Антыфэйк / фактчэк 20 верасня

Збожжа для немцаў і французаў падаражэе ўтрая? Сыракваш транзітнае мыта Латвіі ператварыў у пагрозу еўрапейскім цэнам

За апошні сезон на Расею і Беларусь прыпала толькі 0,06% збожжа, імпартаванага Еўразвязам.

Вядоўца праекту «Вострая палітыка» Цімафей Сыракваш заявіў, што праз 300-адсоткавае мыта Латвіі на збожжа з Расеі і Беларусі цэны для пакупнікоў у Нямеччыне і Францыі вырастуць утрая. Але гаворка ідзе пра мыта на транзіт праз Латвію, а не пра трохразовы падатак на збожжа для еўрапейскіх пакупнікоў. Больш за тое, расейскае і беларускае збожжа займае нязначную долю імпарту ЕЗ.

Кантэкст: У верасні 2026 года Нямеччына абвясціла пра высылку расейскіх дыпламатаў, не назваўшы іх дакладную колькасць і ўдакладніўшы толькі, што гаворка ідзе пра двухзначны лік. 10 верасня расейскі бок заявіў, што Нямеччыну пакінуць 150 дыпламатаў і сябраў іх сем’яў. Берлін прыняў такое рашэнне пасля інцыдэнту ў аэрапорце Лейпцыга: на пачатку жніўня побач з украінскім вайскова-транспартным самалётам выявілі беспілотнік з выбухоўкай, яшчэ адзін дрон знайшлі непадалёк ад аэрапорту; меркавалася, што беспілотнікаў магло быць тры. Нямецкія ўлады заявілі, што за інцыдэнтам стаіць Расея. Паводле дадзеных СМІ, у аднаго з меркаваных выканаўцаў быў беларускі пашпарт, у другога — пашпарты Латвіі і Расеі. Нямеччына таксама закрывае расейскае генконсульства ў Боне і «Рускі дом» у Берліне, а Расея ў адказ абвясціла пра закрыццё нямецкага консульства ў Санкт-Пецярбургу і Інстытуту Гётэ. На гэтым фоне на пачатку верасня Латвія анансавала 300-адсоткавае мыта на транзіт збожжавых з Расеі і Беларусі.

11 верасня 2026 года вядоўца праекту «Вострая палітыка» на ютуб-канале «Палітыка. Менская праўда» Цімафей Сыракваш заявіў, што праз новае латвійскае мыта збожжа для пакупнікоў у Нямеччыне і Францыі стане ўтрая даражэйшым:

«Латвія ўвядзе 300% мыта на збожжа з Расеі і Беларусі, паведаміў іх прэм’ер. Нібыта санкцыі гучаць жорстка, але нагадваю, што насельніцтва Латвіі прыкладна роўнае насельніцтву Казані. Так што падобныя пагрозы гучаць асабліва смешна. Пры ўмове, што збожжа патрэбнае тым жа Нямеччыне і Францыі, я пагляджу, як латышы будуць тлумачыцца, чаму цяпер збожжа каштуе ў тры разы даражэй для пакупніка. Ніхто ж не разлічвае, што кошт застанецца той самы, або ўжо такі ўзровень аналітыкі ў прыбалтаў, што яны не вераць, што мы вырашым атрымаць выгаду ад нашых продажаў».

Аднак Латвія плануе увесці мыта не на продаж збожжавых еўрапейскім пакупнікам, а на іх транспартаванне праз сваю тэрыторыю. Яго задача — зрабіць транзіт расейскага і беларускага збожжа праз Латвію значна даражэйшым. Такі захад прапанавалі пасля рэзкага росту патоку расейскага збожжа ў латвійскія парты, адкуль яго адпраўляюць на экспарт. Гэта адбылося пасля таго, як праз дзеянні Украіны Расеі стала складаней экспартаваць збожжа праз Чорнае мора. Павялічыўся і паток збожжа з Беларусі. Пры гэтым значная яго частка можа мець не беларускае паходжанне, а быць вывезеная з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў.

На кошт збожжа ў Францыі і Нямеччыне такое мыта істотна паўплываць не можа праз аб’ёмы паставак. За сезон 2025/2026 Францыя імпартавала з Беларусі толькі 40 тон збожжавых, а з Расеі — сем тон. Разам гэта каля 0,07% усяго французскага імпарту збожжа.

У Нямеччыне доля збожжа з Беларусі і Расеі вышэйшая, але разам гэтыя дзве краіны забяспечваюць каля 1% усяго збожжавага імпарту.

Падобная карціна і ў Еўразвязе ў цэлым. За апошні сезон ЕЗ імпартаваў амаль 27,5 млн тон збожжа. На Беларусь і Расею разам прыпала толькі 0,06% гэтага аб’ёму. Найбуйнейшым пастаўшчыком была Украіна — амаль 10 млн тон, то бок больш за траціну імпарту. За ёй ішлі ЗША, Канада і Бразілія.

Раней Расея пастаўляла у ЕЗ сотні тысяч і нават мільёны тон збожжа (максімум за апошнія 10 гадоў прыпаў на сезон 2015—2016 з 1,92 млн тон, мінімум — на 2024—2025 з 5,4 тыс. тон), а пастаўкі з Беларусі вылічаліся дзясяткамі тысяч тон. Але з ліпеня 2024 года Еўразвяз увёў загараджальнае мыта на большую частку збожжавых, пасля чаго імпарт рэзка скараціўся. За кожную тону звычайнай пшаніцы неабходна дадаткова заплаціць €95. Пры цяперашнім кошце расейскай пшаніцы такое мыта павялічвае яе цану прыкладна ў паўтара разу.

Такім чынам, латвійскі захад скіраваны перадусім супраць транзіту расейскага і беларускага збожжа праз парты краін Балтыі для далейшага экспарту. Расейскае і беларускае збожжа ўжо займае настолькі невялікую долю еўрапейскага імпарту, што ніяк не можа справакаваць трохразовы рост цэн для пакупнікоў у Францыі і Нямеччыне.

*Тэрмін «Прыбалтыка» атрымаў шырокае распаўсюджанне ў савецкі час. Пасля аднаўлення незалежнасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі слова «Прыбалтыка» не выкарыстоўваецца ў афіцыйнай тэрміналогіі. Яго ўжыванне можна параўнаць з выкарыстаннем назвы «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яна сустракаецца, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлая. У артыкуле слова «Прыбалтыка» выкарыстоўваецца толькі ў цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «краіны Балтыі».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць