Антыфэйк / фактчэк

26 верасня

Павялічаць выдаткі на абарону, але скароцяць на сацыяльную сферу? Тры адрозненні афіцыйнай палітыкі Эстоніі ад заяваў на БТ

У Беларусі сярэдняя пенсія — каля 800 рублёў (каля €220), гэта значыць у 3,5 разы меншая за эстонскую.

Еўропа выдаткоўвае мільярды на вайну ва Украіне, а на сваіх грамадзянаў ёй напляваць, заявіў вядучы «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка і прывёў у прыклад Эстонію. Там сацыяльную сферу нібыта прынеслі ў ахвяру NATO. Каманда Weekly Top Fake знайшла тры істотныя нюансы, пра якія прамаўчаў Гусачэнка, распавядаючы пра змены ў краіне.

Пра маштаб крызісу ў Еўропе, мільярдныя выдаткі ЕЗ на падтрымку Украіны і новаўвядзенні ў сацыяльнай сферы Эстоніі вядоўца перадачы «Зразумелая палітыка» на «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка распавёў 16 верасня 2024 года:

«У ахвяру NATO [у Эстоніі] прынеслі сацыяльную сферу. Скарачаюцца дапамогі па доглядзе дзіцяці, памяншаюцца выплаты па бальнічным лісце. І не толькі».

Пасля гэтых словаў вядучага паказалі сюжэт, у якім закадравы голас распавёў:

«Улады адменяць дапамогу ў €200 пенсіянерам, якія пражываюць у доме састарэлых. Не ўбачаць і выплатаў за мужа, які знаходзіцца на ўтрыманні. Праз выдаткі на абарону таксама чакаецца павышэнне падаткаў. Пенсіянеры будуць губляць па адной пенсіі ў год. Многія неабароненыя катэгорыі грамадзянаў ужо да 2026 года пазбавяцца законных выплатаў».

У Эстоніі сапраўды павялічваюць выдаткі на абарону і плануюць скараціць выдаткі на выплаты розным катэгорыям грамадзянаў. Аднак змены закрануць не самых малазабяспечаных.

Да прыкладу, па догляду за дзіцяці знізіцца не дапамога ў цэлым, а яе верхняя мяжа. Гэтая выплата ў Эстоніі разлічваецца зыходзячы з памеру сярэдняй зарплаты аднаго з бацькоў, але не можа быць большая за тры сярэднія заробкі. Максімум на момант публікацыі складаў €4,7 тыс. Яго з 2026 года плануюць знізіць да двух сярэднямесячных заробкаў — гэта каля €3,5 тыс. Пры гэтым бацькам дазволяць працаваць і працягваць атрымліваць дапамогу.

Для параўнання, у Беларусі без выдаткаў на NATO памер дапамогі па доглядзе дзіцяці пачынаецца ад €220 на месяц. Максімум, які можна атрымаць у сувязі з гэтым пры пэўных абставінах, менш €400.

Тое ж у Эстоніі тычыцца і выплаты па бальнічным лісце. Яе памер — 70% ад сярэдняга заробку работніка. З 2026 года гэтая сума не можа быць большай за два сярэднія заробкі ў краіне — €3,5 тыс. У Беларусі заробак эквівалентны €3 тыс. атрымлівае прыкладна 0,5% насельніцтва.

Улады Эстоніі адменяць дапамогу ў €200 пенсіянерам, якія пражываюць у доме састарэлых. Гэтую суму плацілі адзін раз на год. Затое з 2023 года дзяржава ўзяла на сябе частковую аплату пражывання пенсіянера ў такіх дамах.

«Не ўбачаць і выплатаў за мужа, які знаходзіцца на ўтрыманні», — тут гаворка вядзецца аб аплаце медычнага страхавання, якое дзяржава брала на сябе.

Анансавалі ў Эстоніі і падвышэнне падаходнага падатку на 2%. Але пенсіянераў яно закране менш за ўсіх. У Эстоніі ёсць даход, які не абкладаецца падаткам. Для пенсіянераў ён вызначаны ў памеры €776. Гэтая сума практычна роўная сярэдняй пенсіі па краіне. Значыць у 2024 годзе сярэднестатыстычны пенсіянер падатак не плаціў. Калі пенсію ў 2025 годзе індэксуюць і яна перавысіць парог, які не абкладаецца падаткам, пенсіянерам давядзецца плаціць падатак ад сумы перавышэння. У сярэднім гэта €9,5 на месяц ці €114 на год.

У Беларусі сярэдняя пенсія — каля 800 рублёў (каля €220), гэта значыць у 3,5 разы меншая за эстонскую.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць