчкі яшчэ годам раней. Міністэрства абароны абвінавачвалі ў тым, што яно нібыта плаціць па €3000 з бюджэту за адну бетонную піраміду. Ведамства гэта абвергла. Як паведаміла выданне 15min, лічба 3000 абазначала колькасць загародаў па кантракце, а не кошт аднаго вырабу. Па гэтым кантракце адзін «зуб дракона» каштаваў €254 без ПДВ, па другім — €213 без ПДВ.

Такім чынам, даступныя дадзеныя пра закупы ў Латвіі і Літве паказваюць на кошт каля €250 за адзін «зуб дракона», а не €1000. Заяўленая Максімам Харыным сума прыкладна ў чатыры разы вышэйшая за гэтыя цэны.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць