Антыфэйк / фактчэк

23 снежня 2024

Вядоўца Ціхамірава прыпісала лішнія нулі да сумы, выдзеленай судом на расследаванне злачынстваў Пуціна

На расследаванне па Палестыне Міжнародны крымінальны суд сапраўды вылучыў менш за €1 млн.

Міжнародны крымінальны суд нельга лічыць справядлівым, таму што ён атрымаў мільярды еўра за выдачу ордара на арышт Уладзіміра Пуціна, заявіла вядоўца news.by Кацярына Ціхамірава. Каманда Weekly Top Fake знайшла лішнія нулі ў яе падліках. 

Аб перадузятасці Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) вядоўца news.by Кацярына Ціхамірава разважала ў эфіры праграмы «Кацюшын разлік» 12 снежня 2024 года.

«Фактычна краіны-донары МКС выступаюць замоўнікамі яго расследаванняў. Напрыклад, у свеце сёння два бушуючыя канфлікты — Украіна і Блізкі Усход. <...> На расследаванне па Палестыне МКС вылучыў у 2023 годзе €944 тысячы, па Украіне — €4,5 мільярда. МКС пастараўся і выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. І адразу атрымаў яшчэ сродкі ад донара — Вялікай Брытаніі — дадатковыя €5 мільёнаў», — падлічыла Ціхамірава.

На расследаванне па Палестыне Міжнародны крымінальны суд сапраўды вылучыў менш за €1 млн. Гэта паказана ў яго праекце бюджэту на 2023 год. Там жа напісана, што на расследаванне ваенных злачынстваў ва Украіне было закладзена €4,5 мільёна, а не мільярда, як паведаміла Ціхамірава. 

Суд займаўся расследаваннямі злачынстваў не толькі ў рамках гэтых двух канфліктаў, але яшчэ вёў следства ў Афганістане, Бангладэшы, Бурундзі — усяго ў дзясятку краін.

Ордар на арышт Уладзіміра Пуціна МКС выдаў 17 сакавіка 2023 года. Пасля гэтага Вялікая Брытанія не пералічвала суду дадатковыя $5 млн. Затое Лондан быў месцам, дзе прайшла міжнародная канферэнцыя, на якой краіны-ўдзельніцы сабралі амаль $5 млн для падтрымкі далейшай працы Міжнароднага крымінальнага суда ва Украіне. 

Канферэнцыя прайшла праз некалькі дзён пасля рашэння аб выдачы ордара. А ўзнос самой Вялікай Брытаніі з гэтых $5 млн склаў крыху больш за $1 млн. На расследаванне магчымых злачынстваў у Палестыне адна толькі Бельгія ў 2023 годзе выдзеліла суду €5 млн.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Беларускае прадпрыемства пахвалілася, што яго пажарныя лесвіцы лепшыя за нямецкія. Параўналі іх характарыстыкі
Антыфэйк / фактчэк

Беларускае прадпрыемства пахвалілася, што яго пажарныя лесвіцы лепшыя за нямецкія. Параўналі іх характарыстыкі

Пажарную машыну з лесвіцай беларускай вытворчасці Аляксандру Лукашэнку паказалі падчас экскурсіі па заводзе «Пажснаб» у Барысаве.

24 снежня 2024 Чытаць
Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ
Антыфэйк / фактчэк

Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ

Вернер фон Браўн сапраўды працаваў на Трэці Рэйх, ён распрацаваў ракету V-2 — папярэдніцу амерыканскіх і савецкіх міжкантынентальных балістычных ракет.

20 снежня 2024 Чытаць