Гатэльны комплекс у Краснай Паляне, імаверную першую замежную прыватную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, не ўвялі ў эксплуатацыю ў запланаваны тэрмін. Па стане на канец 2025 года ён усё яшчэ лічыўся незавершаным будаўніцтвам. Забудоўнік — кампанія «Комплекс-Инвест» — падаў у суд на двух падрадчыкаў, а сам стаў адказнікам па справе аб нявыплачаным доўгу. У сваёй справаздачнасці кіраўніцтва кампаніі таксама прызнала, што санкцыі і геапалітычная сітуацыя ствараюць істотную нявызначанасць для яе далейшай працы.
Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе ініцыятываў «Рабочы Рух» і «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Па плане — шале, па факце — будаўнічая пляцоўка
У кастрычніку 2025 года БРЦ распавёў, хто фінансуе будаўніцтва элітнага гатэльнага комплексу ў Краснай Паляне, меркаванай першай замежнай прыватнай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Тады журналісты ўстанавілі, што забудоўнікам выступае расейская кампанія «Комплекс-Инвест», створаная адмыслова для гэтага праекту. Завяршэнне будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю планавалі да канца 2025 года. [*] [*]
БРЦ параўнаў здымак тэрыторыі комплексу, зроблены з дрона ў кастрычніку 2025-га, са спадарожнікавым фота з чэрвеня 2026 года. На новым здымку не бачна істотных зменаў, акрамя завершанага пакрыцця даху на самым усходнім будынку. На пляцоўцы надалей не выкладзеныя сцежкі паміж будынкамі, адсутнічае спартовая пляцоўка, прадугледжаная планам, а ў некалькіх месцах стаяць будаўнічыя машыны. [*] [*]
Працы не былі завершаныя, нягледзячы на тое, што за 2025 год у будаўніцтва ўклалі яшчэ $12,3 млн. Пра гэта сведчаць новыя фінансавыя дакументы, якія трапілі ў распараджэнне БРЦ. Паводле іх, на канец 2025 года асноўныя сродкі «Комплекс-Инвеста» ацэньваліся ў 3,05 млрд расейскіх рублёў (каля $39 млн). Гэта нерухомасць, абсталяванне, транспарт і іншая маёмасць, якую кампанія выкарыстоўвае ў сваёй працы. З гэтай сумы каля 560 млн рублёў (каля $7,16 млн) складалі іншыя актывы: зямельны ўчастак, сістэма відэаназірання і бытоўка. А 2,49 млрд рублёў — каля $32 млн паводле курсу на канец 2025 года — прыпадала на незавершанае будаўніцтва гатэльнага комплексу.
За кулісамі будаўніцтва
У чэрвені 2026 года Арбітражны суд Масквы прыняў да разгляду два пазовы «Комплекс-Инвеста» супраць дзвюх расейскіх кампаній. Першая з іх — «Тектон» — займаецца пабудовай гатэльных і жылых комплексаў, храмаў і прамысловых аб’ектаў. Забудоўнік патрабаваў [*] [*] скасаваць дамову і спагнаць з яе 10,8 млн расейскіх рублёў (каля $151 тыс.) беспадстаўнага ўзбагачэння — імаверна, маецца на ўвазе аванс.
З судовых дакументаў не вынікае, пра якую менавіта дамову ідзе гаворка, якія працы выконваў падрадчык і на якім аб’екце ўзнік канфлікт. Аднак прадстаўніца кампаніі «Тектон», з якой журналіст БРЦ паразмаўляў, прадставіўшыся супрацоўнікам праектнай фірмы, што вывучае будаўнічы рынак, сцвярджае, што справа датычыць комплексу ў Краснай Паляне.
«Там з самага пачатку кідальніцкая схема. <...> Замоўца не хоча прымаць ні КС-кі (расейскія формы справаздачнай дакументацыі пра аб’ём і кошт выкананых будаўнічых прац — рэд.), нічога. То-бок замоўца з самага пачатку не хоча ўзаемадзейнічаць. Ён выціскае кампаніі і як бы іх выкідае на ўзбочча. Прычым у нас там аб’ёму [працы] моцна больш зроблена, а яны нават не хочуць то прыняць, на што яны аванс пералічылі. Таму, у прынцыпе, першапачаткова кампанія несумленная».
БРЦ не змог незалежна пацвердзіць словы пра наўмысны характар дзеянняў «Комплекс-Инвеста». Аднак судовыя матэрыялы даводзяць сам факт канфлікту паміж забудоўнікам і падрадчыкам. На пытанне, ці ўзнікалі падобныя праблемы ў іншых выканаўцаў, суразмоўца адказала станоўча.
БРЦ здабыў унікальныя кадры з месца, дзе паўстае маёнтак на грошы кампаній-удзельніц шматлікіх схемаў.
Другі пазоў датычыць кампаніі «Дверная Лига», якая займаецца продажам дзвярэй і брамаў. «Комплекс-Инвест» патрабуе [*] [*] [*] спагнаць з яе больш за 400 тыс. рублёў ($5,5 тыс.). Спрэчка датычыцца вяртання перадплаты па дамове пастаўкі з мантажнымі працамі. Каб даведацца пра дэталі, журналіст БРЦ паразмаўляў з прадстаўніком падрадчыка пад выглядам супрацоўніка кампаніі, якая мае намер пачаць супрацу з «Комплекс-Инвестам».
— Бачым, што ў вас судовая цяжба з імі ідзе, і хочам увогуле праверыць іх як контрагентаў. Можа, вы бы падзяліся, у чым справа? Ці праблемны гэта заказчык? — запытаў журналіст.
— Вам лепей, напэўна, прабіць фінансавую іх гісторыю. Для мяне яны вельмі праблемныя. Ім прывезлі і ўсё ўсталявалі, а яны ў суд падалі. Я не ведаю, гэта ў іх стандартная схема ці не. Таму што мы не адныя, з кім яны судзяцца. Мы свае працы цалкам выканалі, у тэрмін, у поўным аб’ёме. <...> Не ведаю, можа, з іншымі яны прыстойныя, але з намі яны сябе вельмі непрыстойна паводзяць. Яны размаўляюць у такой вельмі форме, такой цікавай, камунікацыйнай, ведаеце — ультыматыўна. На наш погляд, яны абсалютна не маюць рацыі, таму мы не мірна ўрэгулявалі пытанне, не, хоць мы за ўвесь час ні з кім не судзіліся, — распавёў суразмоўца.
— Мы пачыталі, што гэта быццам незвычайны кліент, скажам так, з пэўнымі сувязямі з Беларуссю.
— Так, так і ёсць. Яны з такой пазіцыі пытанні і вырашаюць.
БРЦ не змог пацвердзіць словы суразмоўцы ў іншых крыніцах. Але нам вядома, што дзейнасцю кампаніі «Комплекс-Инвест» дэ-факта кіруе найбліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман.
11 жніўня 2026 года Арбітражны суд Масквы вырашыў адмовіць «Комплекс-Инвесту» ў вяртанні перадплаты за тавары, пастаўленыя «Дверной Лигой».
Суд вызначыў, што супрацьпажарныя дзверы, якія былі прадметам спрэчкі, былі замантаваныя на аб’екце замоўцы, а іх спецыфікацыя адпавядала ўзгодненай бакамі камерцыйнай прапанове. «Комплекс-Инвест» мае права да 7 верасня абскардзіць гэтае рашэнне.
Праблемы не толькі з падрадчыкамі
У той жа час, калі «Комплекс-Инвест» падаваў пазовы супраць сваіх падрадчыкаў, кампанія сама стала адказнікам у справе аб запазычанасці. 26 чэрвеня 2026 года Арбітражны суд Краснадарскага краю прыняў [*] [*] да разгляду пазоў муніцыпальнага прадпрыемства «Водоканал» гораду Сочы. Кампанія патрабуе спагнаць з забудоўніка каля 440 тыс. рублёў ($5,8 тыс.) запазычанасці за студзень 2026 года і яшчэ больш за 26 тыс. рублёў ($347) пені.
Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні
Пад кампаніяй «Комплекс-Инвест» у гэтым матэрыяле разумеецца ООО «Комплекс-Инвест», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7730265490.
Пад кампаніяй «Тектон» у гэтым матэрыяле разумеецца ООО «Тектон», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7743251494.
Пад кампаніяй «Дверная Лига» ў гэтым матэрыяле разумеецца ООО «Дверная Лига», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 2311167630.
Пад сочынскім «Водоканалом» у гэтым матэрыяле разумеецца МУП г. Сочи «Водоканал», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 2320242443.
Апроч сарваных тэрмінаў, судоў з падрадчыкамі і пазову за запазычанасць кампанія мае і іншыя праблемы. Пра гэта сведчыць уласная ацэнка сітуацыі кіраўніцтвам «Комплекс-Инвеста». У справаздачных дакументах за 2025 год за подпісам дырэктара кампаніі адзначаецца, што істотны ўплыў на яе дзейнасць аказваюць геапалітычная сітуацыя, санкцыі супраць Расеі і расейскія контрсанкцыі. Паводле кіраўніцтва, гэта стварае нявызначанасць і значныя сумневы ў здольнасці кампаніі бесперапынна працягваць сваю дзейнасць. Іншай дзейнасці акрамя будаўніцтва комплексу ў Краснай Паляне кампанія не мела.
БРЦ накіраваў пытанні «Комплекс-Инвесту», яе падрадчыкам, а таксама сочынскаму «Водоканалу». На момант публікацыі адказы не паступілі.