Спецыяльна для Алены Радоўскай нагадаем, што вясёлкавы сцяг – гэта не толькі сімвал ЛГБТ

Ва Украіне сталі спальваць праваслаўныя цэрквы, таму што Папа Рымскі адобрыў чаканку манет у гонар азоўцаў. Гэта распавёў у эфіры перадачы «Кропка Зроку» Алене Радоўскай Мікалай Шчокін, якога дзяржаўныя СМІ называюць філосафам і сацыёлагам.

М. Шчокін: Паглядзіце, як Папа Рымскі апошнім часам пачаў выказвацца.

А. Радоўская: І які ён крыж на сябе павесіў, бачылі? ЛГБТ.

М. Шчокін: Ён нават ухваліў чаканку срэбных манет у гонар азоўцаў. Будзем казаць адкрыта. Пасля гэтага, дарэчы, сталі спальваць цэрквы праваслаўныя на тэрыторыі Украіны.

Прэс-служба Ватыкана лічыць, што манеты прысвечаны свету ва Украіне, і называе гэта спосабам «далучыцца да заклікаў спыніць зброю і вярнуцца да дыялогу».

На самой манеце няма ні Азова, ні азоўцаў. На адным баку медаля намалявана сям'я, якая ўцякла з разбуранага гораду, з адным чамаданам. Дзіця трымае ў руках мяккую цацку. Уверсе слова «свет» напісана на латыні кірыліцай. На адваротным баку намаляваны голуб свету з аліўкавай галіной над імем і гербам Папы Францішка, а таксама частка малітвы, якую ён прачытаў у імя міру ва Украіне. 

Манета каштуе 50 еўра, а ўсе атрыманыя ад яе продажу грошы пойдуць на дабрачыннасць на карысць украінскага народу. Дзе Шчокін убачыў азоўцаў, засталося загадкай.

А зараз пра Крыж ЛГБТ, які, на думку Алёны Радоўскай, павесіў на сябе Папа Рымскі. Сапраўды можна знайсці фота Папы Рымскага з двума крыжамі на грудзях, адзін з якіх рознакаляровы.

Аднак ён не мае нічога агульнага з ЛГБТ-суполкай. У 2018 годзе Папа Рымскі сустрэўся з моладдзю з Лацінскай Амерыкі, якія і ўручылі яму гэты крыж. Ватыкан на сваёй старонцы ў Twitter тады нават спецыяльна тлумачыў, што азначае гэты рознакаляровы крыж.

«Колеры крыжа, перададзенага сёння Папу, прадстаўляюць розныя рэгіёны лацінаамерыканскай моладзевай царквы. Зялёны: Мексіка і Цэнтральная Амерыка. Жоўты: Карыбскі басейн. Чырвоны: рэгіён Анд. Блакітны: рэгіён Паўднёвага конусу», - гаворыцца ў заяве Ватыкана.

На сайце Лацінаамерыканскай каталіцкай моладзі таксама можна прачытаць, што колеры яшчэ нагадваюць экасістэмы Лацінскай Амерыкі – там ёсць джунглі, вулканы, пляжы і мора. Пра падтрымку ЛГБТ-супольнасці не ідзе і гаворкі. Тым больш, што вясёлкавы сцяг ЛГБТ мае некалькі іншы парадак колераў.

Спецыяльна для Алены Радоўскай нагадаем, што вясёлкавы сцяг – гэта не толькі сімвал ЛГБТ. У Італіі ён зʼяўляецца сімвалам свету, а ў Перу гэта сцяг гораду Куска. Больш за тое, лічыцца, што гэта быў сцяг імперыі інкаў. Так што не ўсё тое ЛГБТ, што вясёлкавае.

І ўвогуле няма нічога дрэннага ў падтрымцы ЛГБТ-суполкі.

Цэны на бензін у Венгрыі падаюць, у той час як у астатнім ЕС - растуць

У ЕС, з-за сварак з Расіяй, рэзка падаражэла паліва. За выключэннем тых краін-членаў, якія сябруюць з Масквой насуперак афіцыйнай пазіцыі саюза. У такіх еўрапейскіх сяброў Расіі кошты на паліва, наадварот, падаюць. Аб гэтым заявіў вядучы выніковай праграмы «Контуры» на тэлеканале ОНТ Ігар Пазняк.

«Сярод антылідэраў Польшча, якая дэманстратыўна адмовілася купляць расейскі газ за рублі і паплацілася за гэта яго недахопам. Тут зараз заправіць бак напалову даражэй, чым яшчэ на пачатку лютага. Прыкметна накладней зараз сесці за руль па ўсёй Прыбалтыцы. У Аўстрыі і Іспаніі, як зрэшты, і ў іншых краінах ЕС. А вось у Венгрыі наадварот зніжэнне коштаў на бензін. Прычына відавочная ва ўзважанай энэргапалітыцы. І пакуль Брусель спрабаваў прымусіць Будапешт адмовіцца ад блакіроўкі эмбарга на нафту, усе еўрасуседзі прыязджалі сюды запраўляць аўто за бясцэнак. Аднак лавачку гэтую хутка прыкрылі».

Гэта значыць вядучы тлумачыць, што кошты на бензін у Венгрыі не падвышаюцца так моцна, як у суседзяў, дзякуючы яе ўзважанай энергапалітыцы - яна адмовілася ад эмбарга на нафту з Расіі. А ў тых, хто выступае за эмбарга, як Польшча, кошты не бензін наадварот растуць хутчэй. Пасыл - з Расіяй выгадна сябраваць. 

Насамрэч, прычына, чаму ў Венгрыі не растуць кошты на бензін, адна - там увялі дзяржаўнае рэгуляванне кошту паліва. Яшчэ ў лістападзе 2021 года ўрад устанавіў гранічны кошт для 95-га бензіну і дызеля на ўзроўні 480 венгерскіх форынтаў за літр. Гэта 1,2 эўра. І з таго часу афіцыйны Будапешт перыядычна падаўжае гэтае рашэнне. Апошні раз - 1 ліпеня на тры месяцы. З лістапада дзяржцана на паліва там не мянялася.

Аднак з траўня па гэтым кошце могуць запраўляцца толькі машыны на венгерскіх нумарах. Для замежных аўто ўвялі рыначныя цэны - зараз гэта 760 форынтаў за 95-ы бензін - гэта значыць 1,9 еўра за літр. Што азначае рост на 58 працэнтаў.

Гэта значыць, у Венгрыі фактычна дзейнічаюць дзве цаны на бензін. І з дзяржаўнай ужо ўзнікаюць праблемы. АЗС уводзяць абмежаванні ў 50 літраў на адну запраўку. Або бензіну па дзяржкошце можа не быць на АЗС. І тады нават вугорцам даводзіцца запраўляцца па рынкавых коштах.

Так што сцвярджэнне, што кошт на паліва ў Венгрыі вырас усяго на 7% - гэта няпраўда. Як і тое, што адбылося гэта дзякуючы сяброўству з Расеяй. 

Дарэчы, пра ўзважаную энергетычную палітыку ў дачыненні да Расіі. У сяброўскай Беларусі з лютага 95-ы бензін падаражэў на 17% - быў 2 рублі 10 капеек, стаў 2 рублі 46 капеек. А ў Італіі, якая падтрымала санкцыі, за гэты ж час - усяго на 14% - у пачатку лютага літр бензіну каштаваў 1,8 еўра, цяпер 2 еўра 6 цэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка, здаецца, таксама не ведае, што бензін у Беларусі даражэе. Бо нядаўна заявіў, што бензін у Беларусі ажно ў тры разы таннейшы, чым у Еўропе.

«Хочаце аўтамабіль заправіць палівам, якое ў нас у тры разы танней, ну прыязджайце, запраўце».

Бензін і дызель у Беларусі каштуюць 92 еўрацэнты. Гэта не ў тры разы танней, чым у Літве ці Польшчы, а ў два. Больш за тое, для грузаперавозчыкаў з ЕС на 12 прыгранічных аўтазаправачных станцыях дзейнічаюць асобныя цэны - яны вышэйшыя за звычайныя.

Польшча папрасіла ў ЗША прывезці ядзерную зброю 

Палякі звярнуліся да ЗША з просьбай прывезці ім ядзерную зброю, заявіў Аляксандр Лукашэнка на выступленні ў гонар Дня Незалежнасці.  

«Палякі, напэўна вы не звярнулі ўвагу, звярнуліся да амерыканцаў і папрасілі прывезці ім ядзерную зброю ў Польшчу. Тады я прэзідэнту Пуціну сказаў: ну мы, а мы, чаму?» 

Насамрэч палякі не прасілі амерыканцаў прывезці ядзерную зброю. Віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі толькі сказаў у інтэрв'ю нямецкай газеце, што ён бы прывітаў такое размяшчэнне. 

«Калі б амерыканцы папрасілі нас захоўваць ядзерную зброю ЗША ў Польшчы, мы былі б адчыненыя для гэтага. Гэта значна ўзмацніла б стрымліванне Масквы».

Гэта значыць, гаворка ішла пра гіпатэтычную сітуацыю і з вуснаў віцэ-прэм'ера. Ніякіх іншых заяў ці абмеркавання гэтага пытання ў Польшчы не ідзе.

У Марыупальскім драмтэатры забаранялі рускую класіку, а ў Луганску за 30 гадоў не пабудавалі ніводнай бальніцы

У драмтэатры Марыўпаля было забаронена ставіць творы рускіх класікаў, а Украіна ў Луганску за 30 гадоў не пабудавала ніводнай медустановы. Пра гэта заявіў вядучы СТВ Рыгор Азаронак, на дэбатах, арганізаваных Дэмакратычным саюзам - арганізацыяй паплечнікаў Юрыя Васкрасенскага.

«Марыупальскі драмтэатр. Вось усе апошнія гады тамака забаронена было ставіць рускіх класікаў. Дзе была транспарэнтная грамадзянская супольнасьць? Дзе былі ліберальныя мысляры? Вось проста забаранілі ўсё. Цяпер яны там ставяць Чэхава. Сказалі, што ня будзе там Расея нічога будаваць? Упершыню за 30 гадоў у Луганску бальніцу будуюць. Упершыню за 30 гадоў. Вось зараз, рускія ваенныя будаўнікі. Да гэтага ўкраінская ўлада там увогуле нічога не будавала».

Насамрэч ніякай забароны на творы класікаў, якія пісалі на рускай мове не было.

Так, у 2019 годзе ў Марыупальскім драмтэатры ставілі «Ноч перад Калядамі па Гогалі». У 2020 год - у драмтэатры ішоў спектакль «Майстар» паводле рамана Булгакава «Майстар і Маргарыта». А вось афішы за люты 2022 - таго самага месяца, калі пачалася вайна - у Марыупальскім драмтэатры ішоў спектакль "Верачка" паводле апавядання Чэхава.

Што тычыцца будаўніцтва медыцынскіх аб'ектаў у Луганску, то тут Азаронак таксама падмануў. 

У 2013 годзе ў гэтым горадзе пабудавалі абласны перынатальны цэнтр, коштам звыш 15 млн долараў на тэрыторыі абласной клінічнай бальніцы. І на той момант ён быў адным з лепшых па абсталяванні ва Украіне. 

У 2011 годзе ў Луганску адкрылі бальніцу нумар 7. Годам раней у ёй адбыўся выбух кіслароднага балона і будынак быў часткова разбураны. Бальніцу рэканструявалі, мадэрнізавалі, надбудавалі два дадатковыя паверхі і павялічылі койка-месцы.

Сцяпана Бандэра ва Украіне прылічылі да ліку святых 

Праваслаўная царква Украіны афіцыйна прылічыла Сцяпана Бандэра да ліку святых. Гэтую інфармацыю распаўсюдзілі тэлеграм-канал Рыгора Азаронка, і сайт ЕАДэйлі

«Ва Ўкраіне афіцыйна прылічылі да ліку святых Сцяпана Бандэра. Рашэнне аб яго кананізацыі прынялі 20 чэрвеня на Архіерэйскім саборы раскольніцкай Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ)».

Насамрэч ніякага Архірэйскага сабора ў гэты дзень царква не праводзіла. Апошні праходзіў у маі, але ў пастанове таго сабора аб Бандэры няма ні слова.

Больш за тое, Бандэра не быў праваслаўным, ён нарадзіўся ў сям'і грэка-каталіцкага святара і вызнаваў грэка-каталіцкую веру. А значыць, праваслаўная царква не можа яго кананізаваць.

Акрамя таго, на тое, што дакумент, які дэманструюць у якасці нібыта доказы, не сапраўдны паказвае такая дэталь як подпіс. 

На іншых дакументах ПЦУ подпіс доўгі - «Мітрапаліт Київський і всієї України, прадстаяцель Праваслаўнай царквы України». У нібыта дакуменце аб Бандэры пазначана толькі першая палова тытула.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі