Дзяржава гадамі пераплачвала структурам уласніка кампаніі «NatiVita» Аляксея Сычова – мільёны долараў штогод на закупы фэйкавых беларускіх лекаў.

Снежань мінулага года. На Youtube-канале Міністэрства аховы здароўя транслююць паседжанне камісіі пра закупы на 2021 год. Новапрызначаны міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч выступае з рэзкаю рэмаркаю: «Націвіта» няхай спачатку верне ўсё тое, што напісаў «Белсат», ці падасць на іх у суд».

Гаворка пра бешанковіцкую кампанію «Націвіта» і расследаванні, якія каманда «Давайце разбірацца» абнародавала ў 2020 годзе. Нагадаем: бюджэт гадамі пераплачваў структурам уласніка «Націвіты» Аляксея Сычова – мільёны долараў штогод. «Націвіта» атрымала ў Беларусі статус вытворцы ды зарэгістравала шэраг уласных прэпаратаў. Насамрэч гэта былі імпартаваныя расейскія ды індыйскія лекі, якія толькі пакаваліся ў Беларусі.

Вікторыя Аляксандрава, кансультантка ў інвестыцыйных праектах фармацэўтычнага рынку, упэўненая:

«Юрыдычна гэта не беларускі прадукт. Бо няма тэхналогіі ды аб'ёму канчатковай прадукцыі, які павінен быць выраблены ў Беларусі. Краіна зацікаўленая паказваць, што ў нас ёсць імпартазамяшчэнне».

Раней, да прыходу «Націвіты», дзяржава закупляла аналагічныя лекі яшчэ даражэй, таму складваецца ўражанне, што кампанія эканоміла бюджэтныя грошы. Вось што напісала тады «Націвіта» ў адказ на наш запыт:

«Калі «Націвіта» ўпершыню выйшла на рынак Беларусі з біялагічнымі лекавымі сродкамі і канкуравала з арыгінатарам, на «Рытуксімаб» і «Трастузумаб» кошты ўпалі ў 1,5 разу».

Але ўражанне эканоміі падманлівае. Рэч у тым, што раней бюджэт набываў арыгінальныя лекі, а «Націвіта» імпартуе джэнэрыкі, якія каштуюць не ў 1,5 ці 2 разы танней за арыгінатары, а ў дзясяткі разоў танней, распавёў кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін:

«Паколькі замежны брэндавы прэпарат будзе каштаваць даражэй, чым які-небудзь джэнэрык расейскі, індыйскі або кітайскі, то, адпаведна, закупіўшы гэты джэнэрык пад выглядам сапраўднага прэпарату, можна атрымаць дэльту. Яшчэ і прэферэнцыйная папраўка. Тут, што называецца, папілаваць грошай можна нямала. А калі ўлічыць, што абʼём закупак вялікі і што гэта медыцына, там маржа добрая, і нажыцца можна проста выдатна».

Мы папрасілі патлумачыць нам сітуацыю тагачаснага намесніка міністра аховы здароўя, а цяпер міністра Дзмітрыя Піневіча. Афіцыйнага адказу тады мы так і не атрымалі, аднак кошты на такія пазіцыі, як «Трастузмаб», «Рытуксімаб» і «Леналідамід», на закупах знізіліся за год у разы і цяпер ніжэйшыя, чым у суседніх краінах. У дадатак на патрабаванне міністра Піневіча вярнуць тое, пра што гаварыў «Белсат», «Націвіта» мае паставіць Мінздароўю бясплатна лекаў на суму, паводле нашых падлікаў, каля Br 38 мільёнаў.

Прыкладна столькі бюджэтных пераплатаў на іх адрас мы налічылі ў нашым мінулым расследаванні, але пры гэтым у нас быў доступ не да ўсіх тэндараў.

Праз некалькі тыдняў «Націвіта» дала з нагоды нашага расследавання разгорнутыя каментары ў інтэрвʼю інтэрнэт-парталу TUT.by, дзе звінаваціла каманду «Давайце разбірацца» ў маніпуляцыях:

«Параўноўваць цану лекаў у раздробнай сетцы і сфармаваную ў выніку дзяржаўных закупаў некарэктна, бо ў аптэцы прэпарат могуць прадаваць за зніжаныя кошты, бо, напрыклад, мінае тэрмін прыдатнасці або гэта кантрафактавая прадукцыя».

Аднак шэраг лекаў шпітальнага сегменту ў беларускіх аптэках адсутнічае, што ўскладняе задачу. Таму падчас свайго другога расследавання і гэтым разам мы арыентаваліся, па-першае, на кошты вытворцаў, чые лекі пастаўляе «Націвіта». А калі інфармацыі ад вытворцаў няма – на максімальна дапушчальныя адпускныя кошты, а таксама на агулавыя кошты ў суседніх краінах. Пры гэтым мы прааналізавалі менавіта некалькі апошніх закупаў і пераводзілі сумы ў беларускія рублі паводле актуальнага курсу. І, як ужо адзначалі вышэй, у раней згаданых намі пазіцыях жыццёва неабходных лекаў назіраецца значнае зніжэнне коштаў.

Адказы на гэтыя пытанні пачалі праясняцца, калі мы вывучылі апошнія справаздачы пра дзяржаўныя закупы лекаў. Выявілася, што старыя схемы далёка не зліквідаваныя, а ўсяго толькі перанакіраваныя.

Бюджэтныя закупы лекаў на 2020 год. Дзяржаўная «Белфармацыя» закупіла ў «Націвіты» лекі ад раматуснага артрыту «Адалімумаб». Лекі пазіцыянуюцца як беларускія, але сапраўдны вытворца і распрацоўнік – расейскі «Біякад».

На сайце расейскага вытворцы цана, у пераліку на беларускія рублі, – Br 750. Прычым за адну штуку! А «Націвіта» іх купіла ў «Біякаду» па Br 1225,55 за ўпакоўку – амаль тысячу ўпаковак.

Ва Украіне амаль за столькі ж можна набыць арыгінальныя швейцарскія лекі – за Br 1290.

Пра перавагі і хібы менавіта расейскіх джэнэрыкаў нам распавёў расейскі анколаг і хіміятэрапеўт Паліна Шыла:

«Каб сказаць, што джэнэрык рэальна эквівалентны арыгінальнаму прэпарату, трэба, каб ён прайшоў праз велізарную колькасць даследаванняў. Рэч у тым, што джэнэрыкі праходзяць спрошчаную сістэму рэгістрацыі, то бок ім не трэба зноў праходзіць усе гэтыя велізарныя працяглыя этапы праверкі, як, напрыклад, арыгінальным прэпаратам. Таму бывае такое, што джэнэрыкі не так эфектыўныя, як арыгінальныя лекі, або больш таксічныя. Гэта не кажа пра тое, што ўсе джэнэрыкі – зло, ні ў якім разе. Джэнэрыкі – гэта добра, бо яны дазваляюць зрабіць лячэнне больш даступным».

Сёлета «Націвіта» таксама пастаўляе дзяржаве нібыта ўласнай вытворчасці глатырамеру ацэтат ад рассеянага склерозу. Але сапраўдны вытворца – усё той жа расейскі «Біякад», які прадае лекі на сваім сайце паштучна ўдвая танней, чымся «Націвіта» ўзяла ад беларускага бюджэту за дзве з лішнім тысячаў упаковак. Максімальны дазволены кошт толькі на 10 % можа перавышаць названы кошт вытворцы. Атрымліваецца, на закупе аднаго глатырамеру ацэтату «Белфармацыя» пераплоціць «Націвіце» чарговыя чвэрць мільёна долараў.

Кіраўнік выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук, які доўгі час вывучаў тэндары на пастаўкі медычнага абсталявання і лекаў, лічыць, што ні «справа медыкаў», ні змена міністраў не змяніла самой сістэмы працы Міністэрства аховы здароўя:

«Рэч не ў персонах ці ў Жарку. Гэтая сістэма стваралася велізарнаю колькасцю зацікаўленых асобаў: бізнесоўцамі, чыноўнікамі, Міністэрствам аховы здароўя, Цэнтрам экспертызаў і выпрабаванняў. КДБ узяло, можна так сказаць, самых нявінных парушальнікаў. Заўзятыя ўсе засталіся, і сама схема».

Яшчэ адзін закуп у «Націвіты» – антыракавыя лекі «Пазапаніб». Дастаўца і ўпакоўшчык – «Націвіта». Рэальны вытворца – зноў расейская кампанія. Толькі ўжо не «Біякад», а «Фармасінтэз-Норд». Максімальна дапушчальны кошт на гэты прэпарат у расейскіх аптэках – Br 1700 за адну ўпакоўку. Нагадваем: гэта ўжо з гуртавой і з раздробнаю нацэнкай.

Але шчодрае беларускае Міністэрства аховы здароўя бярэ ў «Націвіты» 2000 упаковак за Br 2564,41 за кожную. А паводле дакументаў, якія апынуліся ў нашым распараджэнні, рэальны кошт, за які лекі агулам прапаноўвае паставіць вытворца, – утрая ніжэйшы. Каля $ 500 з упакоўкі – прыбытак «Націвіты».

Штопраўда, манаполія Сычова на названыя катэгорыі лекаў не татальная. Часам за права пастаўляць Міністэрству аховы здароўя канкуруюць розныя фірмы – у каго танней. Гэтак, у 2018 годзе «Націвіта» выйграла тэндар, бо яе цана была на Br 500 ніжэйшая. Вось толькі канкурэнтам яе быў, як выявілася, «ВітВар», які належаў таму ж Аляксею Сычову, што і «Націвіта».

Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду», разважае:

«Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на гэта не рэагуе. Тут трэба задацца пытаннем, чаму цэлае міністэрства назірае за тым, як цягам дзесяцігоддзяў афіляваныя фірмы малююць канкурэнцыю і перамагаюць на закупах».

Дарэчы, «ВітВар» таксама працягвае карыстацца невытлумачальнаю шчодрасцю ўладаў. У плане на 2020 год пазначана, што кампанія «ВітВар» паставіць 323 упакоўкі швейцарскага прэпарату супраць раку крыві «Gazyva» за дзевяць з лішнім тысячаў рублёў за ўпакоўку. А ў суседняй Расеі максімальна дапушчальны кошт на дакладна гэты прэпарат у гэтым жа дазаванні – няпоўныя Br 5500 за ўпакоўку ў пераліку паводле актуальнага курсу. Яшчэ каля паўмільёна долараў – пераплаты з панскага бюджэтнага пляча.

Сяргей Сацук, кіраўнік выдання «Ежедневник», упэўнены:

«Цягам пяці гадоў цана на гэтыя тавары была зніжаная на 50 %. Вядома, яны яе спачатку ў 12 разоў завысілі, а потым зніжаюць паступова, каб кожны год казаць: мы зніжаемся».

З моманту рэгістрацыі «Націвіты» прайшло 9 гадоў, а з моманту запуску прадпрыемства – амаль 5. Цяпер на сайце кампаніі ў раздзеле «Прадукцыя» – 17 лекаў.

Нагадаем: кампанія брала ўдзел у дзяржаўнай праграме імпартазамяшчэння, якую ўлады ажыццяўлялі цягам чатырох гадоў і якая скончылася ў 2020 годзе. Як бачна з апошняй справаздачы, перапакоўвае ўкраінскія ды індыйскія лекі і кампанія «Белалек», якая запрацавала таксама падчас праграмы імпартазамяшчэння.

«Калі гаварыць з пункту гледжання фармацэўтычнай бяспекі краіны, прэпарат, які на 99 % выраблены за мяжою, – гэта поўная залежнасць нашай галіны ад замежнікаў», – упэўненая кансультантка ў інвестыцыйных праектах фармацэўтычнага рынку Вікторыя Аляксандрава.

Хто ж такі, гэты любімы ўладамі бізнесовец Аляксей Сычоў? Сваю фірму «ВітВар» – скарочана ад «Віцебск – Варшава», ён заснаваў яшчэ ў 1993 годзе. Кампанія прадавала мыла, а потым пачала вазіць замежныя лекі. Затым было прадпрыемства гамеапатычных прэпаратаў «АканітФарма», а ў 2012 годзе Сычоў зарэгістраваў «Націвіту». Неаднойчы ўсе кампаніі гулялі на тэндарах разам. Што датычыць «Націвіты», частка фінансавання на праект прыйшла ад партнёра – літоўскага бізнесоўца Гядзімінаса Жыемяліса, суўласніка «Націвіты». Апошні мае сувязі з самою верхавінаю расейскіх уладаў, распавёў Марус Лаўрынавічус, старэйшы аналітык Віленскага інстытуту палітычнага аналізу:

«Адзін з бізнес-партнёраў Жыемяліса – сямʼя Рагімава. Рагімаў – аднакурснік Пуціна і сябар. Ягоны бізнес праз сувязі з Расеяй неаднаразова прызнаны Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі як пагроза нацыянальнай бяспекі Літвы».

Бешанковіцкая «Націвіта» ўваходзіць у групу Жыемяліса, гэта міжнародная холдынгавая кампанія «Фарнасанта Груп». Вось толькі кіраўніцтва «Націвіты» ў лісце нам зазначыла наступнае: «Націвіта» ў складзе «Фарнасанты» не ёсць».

Сёння ў суўласніках «Націвіты» з беларускага боку – па-ранейшаму Аляксей Сычоў. А кампанія для паставак імпартных лекаў «ВітВар» у сакавіку 2020 года перайшла жонцы Святлане Галоўкінай і старэйшаму сыну Уладзіміру. У сярэдзіне мінулага года нам стала вядома, што Аляксей Сычоў з’ехаў у Славаччыну. Ягоны ад’езд звязваюць са «справаю медыкаў». У 2019 годзе бізнесовец фігураваў у скандальным разборы паводле ч. 2 арт. 431 («Шматразовы хабар»).

Аднак на паседжанне 21-ы фігурант «справы медыкаў» – Аляксей Сычоў – не з’явіўся: раптоўна захварэў. А ў пачатку 2020 года на рашэнне Менскага гарадскога суда бізнесовец атрымаў усяго толькі штраф.

Аляксей Сычоў заручыўся не толькі фінансавым падтрыманнем Гядзімінаса Жыемяліса з сувязямі на самых вярхах расейскіх уладаў. У Беларусі першы маў свае схемы яшчэ пры Васілю Жарко. Можна дапусціць, што віцебскі бізнесовец і тагачасны міністр аховы здароўя былі знаёмыя задоўга да таго, як вынікі закупу лекаў пачалі публікавацца ў сеціве і мы звярнулі на іх увагу.

Увосень мінулага года мы даведаліся, што кватэра Васіля Жарко, што побач з Міністэрствам аховы здароўя, сталася ўласнасцю малодшага сына Аляксея Сычова ў 2018 годзе.

Вось як патлумачылі сітуацыю работнікі «Націвіты» парталу TUT.by пасля нашага расследавання: «У 2011 годзе жонка Сычова – Святлана Галоўкіна – набыла ў дачкі Жарка кватэру на Нямізе «за рынкавы кошт». Праз 7 гадоў гэтую кватэру «падаравала Галоўкіна свайму сыну Фёдару».

Кватэра набывалася за рынкавы кошт, сцвярджалі прадстаўнікі «Націвіты». І факт продажу ад сям’і міністра жонцы Аляксея Сычова пацвердзілі.

«Не толькі ў Беларусі, гэта наагул ува ўсім свеце даволі вядомы спосаб атрымання хабараў. Таму здзелкі паміж чыноўнікамі і бізнесоўцамі, якія там зацікаўленыя асобы, павінны быць пад забаронай у любой краіне», – кажа кіраўнік выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук.

Дарэчы, Васіль Жарко, як і Аляксей Сычоў, пазбег адказнасці ў «справе медыкаў», хаця схемы, выкрытыя следчымі, пачаліся менавіта падчас таго, як міністэрствам кіраваў Васіль Жарко.

Сяргей Сацук, кіраўнік выдання «Ежедневник», успамінае:

«Калі пачаліся скандалы, нават Лукашэнка сказаў: «Я не веру, што кіраўнікі Міністэрства аховы здароўя ўсё гэта не бачылі і не чулі». Пасля гэтага Жарко сышоў у адстаўку з пасады віцэ-прэмʼера».

Васіль Жарко падчас працы стаў уласнікам некалькіх кватэраў і адбудаваў катэдж. Сваю маёмасць былы міністр часта перапісвае на дачку Вольгу. Менавіта на яе ён спярша перааформіў 3-пакаёвую кватэру на Нямізе, якая ў выніку была перапрададзеная жонцы Аляксея Сычова. Сёння яе рынкавы кошт – $ 165 тысячаў.

Цяпер за дачкою Васіля Жарка лічацца яшчэ апартаменты каля Драздоў коштам $ 300 тысячаў.

Сам жа былы міністр жыве ў прыватным доме за Нацыянальнаю бібліятэкаю на вуліцы Глебава. Катэдж плошчаю 500 квадратных метраў, які ацэньваюць на $ 1 мільён, Жарко будаваў, калі быў на пасадзе міністра аховы здароўя, а дабудаваў ужо ў рангу віцэ-прэм’ера.

Ужо ў 2019 годзе, калі на пасаду міністра трапіў Уладзімір Каранік, выбухнуў скандал з беларускім «Фенібутам», які ў Расеі каштаваў 2 рублі супраць 7 рублёў у беларускіх аптэках.

У Міністэрстве аховы здароўя распавялі пра маніторынг цэнаў на лекі ў Беларусі і заўважылі значныя перавышэнні ў некаторых пазіцыях. У 2020 годзе пры тым жа Караніку сітуацыя не змянілася. У 2021-м на пасаду міністра прыйшоў былы намеснік Уладзіміра Караніка – Дзмітрый Піневіч. Менавіта ён падпісваў у свой час сертыфікат GMP на вытворчасць «Націвіты». Але бюджэтныя пераплаты працягваюцца і пры ім.

Зміцер Панкавец, журналіст выдання «Наша Ніва», згадвае:

«Калі Лукашэнка адпраўляўся ў Горадню, ён яшчэ па дарозе не ведаў гэтага рашэння. Піневіч быў прызначаны, бо Караніка адправілі кіраваць Гарадзенскаю вобласцю раптоўна. А лепшага чалавека за Піневіча, відаць, не знайшлося. Ён быў усё ж такі першым намеснікам. Піневіч пачаў рабіць такую чорную работу, каторую яшчэ не дарабіў Каранік. Быў звольнены прафесар Мрочак. І гэта выклікала вялікае абурэнне ў медычнай супольнасці».

Бюджэт нясе страты, затое расце прыватны дабрабыт дзейнага міністра. Будучы яшчэ намеснікам міністра, ён пабудаваў каля Менску катэдж коштам ад чвэрці мільёна долараў!»

А што ж на гэта сам міністр? Мы прыйшлі ў Міністэрстве аховы здароўя і дачакаліся яго каля прыёмнай. Аднак Дзмітрый Піневіч каментаваць адмовіўся і схаваўся ў сваім кабінеце. Тады наш карэспандэнт зайшоў следам ужо з уключанаю камерай, але міністр адтуль загадкавым чынам знік.

Як бачым, падазроныя схемы ў ведамстве, нягледзячы на перыядычныя ператрасанні з боку следчых ці журналістаў, працягваюцца збольшага бесперапынна і плаўна перацякаюць ад міністра да міністра. Пачынаючы ад колішняга міністра Васіля Жарка, якога СМІ называлі пратэжэ бабулі Мікалая Лукашэнкі, канчаючы шматгадовым намеснікам Жарка, дзейным міністрам Дзмітрыем Піневічам.

Што ж датычыць праграмы імпартазамяшчэння, то нельга сказаць, што яна на 100 % фэйкавая. Беларуская вытворчасць лекаў з’явілася.

Вернемся яшчэ раз да «Націвіты». У дзяржаўных закупах мы нечакана знайшлі лекі «Велпанат» супраць гепатыту С за Br 117, у аптэках ён каштуе каля Br 417. Таксама мы ўбачылі нязвыклую інструкцыю да яго: «Лекавы сродак вымагае дадатковага маніторынгу, што спрыяе хуткаму выяўленню новых звестак пра бяспеку яго ўжывання. Вы можаце дапамагчы, паведамляючы звесткі пра ўсе непажаданыя рэакцыі, якія ўзніклі ў перыяд ужывання лекавага сродку (у тым ліку і пра выпадкі яго неэфектыўнасці)».

Ці азначае гэта, што ў аптэкі трапіў недастаткова вывучаны прэпарат? Чым абумоўленыя дадатковыя перасцярогі? Гэтыя, а таксама ўсе іншыя пытанні, якія з’явіліся ў нас цягам вывучэння закупаў, мы накіравалі ў «Націвіту», «ВітВар» і Міністэрства аховы здароўя. Нам абяцалі даць адказ цягам двух тыдняў, і мы яго абавязкова апублікуем. Што да Аляксея Сычова, то за час сваёй супрацы з беларускаю сістэмай аховы здароўя віцебскі бізнесовец і ягоныя сваякі не толькі набывалі кватэры ў Менску.

Бізнесовец адбудаваў двухпавярховы катэдж каля Віцебску агульнаю плошчаю каля 300 квадратных метраў. Ёсць выхад да возера. Катэдж каштуе ад 100 тысяч долараў.

У красавіку 2020 года, калі Сычоў рыхтаваўся зʼязджаць з Беларусі ў Славаччыну, ён перапрадаў сядзібу сваячцы ўсяго толькі за $ 20 000. Менавіта ў Славаччыну Сычоў з’ехаў невыпадкова: бізнесовец – ганаровы консул гэтай дзяржавы і мае там прадстаўніцтва «Націвіты».

Іншыя Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам у расследаванні, у расейскіх аптэках абышлася б бюджэту на $2 млн танней, чым оптам у беларускага...

24/01 Чытаць