Кантэкст: 26 жніўня 2026 года Міністэрства клімату і энергетыкі Латвіі прапанавала абвясціць надзвычайную сітуацыю ва ўсходнім памежжы краіны ў сферах аховы здароўя, энергазабеспячэння і воднай гаспадаркі праз пагрозу эскалацыі вайсковых дзеянняў з боку Расеі. Пасля гэтага прэм’ер-міністр Латвіі заклікаў жыхароў не паддавацца паніцы і заявіў, што ўзровень вайсковай пагрозы нізкі. Міністр клімату і энергетыкі прызнаў фармулёўкі ведамства няўдалымі і патлумачыў, што неабходнасці ўводзіць надзвычайнае становішча няма. Ужо 27 жніўня праект распараджэння адклікалі.
1 верасня 2026 года ў рускамоўным Threads ананімны канал «Кассандра» паведаміў, што Расея нібыта сцягнула да межаў Латвіі і Эстоніі шматтысячную групоўку войскаў. Пост набраў амаль паўмільёна праглядаў.
«На восень нічога не плануй, будзем браць Прыбалтыку*. УС РФ сцягнулі да мяжы Латвіі і Эстоніі сотні штурмавых грузавікоў, а таксама сфармавалі новыя наступальныя дывізіі з наяўных там брыгад. Агульная колькасць новай арміі ад 50 000 да 80 000 салдат. Свежыя спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць скупнасць войскаў. Сцягванне тэхнікі выклікае ў NATO і прыбалтаў трывогу».
У пацвярджэнне аўтар поста прымацаваў спадарожнікавы фотаздымак вайсковага аб’екта. Аднак свежым здымак не быў: яго зрабілі ў 2025 годзе. Больш за тое, аб’ект знаходзіцца не каля межаў Латвіі або Эстоніі.

Крыніца: ананімны акаўнт «Кассандра» у Threads
На фотаздымку паказаныя змены ў гарнізоне Сапёрнае на Карэльскім перашыйку, прыкладна ў 70 км ад мяжы з Фінляндыяй. Гэты ж здымак паказалі летась на сайце фінскай тэлекампаніі Yle у публікацыі пра актыўнасць на расейскіх вайсковых аб’ектах паблізу фінскай мяжы.
Няма пацвярджэнняў і заяве пра групоўку колькасцю да 80 тыс. вайскоўцаў каля межаў краін Балтыі. У канцы жніўня камандуючы Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі Латвіі заявіў, што ўзмоцненай прысутнасці ўзброеных сілаў Расеі і Беларусі каля латвійскіх межаў няма. Інстытут вывучэння вайны таксама не фіксуе прыкметаў нарошчвання расейскіх сілаў у памежных з краінамі Балтыі раёнах. Перад поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну спадарожнікі фіксавалі расейскія прыгатаванні, а выведкі папярэджвалі пра сцягванне да ўкраінскай мяжы войскаў, узбраенняў і тэхнікі. Цяпер прыкметаў падобнай маштабнай актыўнасці каля межаў краін Балтыі няма.
*Тэрмін «Прыбалтыка» атрымаў шырокае распаўсюджанне ў савецкі час. Пасля аднаўлення незалежнасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі слова «Прыбалтыка» не выкарыстоўваецца ў афіцыйнай тэрміналогіі. Яго ўжыванне можна параўнаць з выкарыстаннем назвы «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яна сустракаецца ў мове, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлая. У артыкуле слова «Прыбалтыка» выкарыстоўваецца толькі ў наўпроставай цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «краіны Балтыі».