Кантэкст: 2 верасня 2026 года тэлеканал «Беларусь-РТР» паведаміў пра сустрэчу дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча з вяскоўцамі, якіх Аляксандр Лукашэнка адправіў на вайсковыя зборы. Усяго сабралі 500 чалавек з усёй краіны і падзялілі іх на дзве групы. Адну сфармавалі ў Віцебску і накіравалі патруляваць асабліва небяспечныя кірункі мяжы з Украінай, другая базуецца ў Слуцку. Менавіта з ёй сустрэўся Вальфовіч. Якія задачы выконвае гэтая група, ён не ўдакладніў, але паведаміў, што водгукі камандзіраў пра прызыўнікоў толькі станоўчыя.
28 жніўня ў праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё абмеркавалі вайсковую пагрозу з боку NATO і беларуска-кітайскія вучэнні, апошнія з якіх — «Імклівы арол – 2026» — прайшлі ў жніўні на тэрыторыі КНР. Эксперт у галіне міжнародных адносінаў Алег Кухальскі заявіў, што яны дэманструюць гатовасць Кітаю падтрымаць Беларусь у выпадку вайны.
«Нашы суседзі з краін NATO павінны разумець, што ў нас дастаткова магутны, а значыць, і прызнаны ва ўсім свеце саюзнік, які падчас гэтых вучэнняў дэманструе гатовасць падтрымаць нас у выпадку нейкай дастаткова складанай міжнароднай сітуацыі. Гэта ж зразумела: калі перакідваецца амерыканская, італьянская авіяцыя на аэрадромы краін Балтыі, пра што гэта нам кажа? Пра гатовасць гэтых краін у выпадку неабходнасці аказаць вайсковую дапамогу краінам Балтыі. Давайце казаць шчыра, але супольныя вучэнні з Кітаем кажуць дакладна пра тое ж».
Аднак становішча краін Балтыі і Беларусі ў гэтым выпадку адрозніваецца. Краіны Балтыі ўваходзяць у NATO. Удзельнікі альянсу падпісалі дамову, паводле якой кожная краіна абавязваецца аказаць дапамогу боку, які зазнаў напад.
Падобныя абавязанні ёсць у Беларусі і Расеі. У 2024 годзе краіны падпісалі дамову, якая прадугледжвае дапамогу адна адной у выпадку ўзброенага нападу або пагрозы такога нападу.
У Кітаю аналагічных абавязанняў перад Беларуссю няма. Краіны заключылі Дамову аб сяброўстве і супрацы, у якой Кітай абавязаўся падтрымліваць высілкі Беларусі па абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама выступаць супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы. Пра вайсковую дапамогу ў дамове не гаворыцца.
Для параўнання, у дамове аб сяброўстве і супрацы Кітаю з Паўночнай Карэяй наўпрост прапісана: калі на адну з краін нападуць, другая павінна неадкладна аказаць вайсковую і іншую дапамогу ўсімі наяўнымі сродкамі. Гэтую дамову Кітай падпісаў яшчэ ў 1961 годзе. Наколькі вядома, падобных абавязанняў перад іншымі краінамі ў яго няма. Сучасны Кітай таксама дэкларуе, што не ўдзельнічае ў вайсковых групоўках і блоках і не ўступае ў хаўрусы, а развівае партнёрскія адносіны.
Акрамя таго, Кітай праводзіць такія трэнаванні не толькі з Беларуссю. Напрыклад, у 2024 годзе амерыканскі бок налічыў 26 краін, з якімі супольна трэнавалася кітайская армія. Сярод іх быў Іран, які цяпер ваюе з ЗША. Кітай адкрыта не выступіў у яго абарону, хоць, паводле непацверджанай інфармацыі, таемна дапамагае Ірану ўзбраеннем. Таму супольныя вучэнні Беларусі і Кітаю не пацвярджаюць гатовасць Пекіну аказаць Менску вайсковую дапамогу ў выпадку вайны. У адрозненне ад абавязанняў унутры NATO або паміж Беларуссю і Расеяй, дамоўных гарантыяў такой дапамогі паміж Беларуссю і Кітаем няма.