Антыфэйк / фактчэк 23 верасня

Беларусь — сёмая сярод самых бяспечных краін свету? Праверылі паведамленне праекту «Беларусь Тут»

Найлепшы вынік Беларусі сярод вядомых рэйтынгаў — 41-е месца ў катэгорыі «Парадак і бяспека».

Праект блогера Антона Шабуневіча «Беларусь Тут» паведаміў, што Беларусь заняла 7-е месца ў сусветным рэйтынгу бяспекі, абышоўшы ў тым ліку Польшчу, Літву і ЗША. Аднак крыніцу рэйтынгу аўтары не назвалі. Каманда Weekly Top Fake праверыла вядомыя міжнародныя індэксы — Беларусь не ўваходзіць нават у топ-40 самых бяспечных краін.

Кантэкст: У менскіх дварах плануюць усталяваць 20 тыс. камераў відэаназірання. За жнівень на фасадах дамоў з’явілася ўжо тысяча камераў, а завяршыць працы маюць намер да канца 2028 года. У «Менскай гарадской жыллёвай гаспадарцы» патлумачылі ўсталяванне камераў неабходнасцю палепшыць працу арганізацыяў ЖКГ: сістэма павінна дазволіць кантраляваць якасць і своечасовасць аказання паслугаў.

11 верасня 2026 года ў сацсетках праекту блогера Антона Шабуневіча «Беларусь Тут» паведамілі, што Беларусь нібыта ўвайшла ў дзясятку самых бяспечных краін свету:

«Беларусь увайшла ў топ-10 самых бяспечных краін свету! У абноўленым сусветным рэйтынгу ўзроўню бяспекі Беларусь упэўнена заняла высокае 7-е месца, апярэдзіўшы большасць еўрапейскіх дзяржаваў і шэраг вядучых сусветных дзяржаў».

У публікацыі таксама сцвярджалася, што па ўзроўні бяспекі Беларусь абышла Польшчу, Літву і ЗША. Пры гэтым назву рэйтынгу або крыніцу дадзеных аўтары не пазначылі.

Крыніца: instagram.com/zdes.by

У Глабальным індэксе міру, адным з найбольш вядомых міжнародных рэйтынгаў, Беларусь знаходзіцца далёка ад першай дзясяткі. Індэкс ацэньвае міралюбнасць краін у шырокім сэнсе на аснове статыстычных дадзеных і экспертных ацэнак. Улетку 2026 года пазіцыя Беларусі крыху палепшылася: краіна заняла 115-е месца сярод 163 дзяржаў супраць 119-га у 2025 годзе. Па асобным паказніку «Грамадская бяспека і абароненасць», які дазваляе ацаніць, наколькі бяспечна чалавек пачуваецца на вуліцы, вынік Беларусі вышэйшы — 97-е месца.

Яшчэ адзін міжнародны рэйтынг — Індэкс вяршэнства права арганізацыі «Сусветны праект правасуддзя». Яго складаюць на аснове ацэнак жыхароў і экспертаў. У катэгорыі «Парадак і бяспека» ў 2025 годзе Беларусь заняла 41-е месца сярод 143 краін. Гэта найлепшы вынік краіны сярод прыведзеных рэйтынгаў, але і ён далёкі ад заяўленай сёмай пазіцыі.

У індэксе бяспекі Numbeo Беларусь знаходзіцца на 90-м месцы са 150. Гэты паказнік таксама фармуецца на аснове ацэнак карыстальнікаў пра ўзровень злачыннасці і пра тое, наколькі бяспечна яны пачуваюцца на вуліцы.

Ёсць і іншыя міжнародныя ацэнкі, але яны таксама не пацвярджаюць заяўленае 7-е месца. Рэйтынг Gallup Law and Order, які вымярае адчуванне бяспекі жыхароў розных краін, Беларусь не ацэньваў. А International SOS Risk Map увогуле не размяркоўвае дзяржавы па месцах: краіны там падзеленыя паводле ўзроўню рызыкі бяспекі і аховы здароўя. Беларусь на гэтай карце адносіцца да зоны нізкай рызыкі бяспекі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць