Аб катастрафічным падзенні прамысловасці ў еўразоне, у прыватнасці ў Ірландыі, вядоўца праграмы «Зразумелая палітыка» на «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка распавёў 16 верасня 2024 года:
«Антырэкорд па крутым піке пабіла Ірландыя. Аб'ём прамысловай вытворчасці за мінулы год абрынуўся на 34%».
Пасля ягоных словаў паказалі сюжэт, у якім закадравы голас працытаваў фрагмент матэрыялу расейскага інфармацыйнага рэсурсу Вaltnews за 29 снежня 2023 года:
«Атрымліваецца, краіна ўсяго за год пазбавілася траціны сваёй вытворчасці. Гучыць так, быццам вайсковыя дзеянні ідуць не ў іншай частцы кантыненту, а непасрэдна ў Дубліне. Але на жаль, гэта сумны факт, прамысловая вытворчасць ва ўсёй еўразоне паступова ідзе да скону».
У публікацыі аўтар Baltnews спасылаецца на Financial Times. Каманда WTF вывучыла матэрыял брытанскай дзелавой газеты і высветліла, што Baltnews пераказаў яго няправільна.
У першакрыніцы напісана, што буйныя тэхналагічныя і фармацэўтычныя кампаніі ЗША (Apple, Pfizer і падобныя) размясцілі свае офісы для правядзення міжнародных аперацыяў у Ірландыі, каб карыстацца больш нізкай стаўкай карпаратыўнага падатку — 12,5%. Прадукцыю яны нярэдка вырабляюць па кантрактах або гандлёвых пагадненнях у іншых краінах, часта азіяцкіх, дзе выдаткі на гэта меншыя. Аднак права на інтэлектуальную ўласнасць і даходы застаецца за іх ірландскімі дочкамі. Таму як толькі міжнародная дзейнасць такіх кампаніяў зніжаецца, гэта адбіваецца на вытворчых паказніках Ірландыі. Дадзеныя па краіне, якія вагаюцца кожны месяц, скажаюць статыстыку ўсёй еўразоны.
У кастрычніку 2023 года ў параўнанні з кастрычнікам 2022-га ў Ірландыі сапраўды ў прамысловай вытворчасці быў мінус 34%. Але ўжо ў снежні адносна снежня мінулага года зафіксавалі рэзкі рост — больш за 40%.
Статыстычнае агенцтва Ірландыі ў сваіх рэлізах папярэджвае, што дадзеныя трэба ацэньваць у доўгатэрміновай перспектыве, бо штомесячныя справаздачы паказваюць вялікія ваганні. Каб даваць больш аб'ектыўную статыстыку, ведамства робіць асобныя разлікі па сучасных і традыцыйных галінах вытворчасці.
Крывая сіняга колеру на графіцы вышэй — гэта так званы сучасны прамысловы сектар (хімічная, фармацэўтычная, кампутарная і электронная прамысловасці). За два гады паказнікі не раз значна падалі і ўзляталі.
Зялёная крывая — гэта традыцыйная прамысловасць, яна працуе без рэзкіх узлётаў і падзенняў.
Што насамрэч адбываецца з ірландскай прамысловасцю? Па выніках 2023 года паказнікі вытворчасці знізіліся амаль на 8%. Да гэтага было чатыры гады росту, які ў пікавыя моманты дасягаў 28% за год.
А ў еўразоне ў цэлым падзенне прамысловай вытворчасці было крыху больш за 2%, гэта значыць без крутога піке.