Антыфэйк / фактчэк 08 верасня

Першы савецкі камп’ютар стварылі ў Малдове? Што не так з версіяй блогера Саламона Бэрнштэйна

Камп’ютары ў СССР з’явіліся яшчэ ў пачатку 1950-х, а кішынэўскае прадпрыемства «Счетмаш» — толькі ў наступным дзесяцігоддзі.

У падкасце «ЧёЗа?» Першага інфармацыйнага тэлеканалу* блогер Саламон Бэрнштэйн заявіў, што першы камп’ютар у Савецкім Саюзе стварылі ў Малдове. Аднак першыя савецкія ЭВМ з’явіліся ў пачатку 1950-х гадоў: практычна адначасова і незалежна адно ад аднаго іх распрацоўвалі Сяргей Лебедзеў у Кіеве і Ісаак Брук у Маскве. Камп’ютарнае прадпрыемства ў Кішынэве з’явілася толькі ў пачатку 1960-х.

Кантэкст: З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Малдова зафіксавала больш за 60 выпадкаў залёту беспілотнікаў і ракет. Былі знойдзеныя рэшткі 25 дронаў і дзевяці ракет. Міністэрства абароны краіны заяўляе, што такія выпадкі адбываюцца ўсё часцей. 27 жніўня 2026 года, у Дзень незалежнасці Малдовы, пасля расейскіх паветраных атак па Украіне на тэрыторыю краіны заляцелі пяць беспілотнікаў. Да гэтага, 9 і 17 жніўня, дроны выбухнулі ў полі і ў лесе. Ніхто не пацярпеў.

Латвійскі блогер Саламон Бэрнштэйн, які пераехаў у Беларусь, у падкасце «ЧёЗа?» Першага інфармацыйнага тэлеканалу 20 жніўня 2026 года разважаў пра тое, што страціла Малдова з часоў СССР — напрыклад, кансервавую прамысловасць.

«Там першы камп’ютар у Савецкім Саюзе зрабілі, каб ты разумеў. Ты думаеш, у іх ёсць вытворчасць мікраэлектронікі?» — звярнуўся Бэрнштэйн да вядоўцы Аляксандра Хараўца.

У беларускіх дзяржмедыя распаўсюджвалі і іншую версію: першы камп’ютар у Савецкім Саюзе нібыта стварылі ў БССР. Мы ўжо разбіралі, чаму гэта не так.

Першыя савецкія ЭВМ з’явіліся ў пачатку 1950-х гадоў. Практычна адначасова і незалежна адно ад аднаго іх распрацоўвалі навукоўцы Сяргей Лебедзеў у Кіеве і Ісаак Брук у Маскве. У Малдаўскай ССР у гэты час яшчэ не існавала прадпрыемства «Счетмаш». Яно з’явілася ў Кішынэве толькі ў пачатку 1960-х і пасля гэтага сапраўды занялося распрацоўкай ЭВМ. Таму створаныя там камп’ютары ўжо не маглі быць першымі ў Савецкім Саюзе.

Кішынэўскае прадпрыемства ўвайшло ў гісторыю дзякуючы персанальнаму гульнявому камп’ютару «Вектор-06Ц». Для свайго часу ён адрозніваўся прасунутымі графікай і гукам і меў вялікі попыт. Аднак з’явіўся «Вектор-06Ц» толькі ў 1987 годзе і нават тады не быў першым савецкім хатнім камп’ютарам.

Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць