Кантэкст: У 2026 годзе ў Нямеччыне са спёкай звязаныя смерці каля 15 800 чалавек — гэта самы высокі паказнік за апошнія дзесяць гадоў, гаворыцца ў справаздачы Інстытуту імя Роберта Коха. Спёка адбілася і на эканоміцы: праз абмяленне рэк судны нельга загружаць цалкам, таму перавозчыкам даводзіцца рабіць больш рэйсаў, а дастаўка даражэе. Паводле прагнозаў, да канца года гэта можа звесці рост эканомікі Нямеччыны, які намеціўся, амаль да нуля.
18 жніўня 2026 года ў навінах «24 гадзіны» на тэлеканале СТБ паведамілі, што прадукцыйнасць працы ў Нямеччыне амаль у сем разоў ніжэйшая, чым 30 гадоў таму:
«Прадукцыйнасць працы ў Нямеччыне за больш чым 30 гадоў знізілася амаль у сем разоў — гэта адзін з найгоршых паказнікаў пасля аб’яднання краіны. Эксперты папярэджваюць: цяперашніх тэмпаў росту недастаткова для падтрымання ўзроўню дабрабыту, асабліва на фоне скарачэння насельніцтва. Каб кампенсаваць дэфіцыт працоўнай сілы, тэмпы росту прадукцыйнасці павінны павялічыцца больш чым у пяць разоў».
Насамрэч прадукцыйнасць працы ў Нямеччыне за 30 гадоў не знізілася, а вырасла. Паводле дадзеных Федэральнага статыстычнага ведамства Нямеччыны, з 1995 па 2025 год яна павялічылася на 35,4%.
Амаль у сем разоў знізілася не сама прадукцыйнасць працы, а тэмпы яе росту. У пачатку 1990-х прадукцыйнасць павялічвалася прыкладна на 2% за год, а апошнія шэсць гадоў — прыкладна на 0,3% штогод. Пры гэтым прадукцыйнасць працы ў Нямеччыне застаецца адной з самых высокіх у свеце. У 2025 годзе за адну гадзіну працы ў краіне стваралі прадукцыі на 80,5 міжнароднага долара. Гэта адпавядала 13–14-му месцу ў свеце.
Для параўнання, у Літве прадукцыйнасць складала $53,6 за гадзіну працы, у Польшчы — $48,8, у Латвіі — $45,3, у Расеі — $43,2, а ў Беларусі — $31,5. Такім чынам, беларускі паказнік быў амаль утрая ніжэйшы за нямецкі.
Што да скарачэння насельніцтва Нямеччыны, якое згадалі на СТБ: у 2025 годзе яно сапраўды зменшылася прыкладна на 110 тыс. чалавек, або на 0,1%. Аднак на больш доўгім адрэзку дынаміка іншая: за апошнія дзесяць гадоў насельніцтва краіны вырасла больш чым на мільён чалавек. У Беларусі за той жа перыяд назіралася адваротная тэндэнцыя: насельніцтва скарачалася і за дзесяць гадоў зменшылася на 440 тыс. чалавек.

Крыніца: Графіка — БРЦ