Амерыканскі журналіст Сеймур Херш публікуе расследаванне аб тым, як амерыканскія і нарвежскія спецслужбы ўзарвалі газаправод «Паўночны паток». А тым часам Вашынгтон спрабуе адцягнуць увагу сваіх грамадзян ад гэтага тэракту, сцвярджае на сваім канале БесагонТВ Мікіта Міхалкоў.

«Як адцягнуць грамадства ад жадання падрабязней разабрацца, што адбылося. З'яўляецца шар, як лічаць, кітайскага паходжання, які пралятае над Канадай, залятае ў Амерыку. Ці гэта іншапланецяне, ці гэта шарапагроза, ці гэта шар-шпіён — што гэта?

“Нам вядома аб заяве КНР. Аднак факт у тым, што мы ведаем, што гэта шар назірання”. 

І паступова ўся ўвага адыходзіць ад тэрарыстычнага акту, які здзейснены Злучанымі Штатамі не толькі нават супраць Расеі, а яшчэ і супраць свайго саюзніка па альянсе Нямеччыны, сыходзіць у гэты інфармацыйны шум».

Насамрэч, шары над Амерыкай пачалі лётаць яшчэ з пачатку лютага. Першы шар заўважылі 1-га лютага і праз тры дні збілі. А сваё расследаванне аб выбуху «Паўночнага патоку» Сеймур Херш апублікаваў толькі праз тыдзень. Варта таксама адзначыць, што яно складаецца з пераказу слоў усяго адной ананімнай крыніцы.

Сам Херш праславіўся расследаваннем аб тым, як ЦРУ сачыла за антываеннымі актывістамі. У 1970 годзе ён атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за расследаванне масавага забойства сотняў мірных жыхароў падчас вайны ў В'етнаме. Але яго пазнейшыя працы выклікалі крытыку ў расследавальніцкай супольнасці за канспіралагічныя тэорыі, заснаваныя на ананімных крыніцах.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Захад не дапамог Сірыі пасля землятрусу

Міністр абароны ЗША Лойд Осцін адправіўся ў турнэ па Блізкім Усходзе, каб абмеркаваць з Іарданіяй, Іракам, Егіптам і Ізраілем пагрозы, якія зыходзяць ад Ірана. А дэпутат беларускага парламента Алег Гайдукевіч заявіў на «Беларусь-1», што ЗША такім чынам імкнуцца расхістаць рэгіён. І нагадаў, як яны не сталі дапамагаць Сірыі пасля землятрусу. 

«А самае цынічнае, што мы павінныя яшчэ раз нагадаць, гэта землятрус у Турцыі і Сірыі. Вядома, тое, як яны зрабілі з сірыйскім народам, які ні ў чым не вінаваты, калі гэтых людзей проста не заўважылі, што ў іх нейкая бяда. Калі проста не паглядзелі і не аказалі ніякай практычна дапамогі. Замест гэтага мільярды долараў, мільёны, пайшлі зараз у Грузію разгайдаць, а не сірыйскім дзецям, якія паміралі пад заваламі. А дапамагла Беларусь, Расея. Кітай, я ведаю дапамагаў. Гэта значыць, тыя краіны, якія клапоцяцца пра мір ва ўсім свеце». 

Пра тое, што захад праігнараваў Сірыю гаварылі раней і на канале «Беларусь-1».

«Дапамогу пацярпелым у Сірыі аказваюць толькі некаторыя краіны - Іран, Расія, Беларусь, Кітай, ААЭ. Спіс не шырокі. Але гэтыя краіны, якія так дзіўна не ўваходзяць у кааліцыю паслугачоў Вашынгтона».

Гэта не праўда. На сайце МНС Беларусі ёсць адно паведамленне аб гуманітарнай дапамозе Сірыі - 12 лютага туды адправілі самалёт з 25 тонамі грузу. Таксама БелТА паведамляла аб адпраўцы туды ваенных медыкаў.

Егіпет паводле дадзеных на канец лютага прадаставіў Сірыі паўтары тысячы тон гуманітарнай дапамогі.

Цяпер у грошах. Кітай выдзеліў дапамогу на 4,4 млн долараў. Арабскія Эміраты - спачатку выдзелілі сірыйцам 50 млн даляраў, потым яшчэ 50. Гэта значыць, у суме 100 млн даляраў. Германія заявіла, што выдзяляе 50 млн еўра. Францыя — больш за 12

Структуры ЕС ужо выдзелілі 10 млн еўра на неадкладныя патрэбнасці Сірыі, і каля 12 млн на Турцыю. А 20 сакавіка ЕС правяла канферэнцыю донараў для арганізацыі далейшай дапамогі Турцыі і Сірыі — нешта накшталт той канферэнцыі, што праводзілі для збору дапамогі Украіне.

Вашынгтон заявіў, што выдзеліў 50 мільёнаў долараў для задавальнення неадкладных гуманітарных патрэб на поўначы Сірыі.

Дадатковая дапамога збіраецца праз міжнародныя структуры. ААН аб'явіў, што неабходны амаль 400 млн долараў і на дадзены момант сабрана больш за палову патрэбнай сумы.

Сірыйскі ўрад Башара Асада дазволіў выкарыстоўваць некалькі пагранічных пераходаў, каб правозіць міжнародную дапамогу ў раёны падкантрольныя сірыйскім паўстанцам, якія найбольш пацярпелі ад землятрусу. Вашынгтон у сваю чаргу на паўгода адмяніў санкцыі супраць уладаў Башара Асада на аперацыі, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў землятрусу.

Атрымліваецца, уклад Беларусі ў гэтым аб'ёме дапамогі - малапрыкметны, а амерыканцы - сярод лідэраў па прадастаўленні дапамогі сірыйцам.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Кітай апярэдзіў ЗША ў галіне штучнага інтэлекту на 50 гадоў

Пасля таго, як Кітай нядаўна агучыў сваю ініцыятыву глабальнай бяспекі, на канале «Мінск навіны» праўладны палітычны аналітык Аляксей Аўдонін заявіў, што ЗША ўжо не тыя і ўшчэнт прайгралі Кітаю гонку развіцця тэхналогій.

«Яны разумеюць, што ўжо ім прайгралі. Была публікацыя, калі падушыце, у канцы 21 гады, былы адмысловец Пентагона заявіў аб тым, што, да прыкладу, Кітай ужо апярэдзіў ЗША ў вобласці штучнага інтэлекту на 50 гадоў. Кажа, што мы ўжо проста адсталі ад іх так, што ніколі не дагонім». 

ЗША сапраўды зараз спаборнічаюць з Кітаем у тэхналагічнай гонцы - хто раней і лепш навучыцца выкарыстоўваць у вайне штучны інтэлект. Што да інтэрв'ю ў Financial Times галоўнага спецыяліста па праграмным забеспячэнні Пентагона — вось як яно насамрэч гучала

«Першы галоўны спецыяліст Пентагона па праграмным забеспячэнні заявіў, што падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць павольных тэмпаў тэхналагічных пераўтварэнняў ва ўзброеных сілах ЗША, а таксама таму, што не можа спакойна глядзець, як Кітай абганяе Амерыку. 

У сваім першым інтэрв'ю пасля сыходу з пасады ў Міністэрстве абароны тыдзень таму Нікаля Шаян сказаў Financial Times, што няздольнасць ЗША адказаць на кітайскія кібер- і іншыя пагрозы ставіць пад пагрозу будучыню яго дзяцей. 

"У нас няма ніякіх канкурэнтных шанцаў у барацьбе з Кітаем праз 15-20 гадоў. Цяпер гэта ўжо вырашанае пытанне; на мой погляд, усё ўжо скончана", — сказаў ён, дадаўшы, што ў яго ёсць "важкія прычыны для гневу"». 

Гэта значыць, ён не казаў, што ЗША адсталі ад Кітая на паўстагоддзя. Ён казаў, што пры цяперашніх тэмпах развіцця гэтай навукі ў ЗША праз 15-20 гадоў Кітай ужо будзе не дагнаць. 

Па словах эксперта, Кітай выйграе гонку, таму што прымушае свае IT-кампаніі супрацоўнічаць з урадам, а Гугл, напрыклад, супрацоўнічаць з амерыканскімі спецслужбамі не хоча. Таксама амерыканскі прагрэс запавольваюць этычныя абмежаванні на прымяненне зброі з падтрымкай штучнага інтэлекту. У Пекіна такой праблемы няма.

Міністр абароны ЗША тады заявіў, што Вашынгтон жадае ўзмацніць фінансаванне даследаванняў у вобласці штучнага інтэлекту, але не будзе ісці на этычныя кампрамісы. 

У гэтым годзе эксперты па-ранейшаму кажуць аб тым, што Кітай абганяе ЗША ў некаторых аспектах тэхналагічнай гонкі. Але не на паўстагоддзя, як кажа Аўдонін.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Украіна не мае ніводнай уласнай ваеннай распрацоўкі 

Пасля акту дыверсіі ў Мачулішчах галоўны рэдактар газеты «Мінскі Кур'ер» Кірыл Казакоў заявіў у эфіры «Радыё-Мінск», што ўкраінцы не могуць ваяваць сваімі сіламі - робаты са сваёй версіі выкарыстоўвалі кітайскія, аперацыю ім распрацоўвалі ангельцы і амерыканцы. І нават на полі бою яны не маюць сваёй уласнай зброі.

«На полі бою на ўсходзе Украіны ваюе натаўская тэхніка, няма ніводнай уласнай распрацоўкі "вялікай" краіны з тысячагадовай гісторыяй. Расейцы ж вызваляюць сваёй зброяй». 

Насамрэч, акрамя савецкай і заходняй зброі, Украіна ваюе і сваімі ўласнымі распрацоўкамі.

Ва ўкраінцаў ёсць свае ўласныя высокадакладныя супрацьтанкавыя сродкі «Стугна» і «Карсар», якія яны раней экспартавалі.

Таксама, у іх ёсць і бронеаўтамабілі «Казак», якія на 70% зроблены з кампанентаў і камплектуючых айчыннай вытворчасці. 

Па-трэцяе, украінскія кампаніі нарасцілі вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў. Толькі ў канцы мінулага года ВСУ прынялі ў эксплуатацыю сем узораў беспілотных лятальных апаратаў украінскай вытворчасці. 

Па-чацвёртае, у Украіны ёсць уласная рэактыўная сістэма залпавага агню «Альха». А зараз да яе распрацоўваюць ракеты, якія, паводле прагнозаў, змогуць паражаць цэлі далей, чым Хаймарс. 

Ну і, вядома ж, нельга не ўспомніць супрацькарабельны комплекс «Няптун», які праславіўся пасля ўдалага патаплення крэйсера «Масква» амаль год таму. 

Гэта супрацькарабельныя ракета ляціць на малой вышыні, падчас палёту можа манеўраваць. І акрамя марскіх знішчае і наземныя цэлі на далёкасці да 280 кіламетраў. 

Пра гэтую зброю Казакоў, як навасьнік, наўрад ці мог ня ведаць.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Украінскі чарназём распрадаюць за мяжу

Украінскі чарназём вывозяць за мяжу. Аб гэтым у пачатку лютага на сустрэчы з моладдзю заявіў Уладзімір Пуцін. Пасля гэтую тэму развілі расейскія і беларускія СМІ. 

Вось што напісаў аглядальнік «СБ.Беларусь сення» Андрэй Мукавозчык. 

«Пасля таго як слугі народа (парламент) прынялі, а слуга народа (гніда) падпісаў закон аб продажы зямлі, чарназём з Украіны вывозяць фурамі. Бо не ўсё яшчэ прададзена, панове, ой не ўсё». 

Доказаў гэтаму ён не прыводзіць. Але за пару дзён да з'яўлення калонкі Мукавозчыка ў СБ тая ж тэма ўсплыла ў праграме «Весцяў» на тэлеканале «Расія 24». І, у адрозненне ад Мукавозчыка, нават з нейкімі доказамі. 

«Паралельна з палёў знікае чарназём. Хто паклаў вока на галоўнае багацце Украіны? Раскажам у нашым сюжэце.

- Што за вываз і куды вываз?

- Мясцовыя жыхары ў здзіўленні: што ж гэта дзеецца? Хто, куды і навошта вывозіць пласт урадлівай глебы з Украіны? А адказ ляжыць на паверхні. Яго без працы можна знайсці ў сацсетках. Вось, напрыклад, польскі рабочы расказвае на сваёй старонцы чым ён займаўся цэлы тыдзень у Херсонскай вобласці. Без ведання польскай мовы па адным відэашэрагу не складана здагадацца: камандзіроўка ў незалежную была плённай».

Падчас гэтага гукавога шэрагу ў сюжэце дэманструецца некалькі відэа з Інтэрнэту. Вось толькі вываз чарназема з Украіны яны не пацвярджаюць, а наадварот сведчаць аб тым, што расійскае ТБ свядома падманвае сваіх гледачоў.

Першае відэа ўзята з ютуб-канала, які называецца Вадзім Гарабец. Там усяго 2 відэа. На першым ён сапраўды абураны тым, што фуры некуды перавозяць зямлю.

«Што за вываз і куды вываз?»,— Кажа ён. 

Але, дарэчы, на відэа бачна, што зямлю не загружаюць і вязуць, а наадварот прывозяць — вось момант выгрузкі. 

«Ну давай ужо выязджай, машынка. О, ты выгружаешся».

На другім відэа ён ужо тлумачыць, што адбываецца:

«Я жыхар вёскі Зялёнае. Еду зараз па дамбе. Фуры возяць чарназём з БЗК кар'ера. І вывозяць яго ў поле — засыпаюць звалку».

Гэта значыць, ён абураны тым, што мясцовым жыхарам абяцалі, што чарназём будзе заставацца на тэрыторыі кар'ера, а потым ім гэты кар'ер і засыпяць. А насамрэч зараз чарназёмам засынаюць звалку.

БЗК — гэта падобна Бяляеўскі абагачальны камбінат (Біляївський Збагачувальний Комбінат па-ўкраінску), які сапраўды мае кар'ер па здабычы кааліну каля вёскі Зялёнае Вольнянскага раёна Запарожскай вобласці.

Увогуле, высвятляецца, што ў гэтым відэа нічога не паведамляецца аб фактах вывазу чарназёму за межы Украіны.

Другое відэа, знятае нібыта польскім працоўным, здаецца, падробка. Па-першае, таму што тут не зафіксавана ніякіх фактаў вывазу чаго б там ні было — паказваюць проста набор розных планаў. А па-другое, мы знайшлі некаторыя кадры з яго на рускамоўным канале, які вядзе экскаватаршчык. І апублікаваў ён гэтае відэа ў красавіку 2022 года.

Глядзім сюжэт далей. 

«Працэс маштабнага вывазу чарназёму быў запушчаны постмайданнай уладай. Цяпер прапагандысцкія СМІ Кіеўскага рэжыму, вядома, маўчаць, але калісьці сюжэты, прысвечаныя гэтай праблеме, праслізгвалі на мясцовым тэлебачанні», — гаворыцца ў сюжэце «Весцяў» і дэманструюцца кадры ўкраінскага ТБ.

«З харкаўскіх палёў вывозяць чарназём. Нелегальны бізнэс прыносіць мільённыя даходы, падлічылі актывісты грамадскіх арганізацый». 

Уверсе тытр — Украіна 2016 год. Але насамрэч гэтае відэа знята яшчэ ў 2011 годзе і да постмайданнай улады не мае дачынення.

У сюжэце сапраўды гаворыцца аб бескантрольным зняцці ўрадлівага пласта зямлі. Але гэта ўнутрыўкраінская праблема. Аб экспарце чарназёму яны не казалі. 

«Рэкламныя газеты мільгаюць аб'явамі аб продажы чарназёму. Тэлефануем па адным з нумароў. Мэнэджар прапануе хоць сёння даставіць любую колькасць машын з зямлёй», — працягваюць «Весці».

Але тыя, хто вывозіць грунт за мяжу, не даюць аб'яву аб яго продажы ва ўкраінскія газеты. Так што сюжэты хоць і праслізгвалі на мясцовым украінскім тэлебачанні, але таксама не на тэму экспарту зямлі.

Атрымліваецца ўсе тры доказы сцвярджэння аб продажы ўкраінскага чарназёму за мяжу, аказаліся фэйкавымі.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі