«У ДНР заявілі, што ўкраінскія нацыяналісты ў Краматорску захапілі каля 20 аўтамабіляў СММ АБСЕ, лёс супрацоўнікаў місіі застаецца невядомым», – пішуць «РІА Навіны».
Гэтая ж навіна на беларускім тэлеканале ОНТ:
«З апошніх паведамленняў: украінскія нацфармаванні захапілі каля 20 аўтамабіляў спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ. Пакуль пра іхны лёс нічога не вядома».
А вось так расказала пра гэта Вольга Скабеева на канале «Расія-1»:
«Тэрміновыя навіны прыходзяць з Данбасу. Украінскія нацыяналісты захапілі каля 20 машын спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ. Лёс супрацоўнікаў, якія знаходзіліся ў гэтых машынах, да гэтага часу не вядомы. Пра гэта заяўляе прадстаўнік народнай міліцыі Данецку. Тое, што захопленыя аўтамабілі, будуць скарыстаныя для правакацый, сумневаў, мусіць, не».
Навіна аказалася фэйкам. І вось доказ. Сайт АБСЕ не толькі не пацвердзіў выкраданні, а размясціў паведамленне аб тым, што з групай усё ў парадку.
«1 сакавіка групы назірання з Данецкага і Луганскага пунктаў патрулявання ў непадкантрольных ураду раёнах былі эвакуяваныя, а група назірання з Харкава была выведзена ў Днепр у чаканні далейшага выезду з краіны. Група назіральнікаў СММ у Херсоне застаецца ў сховішчы на месцы. Галоўны назіральнік і вышэйшае кіраўніцтва застануцца ва Украіне да завяршэння працэсу эвакуацыі», – гаворыцца ў заяве АБСЕ.
Еўрапейскія анколагі адмаўляюцца лячыць расійскіх дзяцей
Сябра рады пры прэзідэнце РФ па правах чалавека Шота Гаргадзэ размясціў у сваім інстаграме пост, у якім заявіў, што еўрапейскія анколагі адмаўляюцца лячыць расейскіх дзяцей.
«Сёння Сусветная сетка анколагаў "Onco Alert" спыніла супрацоўніцтва з Расіяй. Перавесці з афіцыйнай на звычайную мову? Перакладаю: мы не будзем лячыць рускіх дзяцей нават за вялікія грошы».
Расійскае інфармагенцтва РІА Новости апублікавала такую ж заяву Кіраўніка Савета па правах чалавека пры прэзідэнце РФ Валерыя Фадзеева.
«Лозунг "Ахова здароўя па-за палітыкай" яшчэ больш важны, чым "Спорт па-за палітыкай". Гэта нават не пытанне правоў чалавека - гэта праблема гуманізму. Урачы адмаўляюцца ад дапамогі хворым. Дык выходзіць?! Па-мойму, гэта ганебная практыка міжнародных арганізацый, якія займаюцца аховай здароўя».
Праўда тут толькі ў тым, што «Onco Alert» - гэта сапраўды грамадская арганізацыя анколагаў. А не клініка, якая займаецца непасрэдным лячэннем дзяцей. І яе заява даслоўна гучала так:
«У адказ на ўварванне ва Украіну "Onco Alert" спыняе ўсе супрацоўніцтва ў Расіі не будзе праводзіць кангрэсы ў Расіі».
Пра хворых дзяцей і пра тое, што іх зараз не будуць лячыць, у заяве не сказана ні слова.
Зяленскі ходзіць у майцы з нацысцкім крыжом
Прыхільнікі Пуціна знайшлі «бясспрэчны» доказ, што Зяленскі – нацыст. Параўнаўшы сімвал на яго майцы з крыжом на параднай уніформе афіцэраў СС.
Мы ж проста пакажам узнагароды Расійскай Федэрацыі.
Нацысцкі крыж, як мінімум не менш, нагадваюць ордэн святога Георгія, Ордэн Аляксандра Неўскага, ордэн за Заслугі перад Айчынай, Ордэна Суворава, Ушакова, Жукава і Кутузава, Ордэн мужнасці, знак адрознення Георгіеўскі крыж і Георгіеўскі Крыж Данецкай Народнай Рэспублікі.
Генацыд рускамоўных на Данбасе
На мінулым тыдні многія медыя і інтэрнэт-рэсурсы паказалі інтэрв'ю тэлеканалу CNews французскага рэжысёра Ан-Лор Бонэль, якая здымала фільм пра Данбас.
«Я здымаю гэта кожны дзень, фіксую гэта як сведчанне. Ужо тыдзень мы гаворым пра гэты канфлікт, але гэта працягваецца 8 гадоў, 13 тысяч загінуўшых. 13 тысяч! Людзі без сіл, і яны ўсе жыхары Ўкраіны! І яны здзіўлены, што Еўропа толькі зараз бачыць сітуацыю, у той час як для іх гэты канец свету, гэтае жыццё ў падвалах і бамбёжкі, гэта іх жыццё з 2014 года.
- Я перапыню вас, не ўсе разумеюць сітуацыю дакладна. Вы сказалі і гэта дзівіць: усе гэтыя людзі ўкраінцы? І бамбардзіроўкі ўкраінскія? - Так! Бамбаванні “Градам”, насельніцтва Данбаса было пад прыцэлам свайго ж урада».
«Жоўтыя слівы» суправаджалі гэтыя словы такім каментаром:
«Гэта не пакажуць на Захадзе. Французская журналістка Ан-Лор Бонэль ужо некалькі гадоў знаходзіцца ў Данбасе і спрабуе распавесці ўсю праўду пра тое, як украхунта 8 гадоў знішчала і працягвае знішчаць сваіх жа, але рускамоўных грамадзян».
Уладзімір Пуцін таксама папракае Украіну 14 тысячамі загінуўшых.
«Людзі на Данбасе гэта не вандроўныя сабакі. Ад 13 да 14 тысяч чалавек забілі за гэтыя гады».
А зараз разбяромся. У канфлікце на Данбасе з 2014 года сапраўды загінула каля 13 тысяч 200 - 13 тысяч 400 чалавек. Гэта дадзеныя Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Але звяртаем увагу, што гэта страты абапал канфлікту, а не толькі рускамоўных ЛНР І ДНР.
Такім чынам, з гэтай лічбы - каля 3400 чалавек - гэта цывільныя. Прычым у гэтую лічбу ААН уключае яшчэ і 298 пасажыраў Малайзійскага боінга, які быў збіты ракетай Бук, выпушчанай з тэрыторыі, якую кантралявалі сепаратысты ЛНР і ДНР.
Якая колькасць загінуўшых была жыхарамі ДНР і ЛНР, ААН не ўдакладняе. А вось Следчы камітэт Расіі сцвярджае, што паводле іх звестак там загінула 2600 мірных грамадзян. Дарэчы, у ААН адзначаюць, што каля 80% страт грамадзянскіх прыпалі на першы год канфлікту, калі ішлі самыя разлютаваныя сутыкненні.
Астатнія 10 тысяч загінуўшых - гэта камбатанты, гэта значыць ваюючыя за адзін з бакоў. З іх прыблізна 4200 чалавек з боку Ўкраіны, і 5800 - з боку так званых ЛНР і ДНР.
Але пра гэта і Пуцін, і праўладныя медыі лічаць за лепшае маўчаць.
А зараз для параўнання. У 1994 годзе, калі ад Расіі захацела аддзяліцца Чачня, Федэральны ўрад Расіі вырашыў аднавіць канстытуцыйную законнасць на гэтых тэрыторыях. Усяго за два гады першай чачэнскай вайны (а іх было дзве), па розных крыніцах загінулі ад 8 да 28 тысяч расейскіх вайскоўцаў і чачэнскіх сепаратыстаў. І па самых аптымістычных падліках ад 20 тысяч чалавек мірнага насельніцтва Чачні.
Украінцы перашкаджаюць эвакуацыі
ВСУ не даюць эвакуіраваць людзей з населенага пункта Ірпень. Фота і каментар аб гэтым размясціў тэлеграм-канал БелВеснік.
«ВСУ пад руляй аўтаматаў не даюць эвакуіраваць людзей з н.п. Ірпень».
Мы знайшлі першакрыніцу гэтай фатаграфіі. Яе размясціла Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ў сваім фэйсбуку.
«Сотні ўкраінцаў, дзяцей, жанчын, старых хаваюцца пад руінамі маста ад удараў авіяцыі і артылерыі расейскіх фашыстаў. Давайце зробім гэтае фота вядомым на ўвесь свет».
Гэта значыць, калі верыць Міністэрству ўнутраных спраў Украіны, ніхто гэтых людзей не ўтрымлівае ад эвакуацыі пад руляй аўтаматаў. Але можа хлусіць афіцыйны Кіеў?!
Правяраем. Вось відэасьведчаньне самога працэсу эвакуацыі. Тут бачна, што тыя самыя вайскоўцы, якія нібыта іх захапілі людзей у закладнікі, насамрэч ніяк ім не перашкаджаюць пакідаць горад і сочаць, каб гэты працэс праходзіў бяспечна.
Нават калі, тэарэтычна, дапусціць, што недзе потым грамадзянскім перашкаджаюць пакінуць горад іншыя ўкраінскія фармаванне, гэта відавочна не тыя салдаты, якіх БелВеснік паказвае ў пацверджанне сваіх слоў.