Антыфэйк / фактчэк Сёння

Шпроты — іспанцам, каньяк — пад забарону? Якія абмежаванні ЕЗ выдумалі на Радыё-Менск

У 2025 годзе краіны Балтыі вылавілі амаль 45 тыс. тон кількі, а ў Малдове вырабілі больш за 3 млн літраў каньяку.

Палітолаг і вядоўца Вадзім Ялфімаў заявіў, што пасля ўступлення ў ЕЗ краінам Балтыі забаранілі лавіць кільку для вытворчасці шпротаў, каб не канкураваць з рыбакамі Іспаніі і Партугаліі. Паводле яго, Малдове таксама забаранілі вырабляць віно і каньяк. Ніводнай з гэтых забаронаў няма: краіны Балтыі працягваюць лавіць кільку, а ў Малдове вырабляюць і віно, і каньяк.

Кантэкст: 16 верасня 2026 года старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Канадзе прапанавалі стаць першым у гісторыі асацыяваным чальцом ЕЗ. Раней такога статусу не існавала, і што менавіта ён будзе азначаць, пакуль незразумела. Брусель таксама прапаноўвае стварыць з Канадаю новы альянс у тэхналогіях, энергетыцы, абароне і сферы крытычна важнай сыравіны. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп назваў гэтую ідэю смешнай, а Канаду — «жахлівым гандлёвым партнёрам» і прыгразіў Еўразвязу новымі мытамі ці нават спыненнем гандлю, калі Брусель працягне збліжэнне з Атаваю.

14 верасня 2026 года палітолаг і вядоўца Вадзім Ялфімаў у эфіры Радыё-Менск заявіў, што Еўразвяз забараніў краінам Балтыі лавіць кільку для вытворчасці шпротаў у інтарэсах іспанскіх і партугальскіх рыбакоў. Паводле яго словаў, Малдове ЕЗ забараніў вырабляць віно і каньяк:

«Я магу сказаць, што шпроты забаранілі ім лавіць. Бо, калі вы ўступілі ў ЕЗ, там туды-сюды. А яшчэ ёсць Партугалія, ёсць Іспанія, там ёсць свае рыбакі, у іх ёсць сардзінкі, якія вельмі падобныя да шпротаў. Можа быць, нават шпроты смачнейшыя, як на мой густ, я не ведаю. Ну і яны сказалі: не трэба вам. Гэтак жа як Малдавіі* забаранілі віно, каньяк. Няма каньяку ў Малдавіі. Давялося выкручвацца і рабіць нейкі дывін і гэтак далей».

Еўразвяз не забараняў краінам Балтыі лавіць кільку — менавіта з гэтай рыбы робяць кансервы «шпроты». У 2025 годзе Эстонія, Латвія і Літва разам вылавілі 44,6 тыс. тон кількі.

Пасля ўступлення краінаў Балтыі ў Еўразвяз вылаў спачатку нават павялічыўся. У 2003 годзе тры краіны здабылі 74,1 тыс. тон кількі, у 2004-м — 95,9 тыс. тон, а ў 2005-м — 128,6 тыс. тон. Максімуму паказнік дасягнуў у 2007 годзе — 131,2 тыс. тон. Пазней аб’ёмы сапраўды пачалі скарачацца на фоне зніжэння квотаў Еўразвязу на вылаў рыбы. У 2025 годзе краіны Балтыі здабылі прыкладна на 40% менш кількі, чым у 2003-м. Але ў 2026 годзе квоту на яе вылаў павялічылі амаль напалову.

Гэтыя абмежаванні ўводзілі не для таго, каб дапамагчы рыбакам Іспаніі і Партугаліі прадаваць больш сардзін. Еўразвяз абмяжоўвае вылаў, каб не вычэрпваць рыбныя запасы. Пры гэтым скарачаўся і вылаў сардзін у саміх Іспаніі і Партугаліі: са 122,4 тыс. тон у 2003 годзе ён вырас да 152 тыс. тон у 2007-м, а затым знізіўся да 27,2 тыс. тон у 2019 годзе. У 2021-м дзве краіны вылавілі 55,4 тыс. тон.

Не забараняў Еўразвяз і Малдове вырабляць віно і каньяк. У 2025 годзе ў краіне вырабілі 137 млн літраў віна і больш за 3 млн літраў каньяку.

Назва «дывін», якую згадаў Ялфімаў, таксама не з’явілася праз абмежаванні ЕЗ. Малдаўскі каньяк пачалі называць дывінам яшчэ ў 1993 годзе — за 21 год да падпісання пагаднення аб асацыяцыі Малдовы з Еўразвязам.

*Назва дзяржавы — Рэспубліка Малдова, скарочана — Малдова. Форма «Малдавія» ўжывалася, у тым ліку ў савецкі час, аднак не адпавядае сучаснай афіцыйнай назве краіны. У артыкуле выкарыстоўваецца назва «Малдова», а «Малдавія» захаваная толькі ў наўпроставай цытаце.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць