Кантэкст: 19 жніўня 2026 года Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны паведаміла пра правядзенне аперацыі «Форэст Гамп» і выкрыццё групоўкі з дзейных і былых народных дэпутатаў і высокапастаўленых чыноўнікаў Офіса прэзідэнта. Расследаванне датычыцца легалізацыі грошай, якія ўнеслі ў якасці закладу за былога міністра энергетыкі і юстыцыі Германа Галушчанку. У чэрвені за яго ўнеслі 150 млн грыўняў — амаль €3 млн.
18 жніўня 2026 года вядоўца праграмы «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё Уладзімір Казакоў распавёў пра выдаткі заходніх краін на падтрымку Украіны, якія нібыта «карыстальнікі ахрысцілі “лахатронам па-еўрапейску”».
«Аналіз выдаткаў на аднаго жыхара ў суадносінах з сярэднімі заробкамі паказаў, што фінансавы цяжар размеркаваны вельмі нераўнамерна. Асноўны ўдар па ўзроўні жыцця ўзялі на сябе найменш багатыя краіны Еўразвязу. Так, Эстонія, Літва і Латвія трацяць на падтрымку Кіева сумы, супастаўныя з трацінай сярэдняга месячнага заробку сваіх грамадзянаў. Зразумела, гэта вымушае ахвяраваць сацыяльнай сферай. У той жа час самыя багатыя дзяржавы з магутным ВПК — тыя ж ЗША, ну і, калі мы гаворым пра Еўразвяз, Нямеччына і Францыя — у адсоткавым выражэнні аддаюць у разы менш», — заявіў вядоўца.
Днём раней, 17 жніўня, гэтую ж інфармацыю апублікавалі ў тэлеграм-канале «Невальфовіч». У посце прывялі табліцу з аб’ёмам дапамогі Украіне ў пераліку на аднаго жыхара і параўнаннем атрыманай сумы з сярэднім месячным заробкам у кожнай краіне.
Напрыклад, для Эстоніі ў табліцы пазначана €688 на чалавека, або каля 32% сярэдняга месячнага заробку ў €2100-2150. Для Нарвегіі — €1909 на чалавека пры заробку каля €5700-5900, то бок 32-33%. Для Літвы дапамогу ацанілі ў €549 на чалавека, або 22-24% сярэдняга заробку, а для Латвіі — у €348, або каля 19%.
Дадзеныя пра аб’ёмы дапамогі Украіне ўзялі з даследавання Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі. У падлік увайшла не толькі вайсковая, але таксама фінансавая і гуманітарная дапамога — то бок ад зброі да крэдытаў і прадуктаў харчавання.
Аднак параўнанне гэтых сумаў з месячным заробкам стварае ілжывае ўражанне пра перыяд выдаткаў. Са слоў Казакова можна зрабіць выснову, нібыта, напрыклад, жыхары Эстоніі кожны месяц аддаюць на падтрымку Украіны суму, якая адпавядае прыкладна траціне сярэдняга заробку. Насамрэч прыведзеныя выдаткі назапасіліся за гады вайны — з 2022 па 2026 год, то бок за 53 месяцы. Калі размеркаваць дапамогу Эстоніі на гэты перыяд, за адзін месяц атрымаецца каля €13 на аднаго жыхара. Гэта прыкладна 0,6% сярэдняга месячнага заробку, а не траціна.
Не пацвярджаецца на прыкладзе Эстоніі і сцвярджэнне, што дапамога Украіне вымушае ахвяраваць сацыяльнай сферай. За чатыры з паловай гады краіна патраціла на падтрымку Украіны крыху больш за €1 млрд, тады як на сацыяльныя выдаткі за той жа перыяд запланавала прыкладна ў 40 разоў больш.
Акрамя таго, сацыяльныя выдаткі Эстоніі не скарачаліся, а штогод павялічваліся. Сукупныя планаваныя выдаткі па кірунках «Дабрабыт», «Здароўе» і «Разумны і дзейны народ» выраслі з €7,283 млрд у 2022 годзе да €8,652 млрд у 2023-м, €8,887 млрд у 2024-м і €9,472 млрд у 2025-м. На 2026 год прадугледжана €9,74 млрд.
Яшчэ больш заўважная розніца ў выпадку Нарвегіі. За разгляданы перыяд краіна накіравала на дапамогу Украіне €11 млрд, а на ўласную сацыяльную сферу — больш за €600 млрд.


Праект рэалізуецца пры суфінансаванні Еўрапейскага звязу. Выказаныя погляды і меркаванні належаць выключна аўтарам і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю Еўрапейскага звязу ці Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па пытаннях аховы здароўя і лічбавых тэхналогіяў (HADEA). Ні ЕЗ ні орган, які прадставіў фінансаванне, не нясуць за іх адказнасці.