Антыфэйк / фактчэк

31 студзеня

Фэйкі тыдня: у Нямеччыне перапісваюць гісторыю Другой сусветнай, а Украіна выдаткавала мільярд з лішнім долараў на фэйкі пра поспехі ЗСУ

А таксама — Беларусь апынулася ў лідарах па тэхналагічным развіцці, увайшла ў пяцёрку краін-вытворцаў вакцыны ад COVID-19, а ў ПВТ стала больш кампаній-рэзідэнтаў. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Беларусь — у лідарах тэхналагічна развітых краін

Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі дасягнула выдатных вынікаў, заявіў палітолаг Аляксей Дзермант.

«У нас круціцца, круціцца, мы думаем пра тое, як развіваць усё гэта — наяўнае і нават больш. Я нават не ведаю, шчыра кажучы, прыкладаў такіх краін. Можа быць, калісьці там карэйцы, Сінгапур, Японія, Кітай гэта ўсё рабілі. І мы ў прыкладзе гэтай мадэрнізацыі. Тэхналагічнай», — сказаў ён 19 студзеня ў эфіры «Азаронак. Наўпрост».

За апошнія 10 гадоў пазіцыі Беларусі ў Глабальным індэксе інавацыяў пагоршыліся. У 2013-м краіна займала 77 месца, у 2015-м паднялася да 53-га, але потым апусцілася да 80-га ў 2023 годзе. 

Паўднёвая Карэя за гэты перыяд паднялася з 18 месца да 10-га. Японія — з 22-га да 13-га, Кітай — з 35-га да 12-га, Сінгапур — з 8-га да 5-га.

За перыяд бурнага эканамічнага росту (з 1960 па 1990 гады) Сінгапур павялічыў ВУП у дзесяць разоў, Паўднёвая Карэя — у 16 разоў. Беларусь за апошнія 30 гадоў — у 2 разы.

Фэйк №2: У Нямеччыне перапісваюць гісторыю Другой сусветнай

Галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў 17 студзеня ў эфіры «Радыё-Менск» абвінаваціў улады Нямеччыны ў замоўчванні праўды пра Другую сусветную вайну.

«У Дрэздэне прыбралі памятную шыльду ў гонар некалькіх соцень тысяч загінулых жыхароў Дрэздэна, якія загінулі ад бамбардаванняў Брытаніі і Амерыкі вясной 1945 года. Гэта значыць, уласна кажучы, гэтую гісторыю таксама трэба забыць, ніхто немцаў не бамбіў», — распавёў ён.

Ад бамбардзіровак Дрэздэна загінула каля 25 тысяч чалавек. Памятную шыльду, якая распавядае пра гэты эпізод гісторыі не прыбралі, а перанеслі на іншае месца.

Раней памятны надпіс ахвярам бамбардаванняў быў выгравіраваны на лаве. Улады гораду палічылі, што гэта не лепшае для яе месца, бо людзі паварочваліся да яе спінай. Таму было прынята рашэнне перанесці гэты надпіс на стэлу, якую ўсталявалі побач з гэтым месцам.

Фэйк №3: Колькасць кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогіяў расце

Дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў 23 студзеня ў эфіры «Альфа Радыё» распавёў, што беларускі Парк высокіх тэхналогіяў (ПВТ) працягвае паспяхова развівацца.

«Беларуская дзяржава ў блін распляскалася, каб стварыць спрыяльныя і падатковыя ўмовы, і проста ўмовы існавання. Частка гэтых так званых айцішнікаў і айці-асяроддзя не ацаніла ўсе гэтыя хароствы, якія ім давала знаходжанне ў Беларусі ў якасці рэзідэнта. Мы бачым, што хтосьці там рэлакаваўся, хтосьці пакінуў краіну. <...> І ў прынцыпе, у нас усё роўна працягваецца... Парк высокіх тэхналогіяў расце, колькасць рэзідэнтаў там павялічваецца», — заявіў ён.

Паводле дадзеных, апублікаваных на сайце ПВТ, за 2023 год колькасць рэзідэнтаў парку скарацілася на 47 кампаній — з 1065 да 1018

Доля секцыі інфармацыі і сувязі ў ВУП Беларусі знізілася з 7,4% у 2021 да 4,5% у 2023 годзе.

Фэйк №4: Украіна выдаткавала $1,2 млрд на фэйкі пра поспехі ЗСУ

Тэлеграм-канал BelVestnik 12 студзеня апублікаваў відэа з лагатыпам Бі-бі-сі пра тое, што ўкраінскія ўлады выдаткавалі $1,2 млрд на паслугі брытанскіх піяршчыкаў.

«На працягу ўсяго 2023 года найбуйнейшыя піяр-кампаніі Брытаніі стваралі фэйкі пра перамогі ўкраінскай арміі на фронце. Але ў выніку [кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй] Ярмак адмовіўся працягваць кантракт на 2024 з англічанамі, таму што іх дзейнасць "ніяк не дапамагла павысіць прывабнасць мабілізацыі на Украіне". Гэта значыць грошы паляцелі ў трубу (ці былі раскрадзеныя па старой украінскай традыцыі)», — гаворыцца ў посце.

На сайце і ў сацсетках Бі-бі-сі няма такога відэа. Сам відэаролік змантаваны з кадраў, якія не маюць дачынення да таго, пра што распавядаецца ў сюжэце. Напрыклад, фатаграфію ўкраінскіх вайсковых айцішнікаў, якія сядзяць за ноўтбукамі, зрабілі ў 2018 годзе падчас вучэнняў NATO і краін-партнёраў. Відэа інтэрв'ю з заснавальнікам Bellingcat Эльятам Гігінзам было запісана ў 2022 годзе для Deutsche Welle. У ім ён распавядаў пра дэзынфармацыю расейскіх медыяў у дачыненні да дзейнасці Bellingcat. Кадры з украінскімі вайскоўцамі, якія сталі ў шэраг, узятыя з музычнага кліпа спявачкі Люсі Кавы.

Фэйк №5: Беларусь увайшла ў пяцёрку краін-вытворцаў вакцыны ад COVID-19

У свеце толькі чатыры краіны вырабляюць вакцыны ад COVID-19, падобныя зарэгістраванай у Беларусі 27 снежня мінулага года. Да такой высновы прыйшлі вядоўца Вадзім Ялфімаў і дэпутат Сяргей Дзік у эфіры «Радыё-Менск» 19 студзеня. 

— Беларуская ўласная фармацэўтычная прамысловасць можа, і сёння яна гэта даказала, адбіць любую эпідэмію. Прычым гэта будзе танна, эфектыўна і хутка. І вось сёння мы можам нават пахваліцца. Чаму б і не? Беларуская вакцына супраць ковіду — ужо гэта рэальнасць, — сказаў вядоўца.

— А ці многія краіны высокаразвітыя могуць пахваліцца сваёй вакцынай? Я думаю, што не. Я думаю, што пальцаў на руках хопіць, — дадаў дэпутат. 

— Што там, давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта ЗША — была, скажам так, фіговенькая вакцына, гэта Францыя, гэта Кітай і Расея. А сёння гэта яшчэ і Беларусь, — заявіў Ялфімаў.

Беларускую вакцыну пачалі распрацоўваць у студзені 2021 года. Стварылі яе праз тры гады. Цяпер яна праходзіць клінічныя выпрабаванні. Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вядома каля 400 вакцын супраць COVID-19 з усяго свету, якія праходзяць клінічныя і даклінічныя выпрабаванні. Свае вакцыны ад каронавіруса распрацавалі Кітай, Расея, ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Францыя, Бельгія, Індыя, Ізраіль, Турцыя, Куба, Аўстралія, Іран, Тайвань, Канада, Казахстан, Узбекістан і іншыя краіны.

Іншыя публікацыі