Расследаванні Сёння

За год колькасць затрыманых украінскіх ухілянтаў, якія спрабавалі ўцячы ў Беларусь, вырасла ў чатыры разы

Высветлілі, колькі можа каштаваць арганізацыя ўцёкаў.

Колькасць украінцаў прызыўнога ўзросту, якія спрабуюць незаконна трапіць у Беларусь, каб пазбегнуць мабілізацыі, за два гады вырасла больш як у трыста разоў. БРЦ высветліў, колькі можа каштаваць ухілянтам нелегальнае перасячэнне мяжы і якія яшчэ краіны яны выбіраюць, каб не служыць.

Статыстыка ўцёкаў

У 2025 годзе за спробу перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы ўкраінскія памежнікі затрымалі 1424 мужчыны прызыўнога ўзросту, паведамілі журналістам БРЦ і ўкраінскага выдання «Слідство.Інфо» ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны (ДПСУ). Гэта ў чатыры разы больш, чым у папярэднім годзе (326 чалавек), і ў 356 разоў, чым у 2023-м (4).

«Сёлета (у 2025-м — рэд.) мы бачым пэўны рост, калі параўноўваць з іншымі гадамі, колькасці тых, каго мы затрымліваем за спробу незаконнага перасячэння мяжы. … Напрамак мяжы з Беларуссю, ён істотна ніжэйшы па паказніках, чым, напрыклад, мяжа з Румыніяй або мяжа з Малдовай. Але, зноў жа, прырост ёсць», — сказаў журналістам памочнік кіраўніка ДПСУ Андрэй Дземчанка.

У мінулым годзе на ўкраінска-беларускай мяжы затрымалі больш мужчын, чым на ўкраінска-польскай. Калі ў 2024-м на мяжы з Польшчай злавілі 467 ухілянтаў, а з Беларуссю — 326, то летась колькасць тых, хто хацеў трапіць у РБ, вырасла амаль у 4,5 разу. Паводле дадзеных украінскіх памежнікаў, беларускі напрамак увайшоў у пяцёрку па колькасці затрыманых ваеннаабавязаных. Вышэй — Вугоршчына (1841 чалавек), Славакія (2265), Малдова (4937), на першым месцы — Румынія (10066). За беларускай ідуць мяжа з Польшчай (511 чалавек у 2025 годзе) і з Расеяй (адзін чалавек).

Кошт уцёкаў

У каментары журналістам начальнік прэсавай службы 9-га памежнага атраду імя Сечавых Стральцоў, які патрулюе ўкраінска-беларускую мяжу, Юрый Шахрайчук паведаміў, што сіламі атраду «ўжо было дыскрэдытавана (выяўлена — рэд.) больш за 70 арганізаваных злачынных груп, груповак, якія займаюцца менавіта пераправай асобаў праз мяжу».

Журналіст БРЦ пагутарыў з прадстаўніком адной з такіх груп у Telegram. Той прапанаваў купіць правераны маршрут уцёкаў з Украіны або аплаціць паслугу «пад ключ»: замовіць аўто з дасведчаным кіроўцам, які аб’едзе блокпасты ва Украіне і прывязе да мяжы ў той час, калі на беларускім баку будзе дзяжурыць «свая змена» памежнікаў. За дапамогу ў нелегальным выездзе для двух мужчын суразмоўца папрасіў $16 тыс. У гэтую суму ўваходзіць арганізацыя ўцёка ў Беларусь, а потым — у ЕЗ.

«Глядзіце, вас забяруць з Кіева, вас забяруць з любой кропкі. У гэтым няма ніякай праблемы. Вас забяруць проста з дому. <…> Вы аплочваеце ўжо калі сядзіце ў машыне. Выключна», — запэўніў ён.

Крыніца: БРЦ

Падчас дзеяння ваеннага становішча ва Украіне мужчынам ва ўзросце ад 23 да 60 гадоў абмежавана магчымасць пакідаць краіну. Зрабіць гэта могуць толькі тыя, хто падпадае пад правілы перасячэння мяжы і мае для гэтага адпаведныя дакументы, напрыклад, тыя, хто страціў на вайне блізкіх сваякоў.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць