Навіны 19 кастрычніка

У Літве правераць сувязі віцэ-прэзідэнта Канфедэрацыі прамыслоўцаў з беларускім бізнесам пасля расследавання БРЦ

Завод «Новус Індустры», які належаў літоўскаму мільянеру Сігітасу Паўлаўскасу, гандляваў з кампаніямі ягонага холдынгу VMG Group у 2023—2024 гадах.

Прэзідэнт Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы Відмантас Янулявічус паабяцаў разабрацца ў абставінах, раскрытых БРЦ і партнёрскімі медыямі ў супольным расследаванні. Журналісты высветлілі, што віцэ-прэзідэнт арганізацыі, літоўскі бізнесовец Сігітас Паўлаўскас, да верасня 2026 года заставаўся амаль адзінаасобным бенефіцыярам беларускага мэблевага заводу «Новус Індустры». Гэтае прадпрыемства працягвала гандляваць з кампаніямі холдынгу VMG Group, якім валодае Паўлаўскас, нягледзячы на абвешчанае ў 2022 годзе прыпыненне дзейнасці ў Беларусі.

У каментары выданню 15min, якое было сярод партнёраў БРЦ у гэтым расследаванні, Янулявічус заявіў, што даведаўся пра сувязі Паўлаўскаса з беларускім прадпрыемствам толькі пасля публікацыі. Паводле яго, інфармацыя ў расследаванні «выклікае сур'ёзныя пытанні», таму Канфедэрацыя мае намер «высветліць фактычныя абставіны». Янулявічус паведаміў, што размаўляў з Паўлаўскасам і той запэўніў, што прадаў акцыі беларускага бізнесу.

«Тое, што мы чуем ад спадара Сігітаса, — гэта іншая гісторыя, таму нам фактычна ўсё ж трэба было б самім паглыбіцца і паглядзець, калі ўсё-такі насамрэч адбыліся гэтыя выхады і ўсё астатняе. Таму пакуль мы ў гэтым пытанні на словах не будзем выбіраць ніводнага з бакоў, бо мы проста не ведаем сапраўдных фактычных абставінаў», — сказаў кіраўнік Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы.

Раней, у расследаванні «IKEA сышла — мэбля засталася. Як беларускі завод літоўскага мільянера пастаўляў у Расею аналагі шведскага брэнда», БРЦ высветліў, што Сігітас Паўлаўскас, які ў 2024 годзе ўваходзіў у топ-15 найбагацейшых людзей Літвы, праз кампаніі ў Нідэрландах і на Кіпры да верасня 2026 года валодаў амаль 99% беларускага заводу «Новус Індустры». Да 2022 года прадпрыемства вырабляла мэблю для IKEA, а пасля сыходу шведскага брэнда з Беларусі працягнула выпускаць падобную прадукцыю і пастаўляць яе ў Расею. 

Адгадайце, дзе IKEA

Раўнд 1 10

Шафа

Фота: сайты крам

Журналісты БРЦ выявілі, што асноўны расейскі пакупнік «Новус Індустры» пастаўляў мэблю ў Абхазію, а прадукцыя заводу прадавалася з магчымасцю дастаўкі ў акупаваны Расеяй Данецк. Акрамя таго, расследаванне паказала, што кампаніі холдынгу VMG Group, які належыць Паўлаўскасу і застаецца пастаўшчыком IKEA, працягвалі гандляваць з беларускім заводам у 2023—2024 гадах, нягледзячы на ранейшую заяву аб прыпыненні дзейнасці ў Беларусі.

Сам Паўлаўскас сцвярджае, што перадаў аперацыйнае кіраванне беларускім прадпрыемствам ягонаму менеджменту яшчэ ў 2023 годзе, а да верасня 2026-га прадаў кампанію, праз якую валодаў заводам, неназваным бізнесоўцам з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Іншыя Навіны
«Імёны бенефіцыяраў кампанія не раскрывае». Што «Новус Індустры» адказала БРЦ пра пастаўкі мэблі, уладальнікаў і падабенства да IKEA
Навіны «Імёны бенефіцыяраў кампанія не раскрывае». Што «Новус Індустры» адказала БРЦ пра пастаўкі мэблі, уладальнікаў і падабенства да IKEA
Былы падрадчык шведскага брэнду заявіў, што не пастаўляе прадукцыю на акупаваныя тэрыторыі, але не раскрыў імёнаў новых бенефіцыяраў і заказчыкаў.
13 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць