Антыфэйк / фактчэк 21 верасня

Мільён гектараў за два месяцы? Як у «Клубе рэдактараў» раздалі ўкраінскую зямлю замежнікам

У эфіры News.by дадзеныя амаль за пяць гадоў прыпісалі першым двум месяцам 2026 года, а ўсіх пакупнікоў ператварылі ў замежнікаў.

У праграме «Клуб рэдактараў» заявілі, што пасля прыняцця закону аб множным грамадзянстве замежнікі пачалі масава скупляць украінскую сельскагаспадарчую зямлю і толькі за першыя два месяцы 2026 года набылі больш за 1 млн га. Аднак гэтая лічба ахоплівае амаль пяць гадоў — з адкрыцця рынку зямлі ў ліпені 2021 года да сакавіка 2026-га. За студзень і люты 2026 года прадалі каля 40 тыс. га, пры гэтым замежнікам купляць сельгасземлі ва Украіне забаронена.

Кантэкст: Расейскія ўдары працягваюць разбураць лагістычную інфраструктуру Украіны. Паводле ацэнкі саўладальніка ўкраінскіх сетак Varus і EVA Руслана Шостака, з пачатку поўнамаштабнай вайны да верасня 2026 года расейскія бамбардаванні знішчылі каля 40% складскіх памяшканняў краіны. Украінскія дроны таксама наносілі ўдары па расейскай лагістычнай інфраструктуры: у Wildberries выбылі каля траціны плошчаў, у Ozon — каля 12%. Расейскім прадпрымальнікам, тавары якіх пацярпелі пасля гэтых атак, з 11 верасня пачалі выдаваць льготныя крэдыты для папаўнення абаротных сродкаў.

4 верасня 2026 года ў праграме «Клуб рэдактараў» на Першым інфармацыйным канале* зноў абмяркоўвалі продаж украінскіх земляў. Генеральны дырэктар агенцтва «Менск-Навіны» і старшыня праўлення Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў спаслаўся на расследаванне расейскай дзяржаўнай медыясеткі RT і заявіў, што за першыя два месяцы 2026 года замежнікі купілі ва Украіне больш за 1 млн га зямлі:

«Узрушальнае расследаванне RT правяло ва Украіне і высветліла, што за апошнія два месяцы, дакладней, за першыя два месяцы 2026 года ўлады Украіны распрадалі больш за 1 млн гектараў чарназёму замежнікам. Прычым прадалі, часцей за ўсё куплялі гэтую зямлю ў тых рэгіёнах, якія блізкія да лініі фронту. А значыць, цана на гэтую зямлю значна ніжэйшая за любую рынкавую».

Крывашэеў звязаў гэтыя продажы з законам аб множным грамадзянстве:

«Першапачаткова абяцалі, што не грамадзяне Украіны не змогуць купляць украінскую зямлю ў прамысловых маштабах. Прычым нават усталявалі невялікі, параўнальна невялікі пай — 10 тысяч гектараў — гэта максімальны пай, які можна было сельгасземляў купіць. Але ў студзені 2026 года набыў моц закон аб множным грамадзянстве, і цяпер грамадзяне Нямеччыны, Швейцарыі, Канады і любой іншай краіны свету, акрамя Расеі і Беларусі, маюць права прыйсці, атрымаць украінскі пашпарт па спрошчанай працэдуры і па гэтым пашпарце атаварыцца зямлёй, чым яны і карыстаюцца».

Лічба ў 1 млн га адносіцца не да студзеня і лютага 2026 года. Паводле афіцыйных дадзеных Дзяржгеакадастру Украіны, гэта плошча сельгасземляў, прададзеных з ліпеня 2021 года, калі быў зняты мараторый на іх продаж, па сакавік 2026-га. То бок Крывашэеў статыстыку амаль за пяць гадоў выдаў за вынік двух месяцаў. Пры гэтым Дзяржгеакадастр не паведамляў, што гэтыя землі набылі замежнікі. Паводле ўкраінскага заканадаўства замежнікі ўвогуле не могуць купляць сельскагаспадарчыя землі.

За першыя два месяцы 2026 года ва Украіне прадалі каля 40 тыс. га сельгасземляў. З іх 25 тыс. га набылі фізічныя асобы, астатняе — юрыдычныя асобы. Рэзкага росту продажаў пасля прыняцця закону аб множным грамадзянстве таксама не адбылося. За тыя ж два месяцы 2025 года прадалі 37 тыс. га — толькі крыху менш, чым у студзені і лютым 2026-га.

Закон аб множным грамадзянстве сапраўды дазваляе замежніку стаць грамадзянінам Украіны, захаваўшы грамадзянства іншай краіны. Атрымаўшы ўкраінскае грамадзянства, чалавек набывае і права купляць сельгасземлі. Аднак атрымаць грамадзянства за два месяцы толькі дзеля куплі зямлі не атрымаецца. Замежніку неабходна пражыць ва Украіне не менш за пяць гадоў. Сярод іншых падставаў — год службы па кантракце падчас ваеннага становішча або асаблівыя заслугі перад Украінай, што наўрад ці можа стаць масавым спосабам атрымання грамадзянства дзеля набыцця зямлі.

Ва Украіне таксама абмяркоўваюць абмежаванні для новых грамадзянаў. На восеньскай сесіі парламенту плануюць разгледзець магчымасць забараніць ім купляць сельгасземлі на ўвесь перыяд ваеннага становішча і яшчэ 15 гадоў пасля яго адмены.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць