Новае

Фэйкі тыдня: «з-за антырасейскіх санкцыяў гандлёвыя сеткі сутыкнуліся з недахопам прадуктаў». Тэлеканал «Беларусь-1» распавёў, як усё дрэнна з прадуктамі ў Італіі

«У Італіі тарыфы на газ выраслі ў два-тры разы, пішуць «РІА-навіны». Акрамя таго, у краіне павялічыліся цэны на прадукты харчавання. Гэта закранула мінімум некалькі відаў прадуктаў. У некаторых выпадках ужо дэфіцыт пэўных найменняў харчавання ў магазінах. Так, уводзяцца абмежаванні на продаж мукі і сланечнікавага алею да 1 пакавання ў адны рукі. Падобныя меры выкарыстоўваюць супермаркеты Нямеччыны, Бельгіі і Грэцыі. З-за антырасейскіх санкцыяў гандлёвыя сеткі сутыкнуліся з недахопам прадуктаў», – заявілі па БТ.

Тэлеканал «Беларусь-1» усё зводзіць да важнай ролі Расеі: мука і сланечнікавы алей зніклі і падаражэлі выключна з-за таго, што Еўропа ўвяла супраць Расеі санкцыі і не зможа зараз закупляць гэтыя прадукты.

Але гэта не так. Насамрэч на гэты моцны ўплыў аказвае яшчэ і вайна ва Украіне, якую развязала менавіта Расея, таму што Украіна экспартуе 50% усяго сланечнікавага алею ў свеце. Аднак, Украіне прыйшлося рэзка скараціць вытворчасць сланечнікавага алею з-за вайны. Расея таксама экспартуе шмат сланечнікавага алею – 21% ад сусветнага аб'ёму.

Што да дэфіцыту мукі, то па пшаніцы Расея лічыцца найбуйнейшым экспарцёрам у свеце, а Украіна ў гэтым рэйтынгу займае 5-е месца. І гэтыя пастаўкі зараз пад пагрозай.

Харчовая і сельскагаспадарчая Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, аналізуючы сітуацыю, называе шмат прычын, чаму прадукты ў Еўропе будуць даражэць. Вайна можа перашкодзіць пасеяць і сабраць ураджай ва Украіне, можа прывесці да пашкоджання партоў, аўтамабільных дарог і чыгунак, па якіх ежа дастаўляецца ў ЕЗ, а таксама вывесці са строю сховішчы, куды складаецца ўраджай.

Падаражэе страхоўка для гандлёвых судоў, якія будуць заходзіць у Чорнае мора па прадукцыю. Украінцы самі сябе не змогуць пракарміць з-за вайны, і шмат ежы спатрэбіцца для гуманітарнай дапамогі жыхарам іх уласнай краіны.

Гаворыцца і аб тым, што санкцыі супраць Расеі таксама акажуць уплыў. Але, як бачым, гэта далёка не першая і, тым больш не адзіная прычына ажыятажнага попыту на муку і сланечнікавы алей у Еўропе.