Беларусы далучаюцца не толькі да частак ВСУ, але і да іх супернікаў

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну ўраджэнцы Беларусі далучаюцца не толькі да частак ВСУ, але і да іх супернікаў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрымцы «Кіберпартызан» знайшоў каля дзясятка такіх прарасейскіх байцоў. Як правіла, гэта людзі з баявым досведам альбо крымінальным мінулым. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ім пагражае крымінальная адказнасць, гэта не перашкаджае некаторым спакойна прыязджаць дадому і даваць інтэрв'ю дзяржаўным СМІ. Праваахоўныя органы не спяшаюцца затрымліваць гэтых байцоў.

Расейская армія нясе істотныя страты ў вайне супраць Украіны. Але ў Маскве не любяць пра гэта казаць. Апошнім разам расейскае Мінабароны паведамляла пра забітых і параненых чатыры месяцы таму. На фоне вялікіх страт ва Украіне ў Расеі ідзе масавы набор добраахвотнікаў на вайну. СМІ распавядалі аб адкрыцці 14 пунктаў вярбоўкі наймітаў у Сірыі. Сірыйскім добраахвотнікам абяцалі плаціць ад 300 да 1 100 долараў на месяц у залежнасці ад спецыяльнасці.

Шырокі набор наймітаў на вайну з Украінай вядуць і ў Расеі. «Важныя гісторыі» высветлілі, што вярбуюць і беспрацоўных, і зняволеных. Актыўнасць праяўляюць прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр», якую звязваюць з «кухарам Пуціна», бізнесоўцам Яўгенам Прыгожыным.

Фота: Міхаіл Метцэль / ТАСС

А таксама Саюз добраахвотнікаў Данбасу, які ўзначальвае дэпутат Дзярждумы і экс-кіраўнік так званай Данецкай Народнай Рэспублікі Аляксандр Барадай

 Фота: FLICKR

З 8 ліпеня другая арганізацыя абвясціла прыём замежнікаў. Наш журналіст пад выглядам добраахвотніка патэлефанаваў, каб даведацца, ці возьмуць на вайну беларуса. Аказалася, з гэтым няма ніякіх праблемаў. У месяц абяцалі мінімум 2 000 долараў.

Афіцыйна ў Саюзе добраахвотнікаў Данбасу сказалі, што беларусы тэлефануюць ім штодня. Маўляў, ахвочых сотні, але колькі з іх запісаліся ваяваць, у арганізацыі не раскрываюць. Там таксама не змаглі нам сказаць, колькі беларусаў ужо ваюе ва Украіне.

Сярод іх – нарадзінец Ваўкавыску Васіль Курловіч

Крыніца: старонка Васіля Курловіча ў https://vk.com

які меў некалькі судзімасцяў, у тым ліку за наркотыкі. 

Курловіч ваяваў на Данбасе з 2014 года. Служыў у агнямётнай роце, дыслакаванай у Алчэўску Луганскай вобласці. 

За ўдзел у баях пад Дэбальцавам атрымаў узнагароду ад імя кіраўніка самаабвешчанай ЛНР. 47-гадовы Васіль Курловіч, па дадзеных телеграм-канала Саюзу маці, загінуў 22 сакавіка 2022 года.

«Мы з ім служылі ў адной роце, у сакавіку месяцы пры выкананні баявога задання загінуў ад снайпера, цела [тады] не маглі забраць, цяпер мінуў час. Я не ведаю, забралі яго ці не», – распавёў Міхаіл Шагодзін, калега Курловіча.

Акрамя Курловіча ў сацсетках альбо іншых крыніцах мы знайшлі яшчэ пяць нарадзінцаў Беларусі, якія загінулі на гэтай вайне. Гэта Павел Яўглеўскі, Пётр Лузанаў, Мікалай Маркаў, Уладзіслаў Чарноў і Андрэй Бабко. Украінская выведка ў сваю чаргу паведамляла пра пахаванне двух беларускіх наймітаў, не называючы іхных імёнаў. Але сярод беларусаў ёсць тыя, хто працягвае ваяваць ва Украіне.

Большасць беларусаў, якія ваююць у расейскіх і прарасейскіх падраздзяленнях ва Украіне, адкрыта пра сваю дзейнасць не распавядаюць. Але ў шэрагах так званай арміі ДНР мы знайшлі чалавека, які ператварыў сваю старонку «УКантакце» ў ваенна-палявы дзённік. Гэта 52-гадовы Анатоль Малчанаў

Крыніца: старонка Анатоля Маўчанава ў https://vk.com

нарадзінец Вінніцы, пражываў у Гомлі. Меў судзімасці, у тым ліку за крадзеж

і нявыплату аліментаў. 

Яшчэ ў 2004 годзе трапіў у поле зроку КДБ за ўдзел у казацкім руху «Белая гвардыя». 

У 2014 годзе быў у шэрагах «Крымскай самаабароны», удзельнічаў у блакаванні ўкраінскіх вайсковых базаў. Пасля прыбыў у Славянск, дзе камандаваў ротай выведкі пад пазыўным СОБР. Атрымаў цяжкое раненне ў руку, перанёс аперацыю, ваяваў ажно да канца 2014 года ў званні падпалкоўніка так званых Узброеных сілаў ДНР.

З сакавіка 2022 года на сваёй старонцы «УКантакце» Маўчанаў выклаў фота са зброяй у руках на фоне разбураных будынкаў на Данбасе.

Крыніца: старонка Анатоля Маўчанава ў https://vk.com

У красавіку Маўчанаў напісаў, што ягоны рапарт наконт пераводу ў штурмавы батальён задаволілі,

Крыніца: старонка Анатоля Маўчанава ў https://vk.com

а ў чэрвені выклаў фота ў форме Узброеных сілаў самаабвешчанай ДНР.

Крыніца: старонка Анатоля Маўчанава ў https://vk.com

На сваёй старонцы Маўчанаў у асноўным аналізуе сітуацыю на фронце. Пра асабісты досвед ён распавядае мала.

Анатоль Малчанаў пагадзіўся на інтэрвʼю за 70 тысяч расейскіх рублёў. «Мяне ў гэтым жыцці цікавяць толькі секс і грошы», – напісаў Малчанаў у адказ на запыт. Мы не змаглі ўгаварыць яго на бясплатны каментар.

Маўчанаў – не адзіны беларус, які ваюе за сепаратыстаў ва Украіне. У пачатку траўня ў тэлеграм-каналах зʼявілася відэа з чалавекам у вайсковай форме і аўтаматам у руках, у якім калегі з «Нашай Нівы» апазналі Андрэя Грышуціна. 

У свой час ён служыў ротным старшыною ў спецназаўскай частцы 3214 і малодшым сяржантам у палку патрульна-паставой службы міліцыі. 

У 2012 годзе незаконна прадаваў насенне маку.

Ваяваў снайперам на Данбасе як мінімум з 2015 года. Пазыўны – Беларус.

Маці Грышуціна распавяла, што ейны сын жыве на Данбасе з 2014 года. Там ажаніўся і завёў дзіця. Адзін час працаваў у ДАІ. Калі пачалася вайна, Грышуцін узяў у рукі зброю.

«Ён цяпер ужо не беларус, а грамадзянін Расейскай Федэрацыі. Ён там жыве. Гэта ягоны дом. Ён яго абараняе. Ён ніякі не найміт. Ён у мяне нармальны добры хлопчык», – сказала Ала Грышуціна, маці Андрэя Грышуціна.

Яна перадала сыну нашую просьбу наконт інтэрвʼю, але ён адмовіўся. Са словаў маці, на сына завялі крымінальную справу, у 2015 годзе да яе прыходзілі супрацоўнікі КДБ і распытвалі пра яго.

Засвяціліся на вайне і беларускія найміты з ПВК «Вагнер». Гэта нарадзінец Воршы Аляксандр Ступніцкі

Крыніца: старонка Аляксандра Ступніцкага ў https://vk.com

і нарадзінец Рэчыцы Сяргей Сазанаў,

Фота: TUT.BY

якія раней служылі ў сілавых органах.

Фота: TUT.BY

Раней ваявалі на Данбасе. Затым, паводле звестак СБУ ў Сірыі, а Ступніцкі яшчэ і ў Судане. Цяпер украінскія ўлады падазраюць іх у забойствах і катаваннях мірных жыхароў Кіеўскай вобласці.

Ёсць сярод наймітаў расейскага ПВК і пачаткоўцы. 

Крыніца: пашпартная база Рэспублікі Беларусь

38-гадовы нарадзінец Бабруйску Дзяніс Зуб распавёў, што ваюе на кантракце як снайпер з пачатку баявых дзеянняў ва Украіне. Быў каля Харкава і Севераданецку. Выхваляецца, што забіў 42 украінскіх вайскоўцаў.

У 2014 – 2020 гадах, паводле розных ацэнак, на баку сепаратыстаў ваявалі ад сотні да сямісот беларусаў. Цяпер іх можа быць меней. Некаторыя баяцца крымінальнага пераследу. У Беларусі за найміцтва, заснаванае на атрыманні матэрыяльнай выгады, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. 

Акрамя таго, у беларускім Крымінальным кодэксе ёсць артыкул за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншае краіны або ў замежным узброеным фармаванні. Гэта яшчэ называюць ідэалагічным найміцтвам, за што пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У верасні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «з тымі, хто сёння ваюе, мы разбярэмся, калі яны вернуцца ў краіну».

«Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы пастанавілі: калі ты пайшоў ваяваць – то бок забіваць – не важна, на баку Данбасу ці супраць яго, то мы з цябе спытаем» – сказаў ён.

У супольнай базе МУС і КДБ, апублікаванай ініцыятывай BYPOL, налічвалася 140 беларусаў, якія ваявалі на баку самаабвешчаных ЛНР і ДНР. Беларускія сілавікі лічылі, што тыя нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы і мусяць адказаць перад законам. Але гэта не перашкаджала і не перашкаджае некаторым з іх бесперашкодна прыязджаць у Беларусь.

19 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі беларуса, які ваюе на баку так званай ДНР. Гэта 46-гадовы нарадзінец Асіповічаў Сяргей Ланавенка.

Скрыншот: Алена Курхінен / YouTube

Раней судзімы за г͑валт у дачыненні інспектара ДПС.

Мы звязаліся з Ланавенка праз тэлефон. Ён распавёў нам, што застаецца на Данбасе з канца лютага. Спачатку дапамагаў уцекачам з Марыупалю, а потым узяў у рукі зброю. Ваюе ў складзе так званай Народнай міліцыі ДНР у зоне Аўдзееўкі, але не толькі там.

Ланавенка кажа, што на ягоных руках няма крыві нявінных людзей, ён ваюе з ідэйных меркаванняў. Ягоны заробак у разы меншы, чым у расейскай арміі, дзе атрымліваюць 200 тысяч рублёў на месяц. Маўляў, калі б не валанцёры і трафеі, было б цяжка.

У ліпені ў Ланавенкі быў адпачынак. Ён быў на малой радзіме ў Асіповічах. Кажа, што ні на мяжы, ні ў родным горадзе да яго не было пытанняў з боку сілавікоў. Ланавенка разумее, што парушае беларускі закон і гатовы за гэта адказаць.

«Калі я яшчэ раз надумаю прыехаць, пытанні ў любым выпадку будуць задаваць. Гэта іхная праца. Я толькі за. Тым больш, у мяне такая падрыхтаванасць. У полі зроку спецслужбы мяне абавязаныя трымаць. Я ведаю, што маё сумленне чыстае, я дзейнічаю на покліч сумлення», – сказаў ён.

Мы патэлефанавалі ў МУС, каб даведацца, якія там прымаюць захады супраць беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расеі. Намеснікі міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў і Генадзь Казакевіч адмовіліся каментаваць праз тэлефон. У прэс-службе не адказалі на нашыя званкі і запыты. Эксперты мяркуюць, што ўлады Беларусі цяпер не будуць саджаць наймітаў, якія ваююць на баку Расеі.

«У любых постсавецкіх карумпаваных дыктатурах правапрымяненне вызначаецца найперш палітычнай мэтазгоднасцю. Гэта значыць, цяпер у сітуацыі, калі адбываецца ціск на Менск дзеля адкрытага ўступлення ў вайну, у гэтай сітуацыі лішні раз раздражняць Крэмль, узмацняць напружанасць у дачыненнях з Масквой, я думаю, не ў інтарэсах кіроўнага рэжыму ў Беларусі», – рэзюмаваў даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.

Аўтар Алесь Ярашэвіч, рэдактары Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч

Іншыя Расследаванні