Антыфэйк / фактчэк 24 верасня

«Дэградацыя адукацыі — агульнаеўрапейскі трэнд». Як на СТБ інтэрпрэтавалі вынікі тэсту PISA

Беларусь і Расея ў даследаванні не ўдзельнічалі.

Вядоўцы СТБ назвалі вынікі нямецкіх школьнікаў у тэсце PISA прыкметай сістэмнага крызісу, а зніжэнне паказнікаў у асобных краінах — агульнаеўрапейскім трэндам. Вынікі Нямеччыны сапраўды сталі найгоршымі за гісторыю яе ўдзелу ў даследаванні. Аднак спад закрануў большасць краін свету, а многія еўрапейскія ўдзельнікі засталіся вышэй або на ўзроўні сярэдняга паказніка развітых краін.

Кантэкст: Міжнароднае даследаванне PISA ацэньвае не столькі школьныя веды, колькі здольнасць 15-гадовых падлеткаў ужываць іх для развязання штодзённых задач. У апошнім даследаванні ўдзельнічалі больш за 760 тыс. школьнікаў з 91 краіны. Вынікі паказалі зніжэнне базавых навыкаў чытання, матэматыкі і прыродазнаўчых навук. Асабліва заўважна пагоршыліся навыкі працы з інфармацыяй: здольнасць правяраць яе, супастаўляць некалькі крыніцаў, адрозніваць аргументацыю ад сцвярджэнняў і крытычна чытаць тэксты.

9 верасня 2026 года ў навінах «24 гадзіны» на тэлеканале СТБ вядоўцы Юлія Алексяюк і Ігар Пазняк распавялі пра вынікі нямецкіх школьнікаў:

«Нямеччына, падобна, тут і цяпер закладае падмурак будучага сістэмнага крызісу. Нямецкія школьнікі прадэманстравалі самы нізкі ўзровень паспяховасці за ўсю гісторыю ўдзелу ў міжнародных параўнальных даследаваннях. <...> Краіна вяртаецца ў 2000-я гады, калі чвэрць школьнікаў не спраўлялася з базавай праграмай. Калі тады рэформы дапамаглі, то з 2015 года паказнікі ляцяць уніз без спынення. Сёння Нямеччыну па прыродазнаўстве абганяюць ужо 14 краін. На тым жа ўзроўні апынулася і Францыя», — распавяла Алексяюк.

Нямецкія школьнікі сапраўды паказалі найгоршыя вынікі за ўсю гісторыю ўдзелу краіны ў даследаванні. Аднак Нямеччына ўсё роўна застаецца ў верхняй частцы агульнага спісу — прыкладна на ўзроўні сярэдняга выніку сярод развітых краін.

Пры гэтым зніжэнне паказнікаў назіраецца не толькі ў Нямеччыне, Францыі або Еўропе. Вынікі пагоршыліся ў большасці краін свету, якія ўдзельнічалі ў PISA. Сярод прычынаў называюць рост ролі лічбавых тэхналогіяў і штучнага інтэлекту ў жыцці школьнікаў. Найбольш знізіліся вынікі па працы з тэкстамі і матэматыцы. Прыродазнаўчыя навукі, на якіх засяродзіліся ў навінах СТБ, пацярпелі менш.

Пазбегнуць агульнага спаду ўдалося толькі невялікай колькасці краін. Вынікі палепшылі Узбекістан, Чарнагорыя, Тайланд і Грузія, якія раней адставалі, а сярод ужо моцных удзельнікаў — Вялікая Брытанія, Турцыя, Літва і ЗША.

Сувядоўца Ігар Пазняк працягнуў тэму:

«Каб змагацца з гэтай праблемай, з верасня Францыя ўвяла забарону на мабільныя тэлефоны ў школах, аднак гэтыя лакальныя захады не здольныя спыніць больш глыбокі працэс. Дэградацыя адукацыі стала агульнаеўрапейскім трэндам. Іспанія, а разам з ёй і краіны Балканскага паўвострава не дацягнулі нават да сярэдняга ўзроўню Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця, паказаўшы слабыя вынікі па кожным з ключавых прадметаў».

Спецыялісты сапраўды гавораць пра крызіс еўрапейскай адукацыі, а першыя пазіцыі ў даследаванні займаюць азіяцкія ўдзельнікі — Кітай, Сінгапур, Японія і Карэя. Пры гэтым ад Кітаю ўдзельнічалі толькі чатыры эканамічна развітыя рэгіёны, таму іх паказнікі нельга лічыць сярэднім вынікам усёй краіны.

Але калі ацэньваць Еўропу ў цэлым, а не толькі выбраныя СТБ Іспанію і краіны Балканскага паўвострава, вынікі адрозніваюцца. Эстонія заняла 6-е месца, Фінляндыя — 12-е. Большасць краін Цэнтральнай Еўропы паказалі вынікі вышэй або на ўзроўні сярэдняга паказніка Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця, якая аб’ядноўвае пераважна развітыя эканомікі.

Беларусь, як і Расея, у апошнім даследаванні PISA не ўдзельнічала. Адзіны раз Беларусь удзельнічала ў ім у 2018 годзе і заняла 36-е месца з 79 па чытацкай пісьменнасці. Гэты вынік быў вышэйшы за сярэднесусветны, але ніжэйшы за сярэдні сярод развітых краін. Пры гэтым 36-е месца Беларусі тады назвалі годным вынікам, тады як цяперашняе 23-е месца Нямеччыны на СТБ выкарысталі як аргумент на карысць дэградацыі адукацыі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць