Беларускі завод «Новус Індустры», былы падрадчык IKEA, выпускае мэблю, падобную да мадэляў шведскага брэнда, і пастаўляе яе ў Расею. БРЦ высветліў, што пасля абвяшчэння літоўскай VMG Group аб прыпыненні працы ў Беларусі кампаніі холдынгу працягнулі гандляваць з заводам, а ўладальнік групы Сігітас Паўлаўскас да верасня 2026 года заставаўся ўласнікам амаль усяго прадпрыемства. Галоўны расейскі пакупнік заводу пастаўляў мэблю ў Абхазію, а яго прадукцыю журналісты знайшлі ў продажы з дастаўкай на акупаваную тэрыторыю Украіны.
Расследаванне падрыхтавана ў супрацы з літоўскім інфармацыйным парталам 15min.lt, грузінскім медыя monitori.ge, расследавальніцкай праграмай Kalla Fakta шведскага тэлеканалу TV4, дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Не IKEA, але вельмі падобна
Дзве белыя тумбы для абутку на ножках. У кожнай — чатыры аддзяленні з маленькімі круглымі ручкамі і злёгку выстаўленая стальніца. На першы погляд, перад намі адна і тая ж мадэль. Але адну з тумбаў зрабіла IKEA, а другую — беларуская кампанія «Новус Індустры».
Падабенства заўважнае і ў іншай пары мадэляў. У абедзвюх тумбаў пад тэлевізар — тры высоўныя скрыні, над імі тры адкрытыя нішы, круглыя цёмныя ручкі і прамыя ножкі. Вытворцы тыя ж — IKEA і «Новус Індустры».
На падабенства з IKEA паказваюць і расейскія прадаўцы мэблі «Новус Індустры». На сайце крамы «Гуд Лакк» адну з серый беларускага вытворцы наўпрост называюць «натхнёнай папулярнай серыяй Hemnes у традыцыйным стылі ад IKEA». Іншая крама ў Расеі, «Невский Форт», дае кліентам падказку — у апісанні мэблі паказвае назвы мадэлі ад IKEA. Напрыклад, камода «Сірыус» пазначана як «усім вядомая калекцыя Брымнэс».
БРЦ папрасіў ацаніць усе знойдзеныя намі лінейкі Сесілію Вальберг, старэйшую выкладчыцу прамысловага дызайну шведскага ўніверсітэту мастацтваў, рамёстваў і дызайну Konstfack. Яна адзначыла, што «у дызайне і памерах ёсць відавочнае падабенства», і выказала меркаванне, чым яно можа тлумачыцца:
«Я б выказала здагадку, што фабрыкі, якія вырабляюць гэтую “новую” мэблю не для IKEA, выкарыстоўваюць тыя ж вытворчыя чарцяжы і абсталяванне, якія раней выкарыстоўваліся для вытворчасці мэблі IKEA».
Кампанія «Новус Індустры» сапраўды была адным з вытворцаў-падрадчыкаў IKEA, пакуль шведскі брэнд летам 2022 года не сышоў з Беларусі і Расеі «у сувязі з вайной ва Украіне». Журналістка БРЦ пад выглядам пакупніцы патэлефанавала ў аддзел продажаў прадпрыемства і спытала аб падабенстве цяперашняй мэблі з прадукцыяй IKEA:
— Вядома, [мэбля] падобная. Мы да гэтага 10 гадоў выраблялі мэблю толькі для IKEA. Адпаведна, усе нашы новыя распрацоўкі вельмі падобныя на тое, што мы рабілі раней, — сказала супрацоўніца аддзелу продажаў «Новус Індустры».
— Гэта значыць, можна сказаць, копіі IKEA? — удакладніла журналістка.
— Ну, гэта не копіі. Гэта ну вельмі падобныя мадэлі.
Адгадайце, дзе IKEA
Шафа
Вынік
0 з 10
Усё правільна
Вы адрознілі ўсе мадэлі IKEA ад мэблі беларускага вытворцы.
Фота: сайты крам
Сышлі, але не зусім
Да сакавіка 2023 года «Новус Індустры» называлася «ВМГ Індустры». Гэтую кампанію ў Магілёўскай вобласці ў 2009 годзе стварыла літоўская VMG Group. Да 2019 году яна стала найбуйнейшым сусветным пастаўшчыком IKEA. Холдынг інвеставаў і ў іншыя беларускія прадпрыемствы, звязаныя з лесанарыхтоўкай, лесапілаваннем і дрэваапрацоўкай: валодаў актывамі ў Барысаве, Віцебску, Светлагорску і Смалявічах. Разам яны фармавалі вытворчы ланцужок — ад нарыхтоўкі драўніны да выпуску гатовай мэблі.
VMG Group планавала і надалей пашыраць вытворчасць у Беларусі, але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, як і шведскі брэнд, абвясціла аб прыпыненні дзейнасці ў нашай краіне. 1 чэрвеня 2022 года генеральны дырэктар холдынгу Эгідыюс Моцкус паведаміў, што магілёўскі завод ужо спынілі, супрацоўнікаў адправілі ў прастой, а будаўніцтва новага прадпрыемства ў Віцебску паставілі на паўзу. Што рабіць з беларускімі актывамі далей, у групе тады яшчэ не вырашылі. Пасля прадаць удалося толькі адзін з іх — лесапільны і дрэваапрацоўчы завод «СВУДС Экспарт». Аб дэталях гэтай здзелкі БРЦ расказаў у асобным расследаванні.
Адзін з удзельнікаў угоды – буйны пастаўшчык IKEA, холдынг VMG Group.
Тым жа летам літоўскі холдынг прыбраў з назваў большасці сваіх заводаў абрэвіятуру VMG — скарачэнне ад літоўскага Vakarų medienos grupė, што перакладаецца як «Заходняя лесапрамысловая група». Беларускія кампаніі групы пачалі працаваць пад брэндам «Новус». Даўжэй за ўсё — да вясны 2023-га — арыгінальную назву захоўвала магілёўскае мэблевае прадпрыемства. Але, як высветліў БРЦ, брэнд змяніўся, а сувязь з літоўскім холдынгам і яго ўладальнікам захоўвалася яшчэ некалькі год.
Па дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэгістра (АДР), на момант публікацыі сярод саўладальнікаў «Новус Індустры» — тры літоўскія кампаніі. Дзве ўваходзяць у VMG Group, хоць іх сукупная доля невялікая — 0,028%. У 2024 годзе PR-служба холдынгу патлумачыла захаванне гэтых доляў «абмежаваннямі беларускага заканадаўства». [*] [*]
Аднак амаль усім прадпрыемствам да восені 2026 года праз іншыя кампаніі валодаў адзіны ўласнік VMG Group — літоўскі бізнесовец Сігітас Паўлаўскас. 93% «Новус Індустры» запісаныя на зарэгістраваную ў Нідэрландах Novus International Holdings, яшчэ 6% — на кіпрскую Pronovus Holdings. Апошняя кантралюе і нідэрландскую кампанію. Да верасня 2026-га Pronovus Holdings належала Паўлаўскасу. [*]
Нідэрландская і кіпрская кампаніі звязаны з VMG Group не толькі праз літоўскага бізнесоўца. Яшчэ ў 2024 годзе абедзве насілі назвы з абрэвіятурай VMG. Pronovus Holdings у фінансавай справаздачы за 2019 год таксама называла сябе мацярынскай кампаніяй як мінімум трох прадпрыемстваў VMG Group. Два з іх на момант публікацыі ўсё яшчэ значацца сярод саўладальнікаў «Новус Індустры». Пры гэтым VMG Group заявіла БРЦ, што нідэрландская кампанія ніколі не ўваходзіла ў групу. [*] [*] [*]
Паўлаўскас у каментары БРЦ пацвердзіў гэтую структуру ўласнасці, але заявіў, што валоданне не азначала аператыўнага кантролю над беларускім прадпрыемствам. Паводле яго слоў, перадачу кіравання менеджарам «Новус Індустры» пачалі ў жніўні 2023 года і завяршылі ў 2024-м. Дакументаў, якія пацвярджаюць гэта, ён не прадставіў.
Сігітас Паўлаўскас — адзін з найбагацейшых прадпрымальнікаў Літвы.
У 2025 годзе ён заняў 13-е месца ў рэйтынгу пяцісот самых заможных бізнесоўцаў краіны: яго багацце ацэньвалася ў €475 млн. Абарот VMG Group у тым жа годзе склаў €341 млн.
З Беларуссю Паўлаўскас быў звязаны яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. У 2012 годзе яго выбралі старшынём праўлення дзелавога савету па супрацы літоўскага бізнесу з нашай краінай, у наступным годзе ён удзельнічаў у беларуска-літоўскім бізнес-форуме, у 2018-м — зноў. А ў 2015-м тлумачыў прывабнасць Беларусі для свайго бізнесу таннымі драўнінай і працоўнай сілай.
Аб супрацы з Беларуссю Паўлаўскас гаварыў і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. У 2022 годзе ён прапанаваў Вільні купляць электраэнергію з БелАЭС. У Літве ідэя выклікала рэзкую рэакцыю: кіраўнік Літоўскай канфедэрацыі бізнесу Андрыюс Раманоўскіс назваў яе ганьбай. Сам Паўлаўскас пазней патлумачыў, што хацеў такім чынам справакаваць дыскусію.
Гандаль працягнуўся
Пасля абвяшчэння аб прыпыненні дзейнасці ў Беларусі кампаніі VMG Group працягвалі гандляваць з «Новус Індустры». У 2024 годзе літоўская Eurovesta, якая ўваходзіла на той момант у холдынг, атрымала ад магілёўскага прадпрыемства тавараў на €475 тыс. Гандаль ішоў і ў зваротным кірунку: у 2023—2024 гадах Eurovesta паставіла беларускаму прадпрыемству тавараў на €1,86 млн. Яшчэ на €154 тыс. мэблевых складнікаў паставіла Klaipėdos mediena — кампанія VMG Group, якая таксама ўваходзіць у лік суўласнікаў «Новус Індустры». VMG Group у каментары БРЦ пацвердзіла гэтыя здзелкі:
«Яны датычыліся драўніны і драўняных кампанентаў, <...> а таксама мэблевай фурнітуры і камплектуючых. <...> Ні адна з гэтых здзелак не датычылася прадукцыі, вырабленай для IKEA».
У холдынгу таксама паведамілі, што ў канцы 2024 года кампанію Eurovesta прадалі і яна выйшла з VMG Group. Пры гэтым, згодна з вывучанымі БРЦ звесткамі, яе бенефіцыярам застаецца Паўлаўскас.
Пасля IKEA — у Расею
Пасля таго як IKEA спыніла працу з пастаўшчыкамі з Беларусі і Расеі, выручка «Новус Індустры» скарацілася амаль у тры разы — з 387,4 млн беларускіх рублёў ($152,6млн) у 2021 годзе да 143 млн ($46,6 млн) у 2025-м. Адным з асноўных рынкаў для прадпрыемства стала Расея. Па наяўных у БРЦ дадзеных аб пастаўках, якія ахопліваюць не ўсе здзелкі, іх кошт у 2023 годзе склаў каля чвэрці выручкі кампаніі, а ў 2024-м — траціну. У 2024 годзе беларускае выданне Office Life пісала, што «Новус Індустры» адпраўляла ў Расею 70% прадукцыі. У тым жа годзе «Новус Індустры» зарэгістравала ў Смаленску «Новус Трейдинг», якая, як і матчына кампанія, займаецца ў тым ліку гандлем мэбляй.
Аб'ём прамых паставак «Новус Індустры» ў Расею з сакавіка 2023-га па май 2025 года перавысіў $30 млн. Галоўным пакупніком стала расейская «Сведста», кіруючая кампанія мэблевых крам «Гуд Лакк». Трацінай кампаніі валодае беларуска Івета Бычкова, якая ў 2014—2020 гадах працавала ў «ВМГ Індустры» — цяперашняй «Новус Індустры».
Сама «Сведста» зʼявілася неўзабаве пасля сыходу IKEA: кампанію зарэгістравалі 30 чэрвеня 2022 года, праз два тыдні пасля абвяшчэння шведскага брэнда аб «далейшым згортванні дзейнасці» у Расеі і Беларусі. Яе сетка «Гуд Лакк» прадае мэблю былога вытворцы IKEA, наўпрост выкарыстоўваючы сыход шведскай кампаніі ў сваім пазіцыянаванні:
«Сыход IKEA — не нагода адмаўляцца ад звыклага стылю ў інтэрʼеры. Таму дзякуючы праекту Гуд Лакк прама зараз у вас зʼявілася магчымасць купіць тыя самыя любімыя тавары. Так, яны крыху памянялі знешні выгляд і назвы. Але дызайн, якасць, прастата пакупкі і лёгкасць зборкі — усё гэта засталося на ранейшай вышыні», — гаворыцца на сайце сеткі.
Абхазія, Данецк і пастаўка ў Польшчу
Геаграфія продажаў «Сведсты» не абмяжоўваецца Расеяй. З вывучаных БРЦ мытных дадзеных вынікае, што ў лютым 2025 года кампанія паставіла мэблю ў Абхазію — тэрыторыю, якую Грузія называе акупаванай Расеяй. Грузінскае заканадаўства забараняе міжнародныя сухапутныя перавозкі туды без адмысловага дазволу ўладаў краіны. Адміністрацыя ўрада Грузіі ў адказ на запыт БРЦ паведаміла, што такога дазволу «Сведсце» ці «Новус Індустры» не выдавала.
Мэблю «Новус Індустры» БРЦ знайшоў і ў краме, якая прапануе купіць тавар у тым ліку на акупаванай Расеяй тэрыторыі Украіны. У адной з абвестак у самаабвешчанай «ДНР» прадавец прапануе шафу серыі «Сага» беларускай вытворчасці. Пры гэтым на фотаздымку шафы захаваўся лагатып IKEA. Менеджары крамы, з якімі журналістка БРЦ паразмаўляла пад выглядам патэнцыйнай пакупніцы, распавялі, што тавар кампанія развозіць з Масквы, таму паглядзець на мадэлі ў Данецку не атрымаецца.
Нашу ўвагу прыцягнула і адна з паставак самой «Новус Індустры». Па дадзеных ініцыятывы «Рабочы Рух», кампанія прынамсі адзін раз паставіла прадукцыю ў Польшчу ўжо пасля таго, як у ліпені 2024 года ЕЗ забараніў імпарт беларускай мэблі. БРЦ запрасіў інфармацыю аб гэтай пастаўцы ў Міністэрства фінансаў Польшчы, аднак ведамства адмовілася яе прадставіць, спаслаўшыся на канфідэнцыйнасць.
У адказ на пытанні БРЦ пра гэтыя пастаўкі Паўлаўскас заявіў, што пры перадачы кантролю над беларускім бізнесам паставіў новым кіраўнікам умову прытрымлівацца санкцыйных рэжымаў і не весці эканамічную дзейнасць на акупаваных тэрыторыях. Аднак, паводле яго слоў, ён не мог сачыць за выкананнем гэтых патрабаванняў:
«Калі сабраныя вамі дадзеныя паказваюць, што яны не былі выкананыя, то гэта адказнасць кіраўніцтва кампаніі і цяперашняга ўладальніка (які змяніўся толькі ў верасні 2026 года — Рэд.), і я негатыўна стаўлюся да такіх паводзінаў».
Юрыстка Эсфіра Заслаўскайтэ, якая прадстаўляе літоўскага бізнесоўца, удакладніла для БРЦ, што гэтыя ўмовы замацавалі ў двух дакументах, аднак іх выкананне свядома не кантралявалі:
«[Сігітас Паўлаўскас] не прымаў ніякіх захадаў для кантролю за выкананнем гэтых абавязацельстваў. Гэта быў свядомы выбар — перадача кіравання азначае перадачу рашэнняў. Абавязацельствы ўсталяваныя як карпаратыўныя і дамоўныя ўмовы, але ні Сігітас Паўлаўскас, ні кантраляваныя ім кампаніі не маглі і не могуць кантраляваць іх штодзённае выкананне».
Па словах Заслаўскайтэ, ні яна, ні Паўлаўскас не атрымлівалі паведамленняў аб парушэнні гэтых дамоўленасцяў. Пры гэтым на момант апісаных паставак Паўлаўскас заставаўся бенефіцыярам «Новус Індустры».
Хто зараз валодае «Новус Індустры»
4 верасня 2026 года, па дадзеных рэестра кампаній, змяніўся ўладальнік кіпрскай Pronovus Holdings, праз якую Паўлаўскас валодаў амаль усёй «Новус Індустры». Адзіным уласнікам кіпрскай кампаніі стала зарэгістраваная ў ААЭ Pronovus Management Holdco. [*]
Паўлаўскас заявіў БРЦ, што бенефіцыяры кампаніі з ААЭ — рэзідэнты гэтай краіны, якія не звязаныя з бізнесоўцам, але назваць іх адмовіўся. Эсфіра Заслаўскайтэ, якая прадстаўляла інтарэсы бізнесоўца ва ўгодзе, таксама не раскрыла іх імёны, спаслаўшыся на прафесійную таямніцу. Па словах Паўлаўскаса, кіраванне беларускім прадпрыемствам перадалі пакупніку з ААЭ ў сакавіку 2025 года, а здзелку па продажы акцый завяршылі летам 2026-га.
У рэестры менеджаркай ліцэнзіі (дэ-факта дырэктаркай кампаніі) Pronovus Management Holdco значыцца сама Заслаўскайце. Паўлаўскас растлумачыў, што юрыстка не мела акцый або правоў на прыбытак у гэтай кампаніі і пакінула пасаду ў пачатку верасня 2026 года, аднак рэестр яшчэ не абнавілі. Па словах Заслаўскайтэ, умовы здзелкі абавязвалі Паўлаўскаса як прадаўца стварыць кампанію ў ААЭ. [*]
Асобна VMG Group паведаміла аб перадачы дзвюх невялікіх доляў, якія належалі кампаніям холдынгу, непасрэдна «Новус Індустры». Па словах Паўлаўскаса, для ўгоды спатрэбіўся дазвол беларускіх уладаў: яго атрымалі 18 траўня 2026 года, а пагадненне аб перадачы доляў падпісалі 19 жніўня.
На момант публікацыі змены складу ўладальнікаў «Новус Індустры» у беларускім Адзіным дзяржаўным рэгістры не былі адлюстраваныя. Сама кампанія на пытанні БРЦ не адказала.
Дадзеныя арганізацый, якія фігуруюць у расследаванні
Пад кампаніяй «Новус Індустры» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Новус Індустры», папярэдняя назва — ЗТАА «ВМГ Індустры», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 812001297.
Пад кампаніяй Novus International Holdings у гэтым матэрыяле разумеецца Novus International Holdings B.V., папярэдняя назва VMG International Holdings B.V., краіна рэгістрацыі — Нідэрланды, рэгістрацыйны нумар (Chamber of Commerce number) 50196790.
Пад кампаніяй Pronovus Holdings у гэтым матэрыяле разумеецца Pronovus Holdings Ltd, папярэдняя назва VMG Holdings Limited, краіна рэгістрацыі — Кіпр, рэгістрацыйны нумар ΗΕ 263599.
Пад кампаніяй «Новус Трейдинг» у гэтым матэрыяле разумеецца ООО «Новус Трейдинг», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 6700019262.
Пад кампаніяй «Сведста» у гэтым матэрыяле разумеецца ООО «Сведста», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7751226438.
Пад кампаніяй Eurovesta у гэтым матэрыяле разумеецца Eurovesta, UAB, краіна рэгістрацыі — Літва, рэгістрацыйны код 300054969.
Пад кампаніяй Klaipėdos mediena у гэтым матэрыяле разумеецца Klaipėdos mediena, AB, краіна рэгістрацыі — Літва, рэгістрацыйны код 240616710.
Пад кампаніяй «Свудс Экспарт» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «СВУДС Экспарт», папярэдняя назва ЗТАА «СВУДС Экспарт», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 690655544.
Пад кампаніяй Pronovus Management Holdco у гэтым матэрыяле разумеецца Pronovus Management Holdco FZCO, краіна рэгістрацыі — Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, рэгістрацыйны нумар DMCC203133.
Што адказала IKEA
БРЦ паспрабаваў разабрацца, ці можа IKEA прад'явіць прэтэнзіі «Новус Індустры» і прадаўцам, якія выкарыстоўваюць адсылкі да яе прадукцыі. Кампанія ўжо судзілася з-за меркаванага капіявання яе дызайну. У 2025 годзе IKEA падала пазоў супраць шведскай Biltema, абвінаваціўшы яе ў капіяванні дызайну палівачкі і дзіцячага зэдліка. А ў 2022-м прадʼявіла прэтэнзіі распрацоўніку камп'ютарнай гульні The Store Is Closed, сцвярджаючы, што віртуальная мэблевая крама падобная на крамы IKEA.
Магчымасці IKEA аспрэчыць выпуск падобнай мэблі залежаць у тым ліку ад таго, як абаронены пэўны дызайн у той ці іншай краіне. Пра гэта БРЦ расказаў беларускі юрыст, які спецыялізуецца на аўтарскім, карпаратыўным праве і інтэлектуальнай уласнасці. Ён пагадзіўся пагаварыць на ўмовах ананімнасці:
«IKEA, якая зарэгістраваная ў Швецыі, каб абараняць свае дызайны, павінна рэгістраваць іх не толькі ў Швецыі, яна павінна іх рэгістраваць там, дзе збіраецца ўсё гэта распаўсюджваць. І, умоўна кажучы, калі гэты дызайн не зарэгістраваны ў Беларусі, то нехта можа зрабіць абсалютна такую ж мэблю, і яны нічога з гэтым не зробяць, таму што яны свае дызайны не абаранілі ў Беларусі».
Асобнае пытанне — выкарыстанне назвы IKEA пры продажы мэблі «Новус Індустры». На меркаванне юрыста, у гэтым выпадку размова можа ісці ўжо аб правах на таварны знак шведскай кампаніі. Яшчэ адной падставай для прэтэнзіяў, паводле слоў юрыста, можа стаць нядобрасумленная канкурэнцыя. Для такога пазову, сцвярджае ён, асобная рэгістрацыя дызайну не патрабуецца.
БРЦ звярнуўся да IKEA з пытаннем, як кампанія ставіцца да падабенства мэблі «Новус Індустры» з яе мадэлямі і выкарыстання назвы шведскага брэнда пры продажы гэтай прадукцыі. Таксама мы пацікавіліся, як кампанія ацэньвае працяг супрацы з VMG Group з улікам сувязяў холдынгу і яго ўладальніка з беларускай «Новус Індустры». Некалькі літоўскіх прадпрыемстваў VMG Group па-ранейшаму вырабляюць прадукцыю для шведскага брэнда, а дрэваапрацоўчыя заводы групы ў Літве застаюцца яго афіцыйнымі пастаўшчыкамі.
У кампаніі адказалі, што «Новус Індустры» «больш не мае права выкарыстоўваць якія-небудзь таварныя знакі, дызайны, тэхнічныя чарцяжы, спецыфікацыі, метады вытворчасці, абсталяванне або іншыя матэрыялы IKEA», але «каментаваць асобныя выпадкі або сітуацыі» не могуць. Таксама нас запэўнілі, што ўжо правялі расследаванне сувязяў «Новус Індустры» і VMG Group ды не выявілі якіх-кольвек парушэнняў закона, санкцый або кодэксу паводзінаў пастаўшчыкоў IKEA.
БРЦ накіраваў пытанні і іншым арганізацыям, згаданым у расследаванні. Да моманту публікацыі адказаў рэдакцыя не атрымала.