Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ

У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.

Вядоўца перадачы «Міхаэль едзе» заявіў, што ў Беларусі на 100 тысяч жыхароў прыпадае 5100 маладых валанцёраў, а ў Еўразвязе — усяго сем. Для такога параўнання блогер Міхаэль Альбрэхт запісаў у добраахвотнікі ўсіх сябраў БРСМ, хоць сама арганізацыя налічвае сярод іх толькі 40 тыс. валанцёраў. Еўрапейскую лічбу ў сем чалавек актуальныя дадзеныя таксама не пацвярджаюць.

20 жніўня 2026 года нямецкі блогер Міхаэль Альбрэхт, які пераехаў жыць у Беларусь, у перадачы «Міхаэль едзе» тэлерадыёкампаніі «Гомель» параўнаў беларускую моладзь з еўрапейскай і распавёў, як «бескарыслівая дапамога становіцца аб’яднаўчым трэндам». Альбрэхт заявіў, што ў Беларусі валанцёраў амаль у 900 разоў больш, чым у Еўразвязе:

«Калі палічыць, колькі валанцёраў прыпадае на 100 тысяч жыхароў у нас у Беларусі і колькі ў Еўразвязе, то розніца проста гіганцкая. Мяркуйце самі. На 100 тысяч беларусаў прыпадае 5100 маладых хлопцаў з БРСМ. А ў Еўразвязе на тыя ж 100 тысяч чалавек усяго 7 валанцёраў. Атрымліваецца, у нас актыўнай моладзі, гатовай дапамагаць людзям, амаль у 900 разоў больш, чым у краінах Еўразвязу. Ды і ўвогуле цяжка сабе ўявіць, як усяго 7 чалавек могуць рэальна дапамагчы цэлай сотні тысяч жыхароў».

Для разліку беларускага паказніка Альбрэхт фактычна прыраўняў сяброўства ў БРСМ да валанцёрства. У арганізацыі знаходзяцца каля 430 тыс. маладых людзей, але сам БРСМ налічвае ў сваіх шэрагах толькі 40 тыс. валанцёраў — менш за 10% усіх сябраў. Калі зыходзіць з колькасці валанцёраў, якую прыводзіць сам БРСМ, на 100 тысяч жыхароў Беларусі прыпадае каля 440 валанцёраў арганізацыі, а не 5100.

Не пацвярджаецца і другая частка параўнання — пра сем валанцёраў на 100 тысяч жыхароў Еўразвязу. Крыніцу гэтай лічбы Альбрэхт не назваў. Пры насельніцтве ЕЗ каля 450 млн чалавек такі паказнік азначаў бы, што ва ўсім Еўразвязе налічваецца толькі крыху больш за 30 тыс. валанцёраў — менш, чым толькі ў БРСМ. У пацвярджэнне сваіх слоў блогер паказаў даследаванне 2012 года. Аднак дадзеных пра сем валанцёраў на 100 тысяч жыхароў Еўразвязу ў ім няма.

Больш актуальнае еўрапейскае даследаванне 2024 года паказвае, што за папярэднія 12 месяцаў у працы валанцёрскіх арганізацыяў узялі ўдзел 17% апытанай еўрапейскай моладзі. Паводле прыблізных падлікаў, у маштабах ЕЗ гэта каля 13 млн маладых людзей. Калі пералічыць гэты паказнік тым жа спосабам, які выкарыстаў Альбрэхт, атрымліваецца каля трох тысяч маладых валанцёраў на 100 тысяч жыхароў, а не сем.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць