Навіны Сёння

«Імёны бенефіцыяраў кампанія не раскрывае». Што «Новус Індустры» адказала БРЦ пра пастаўкі мэблі, уладальнікаў і падабенства да IKEA

Былы падрадчык шведскага брэнду заявіў, што не пастаўляе прадукцыю на акупаваныя тэрыторыі, але не раскрыў імёнаў новых бенефіцыяраў і заказчыкаў.

Беларускі завод «Новус Індустры» паведаміў БРЦ, што не пастаўляе мэблю на акупаваныя тэрыторыі Украіны і Грузіі і не мае звестак пра парушэнне ўмоваў, вызначаных пры перадачы кіравання прадпрыемствам. Кампанія даслала адказ 8 кастрычніка — у дзень публікацыі расследавання пра яе сувязі з літоўскім бізнесам і продаж мэблі, падобнай да мадэляў IKEA.

У расследаванні мы распавялі, як былы падрадчык IKEA працягнуў выпускаць падобную мэблю пасля сыходу шведскага брэнду і пастаўляць яе ў Расею. Галоўны расейскі пакупнік заводу пастаўляў мэблю ў Абхазію, а прадукцыю «Новус Індустры» журналісты выявілі ў прапановах з дастаўкай на акупаваную тэрыторыю Украіны.

Да верасня 2026 года амаль усім беларускім прадпрыемствам праз іншыя кампаніі валодаў Сігітас Паўлаўскас — уласнік літоўскага холдынгу VMG Group, буйнога пастаўшчыка IKEA.

Што завод паведаміў пра пастаўкі

Пры перадачы кіравання «Новус Індустры» новым кіраўнікам паставілі дзве ўмовы — выконваць ужывальныя міжнародныя санкцыі і не весці дзейнасць на акупаваных тэрыторыях. Пра гэта БРЦ раней распавёў Паўлаўскас. У адказе заводу пацвердзілі гэтыя ўмовы і ўдакладнілі, што яны замацаваныя ў рашэнні ўдзельнікаў кампаніі ад кастрычніка 2024 года і дамове аб перадачы кіравання ад сакавіка 2025-га. Падаць дакументы прадпрыемства адмовілася, спаслаўшыся на іх унутраны карпаратыўны характар.

Таксама «Новус Індустры» заявіла, што не пастаўляе прадукцыю на акупаваныя тэрыторыі Украіны і Грузіі.

«Звестак пра парушэнне названых умоваў кампанія не мае», — гаворыцца ў адказе.

Між тым, паводле вывучаных БРЦ мытных дадзеных, у лютым 2025 года расейская «Сведста» — галоўны пакупнік прадукцыі заводу і эксклюзіўны дыстрыб’ютар — паставіла мэблю ў Абхазію, якую Грузія лічыць акупаванай Расеяй. Траціна гэтай расейскай кампаніі належыць Івеце Бычковай, былой супрацоўніцы «Новус Індустры». Завод назваў «Сведсту» самастойнай юрыдычнай асобай, з якой ён не звязаны «ні ўдзелам, ні кіраваннем», і заявіў, што не адказвае за дзеянні трэціх асобаў, якія гандлююць ад свайго імя.

Асобна БРЦ выявіў мэблю «Новус Індустры» ў інтэрнэт-краме, якая прапануе дастаўку на акупаваную тэрыторыю Украіны. У аб’яве для пакупнікоў у самаабвешчанай «ДНР» прадаваўся шафу серыі «Сага», на фотаздымку якой захаваўся лагатып IKEA. Менеджары крамы паведамілі журналістцы, якая выдала сябе за пакупніцу, што тавары развозяць з Масквы.

Хто цяпер валодае прадпрыемствам

«Новус Індустры» пацвердзіла, што яе новымі бенефіцыярамі сталі рэзідэнты ААЭ. Паводле інфармацыі прадпрыемства, кампанія, якая ім належыць, кіруе заводам з сакавіка 2025 года. Імёны новых уладальнікаў завод не раскрыў. Раней іх адмовіліся назваць і Паўлаўскас, і юрыстка, якая прадстаўляе яго інтарэсы.

У беларускім рэестры сярод удзельнікаў «Новус Індустры» па-ранейшаму значацца пяць кампаніяў: тры літоўскія, кіпрская Pronovus Holdings і падкантрольная ёй нідэрландская Novus International Holdings. Паводле паведамлення заводу, долі застануцца толькі ў дзвюх апошніх. Дамову аб саступцы доляў удзельнікі падпісалі ў сярэдзіне жніўня 2026 года. Што сталася з доляй трэцяй літоўскай кампаніі, якую ўскосна кантралюе Сігітас Паўлаўскас, беларускі завод не ўдакладніў. Адсутнасць зменаў у рэестры прадпрыемства патлумачыла тым, што іх рэгістрацыя яшчэ не завершаная.

Пры гэтым змену ўладальніка кіпрскай Pronovus Holdings БРЦ ужо пацвердзіў паводле рэестру: 4 верасня 2026 года замест Паўлаўскаса яе адзіным уласнікам стала зарэгістраваная ў ААЭ Pronovus Management Holdco.

Як завод патлумачыў падабенства мэблі да IKEA

На пытанні пра выпуск мэблі, падобнай да мадэляў IKEA, «Новус Індустры» адказала, што «вырабляе прадукцыю паводле дызайну і чарцяжоў, пададзеных заказчыкамі». Імёнаў гэтых заказчыкаў прадпрыемства ў адказе не пазначыла.

Раней супрацоўніца аддзелу продажаў заводу ў размове з журналісткай БРЦ, якая выдала сябе за пакупніцу, тлумачыла падабенства інакш: прадпрыемства дзесяць гадоў выпускала мэблю толькі для IKEA, таму яго новыя распрацоўкі вельмі падобныя да ранейшых мадэляў. Пры гэтым яна адмаўляла, што гаворка ідзе пра копіі.

Дадзеныя арганізацыяў, якія фігуруюць у расследаванні

Пад кампаніяй «Новус Індустры» ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ТАА «Новус Індустры», папярэдняя назва — ЗТАА «ВМГ Індустры», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 812001297.

Пад кампаніяй Novus International Holdings у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе Novus International Holdings B.V., папярэдняя назва — VMG International Holdings B.V., краіна рэгістрацыі — Нідэрланды, рэгістрацыйны нумар (Chamber of Commerce number) 50196790.

Пад кампаніяй Pronovus Holdings у гэтым матэрыяле маецца на ўвазе Pronovus Holdings Ltd, папярэдняя назва — VMG Holdings Limited, краіна рэгістрацыі — Кіпр, рэгістрацыйны нумар ΗΕ 263599.

Пад кампаніяй «Сведста» ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе ТАА «Сведста», краіна рэгістрацыі — Расея, ІПН 7751226438.

Пад кампаніяй Pronovus Management Holdco ў гэтым матэрыяле маецца на ўвазе Pronovus Management Holdco FZCO, краіна рэгістрацыі — Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, рэгістрацыйны нумар DMCC203133.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць