Паміж Беларуссю і Венесуэлай ёсць не толькі сяброўства, але і таямніца. І не з танных –  амаль на паўтара мільярда долараў. Наш расследавальніцкі цэнтр сумесна з венесуэльскім выданнем Armando.Info і Цэнтрам па расследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP знайшоў сакрэтныя дакументы, якія гавораць, што ў Беларусі перад Венесуэлай ёсць немалы доўг за пастаўкі нафты, якія былі яшчэ ў часы Уга Чавеса.

Як беларускія ўлады ўмудрыліся ўлезці ў нафтавыя даўгі і дзе яшчэ Менск застаўся вінны Каракасу — у нашым расследаванні.

АДНОЙЧЫ Ў ВЕНЕСУЭЛЕ

Некаторы час таму крыніца з беларускіх дзяржорганаў перадала нам дакументы, з якіх вынікае, што Беларусь да гэтага часу цалкам не разлічылася за венесуэльскую нафту. Хаця атрымала яна яе больш за 10 гадоў таму, яшчэ ў часы прэзідэнцтва Уга Чавеса. Сума доўгу прыстойная –  амаль $1,5 млрд.

У нас ёсць копія дакумента, датаванага вераснем 2015 года, які рыхтавалі да нарады прэм'ер-міністра Беларусі. Ён указвае, што беларускія ўлады зусім і не збіралася вяртаць Венесуэле гэтыя грошы. Калі коратка, там гаворыцца, што Менск вырашыў «разглядаць запазычанасць не як беларускі доўг, а як дапамогу Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла».

Крыніца: Дакумент прадставіла крыніца з беларускіх дзяржорганаў
Крыніца: Дакумент прадставіла крыніца з беларускіх дзяржорганаў
Крыніца: Дакумент прадставіла крыніца з беларускіх дзяржорганаў

Нашыя калегі з OCCRP паспрабавалі высветліць, ці плануе Венесуэла патрабаваць гэты доўг, і накіравалі запыт у дзяржаўную нафтагазавую кампанію Венесуэлы PDVSA, але пакуль адказу не атрымалі.

Генеральны дырэктар Беларускай нафтавай кампаніі Міхаіл Касцечка, калі мы яму патэлефанавалі, таксама нічога не пракаментаваў, бо, паводле яго слоў, увогуле не ведае, пра якую запазычанасць ідзе гаворка.

Але ў дакументах, якія ёсць у нас, дакладна сказана, што гэта за доўг і адкуль ён узяўся. Размова пра дзевяць мільёнаў тон нафты, якая па дамоўленасці з Венесуэлай пачала пастаўляцца ў Беларусь у разгар «энергетычнай вайны» з Расеяй.

Справа была ў 2010 годзе. Тады Крэмль не ішоў на саступкі па аб'ёмах бяспошлінных паставак сыравіны для беларускіх НПЗ. Уладзімір Пуцін спрабаваў такім чынам загнаць Беларусь у Еўразійскі саюз на сваіх умовах. Лукашэнка супраціўляўся і паляцеў да Чавеса, з якім дамовіўся аб альтэрнатыўных пастаўках нафты.

Дамоўленасцей удалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы сяброўскім адносінам Лукашэнкі і Чавеса. Бо дапамогу адна адной дзве краіны аказвалі да таго моманту заўважную: Беларусь дапамагла распрацаваць венесуэльскую сістэму СПА. А Венесуэла, у сваю чаргу, вылучыла Беларусі крэдыт на $500 млн.

Пасля гэтага паміж краінамі з'явіліся дамоўленасці і аб пастаўках тэхнікі, і аб здабычы нафты, і аб будаўніцтве жылля і заводаў – увогуле, Менск і Каракас абвясцілі аб стратэгічным партнёрстве. Таму не дзіўна, што калі Пуцін заганяў Лукашэнку ў Еўразійскі саюз, памяншаючы колькасць субсідаванай нафты для Беларусі, кіраўнік апошняй вырашыў знайсці іншыя крыніцы вуглевадароднай сыравіны. Але самае цікавае тут – гэта цана, па якой Каракас пастаўляў Менску нафту, і ўмовы аплаты тавару.

Па кантракце «Беларуская нафтавая кампанія» купляла ў венесуэльскай PDVSA 30 млн. тон нафты гатунку «Санта Барбара» ці іншага гатунку па дамоўленасці ў 2011-2013 гадах. Сыравіна паступала праз парты Чорнага і Балтыйскага мораў на беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку.

80% кошту нафты БНК аплачвала на рахунак PDVSA не пазней за 35 каляндарных дзён з даты афармлення накладной. А астатнія 20% акумуляваліся ў выглядзе абавязацельства пакупніка перад прадаўцом. Форма выканання абавязацельстваў вызначалася ўрадамі Венесуэлы і Беларусі.

Груба кажучы, Беларусь атрымала скідку на венесуэльскую нафту, паабяцаўшы аплаціць пятую частку ад кошту пазней, але так і не зрабіла гэтага.

У момант, калі танкеры з нафтай паплылі ў Беларусь, венесуэльцы яшчэ не падазравалі, што з імі не разлічацца. І разам з беларусамі пастараліся скараціць выдаткі на дастаўку тавару. Была скарыстаная такая схема: венесуэльская кампанія PDVSA прадавала «Санта Барбару» ў сваіх партах азербайджанскай кампаніі «Сокар», а на беларускія заводы замест «Санта Барбары» ішла азербайджанская нафта маркі «Азеры Лайт».

Крыніца: Дакумент прадставіла крыніца з беларускіх дзяржорганаў

Нягледзячы на ўсе намаганні па патанненні транспарціроўкі, паводле звестак Белстата, расейская нафта ўсё роўна абыходзілася Беларусі танней за венесуэльскую і азербайджанскую. Аднак ад супрацоўніцтва з Каракасам і Баку Менск атрымаў свае выгады: Лукашэнку усё ж такі атрымалася выгандляваць у Пуціна бяспошлінныя пастаўкі нафты.

З 2010 па 2012 год Беларусь купіла ў PDVSA больш за 9 млн. тон сыравіны і заплаціла за іх каля $7 млрд.

Потым у адносінах Лукашэнкі і Пуціна надышлі пацяпленні, і Беларусь перастала набываць нафту ў Венесуэле. І доўг, які ўтварыўся па кантрактах –  20% ад кошту нафты або амаль $1,5 млрд., так за 10 гадоў і не выплацілі. Венесуэла прапаноўвала пагасіць яго, перадаўшы ёй частку акцый «Нафтану», «Менскага аўтамабільнага заводу» і «Беларускага металургічнага заводу». Беларусь жа высунула прапанову вярнуць грошы беларускімі таварамі. Але гэта кулуарна. А публічна запазычанасці нібыта не існавала.

Крыніца: Дакумент прадставіла крыніца з беларускіх дзяржорганаў
Крыніца: Дакумент прадставіла крыніца з беларускіх дзяржорганаў

«Уся гэтая гісторыя з нафтай вылілася ў тое, што Беларусь правяла ўгоду па нярынкавым кошце. Гэта значыць, яна на гэтым вельмі сур'ёзна зэканоміла, не даплаціла Венесуэле дастаткова сур'ёзную суму. І зараз гэта запазычанасць з пункту гледжання Венесуэлы і падарунак з пункту гледжання Беларусі. Гэты абавязак з'яўляецца сталай тэмай беларуска-венесуэльскіх перамоваў», — пракаментаваў сітуацыю Анатоль Котаў, былы дыпламат і супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

Нягледзячы на тое, што перамовы наконт выплаты Менскам грошай Каракасу вядуцца да гэтага часу, венесуэльскі бок, здаецца, афіцыйна ніякіх прэтэнзій Беларусі так і не прад'яўляе. Калі яна захоча вярнуць пазыку, то можа звярнуцца ў міжнародны суд, і той можа пастанавіць спагнаць гэтыя грошы. Каракас мог бы накіраваць сродкі, напрыклад, на выплаты маючым патрэбу ў сваёй краіне – узровень дабрабыту насельніцтва сёння дастаткова нізкі.

СПРАВА ТЭХНІКІ

Як мы даведаліся, нафта –  гэта не адзінае, на чым спрабавалі зарабіць у Венесуэле беларускія ўлады. Былі і іншыя праекты. Напрыклад, паводле дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Чавесам Беларусь пастаўляла ў Венесуэлу тэхніку, у прыватнасці трактары. За іх, мы высветлілі, Беларусь атрымала больш за $270 млн.

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
Крыніца: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Мяркуючы па экспартных дадзеных за 2008-2014 гады, прадавалі трактары Каракасу па адмысловай цане – прыкладна ў 2 разу вышэй рынкавай. Напрыклад, пакуль Куба, Нікарагуа і Эль-Сальвадор у 2011 годзе куплялі беларускі трактар за $15-17 тысяч, у Венесуэлу яны ішлі па $45 тысяч.

Завод па зборцы трактароў Belarus у Венесуэле
Крыніца: bzs.by / Завод па зборцы трактароў Belarus у Венесуэле

Мы патэлефанавалі на «Менскі трактарны завод», каб даведацца, што за трактары пастаўлялі ў Венесуэлу, але там размаўляць не захацелі.

«Давайце адразу скончым размову. Не будзем мы для вас нічога каментаваць», — заявіў прадстаўнік МТЗ.

А вось іншыя сумесныя з Венесуэлай праекты, звязаныя з тэхнікай, аказаліся менш паспяховымі. Напрыклад, заводы па зборцы трактароў «Беларус» і грузавікоў МАЗ пачалі будаваць у штаце Барынас у снежні 2010 года і скончылі ў рэкордныя тэрміны – усяго праз паўтара года. Агульны кошт праектаў ацэньваўся ў $55 млн.

Кожны год на прадпрыемствах планавалі выпускаць 10 тысяч трактароў і 5 тысяч грузавікоў. Беларусь і Венесуэла хацелі збываць прадукцыю не толькі мясцовым фермерам, але і суседнім краінам. Але не склалася. У 2017 заводы прыпынілі сваю працу – у Венесуэле пачаўся эканамічны крызіс. За пяць гадоў на трактарным заводзе ў Венесуэле сабралі ўсяго каля трох тысяч машын. Прыкладна такая ж сітуацыя склалася і на заводзе па зборцы грузавікоў.

Завод па зборцы грузавікоў «МАЗ» у Венесуэле
Крыніца: bzs.by / Завод па зборцы грузавікоў «МАЗ» у Венесуэле

Мы паспрабавалі высветліць на МТЗ і МАЗ, што зараз адбываецца на сумесных прадпрыемствах, але з намі адмовіліся размаўляць па тэлефоне. Летась у снежні нашыя калегі з Венесуэлы ездзілі на гэтыя заводы і выявілі, што яны не працуюць.

ЗАРАБІЦЬ НА БЯДЗЕ

Яшчэ адзін няўдалы праект, куды ўвязалася Беларусь, — будаўніцтва жылля. Неўзабаве пасля таго, як Менск і Каракас заключылі нафтавы кантракт, у Венесуэле з-за паводкі без прытулку засталіся тысячы сем'яў. Чавес запусціў праграму будаўніцтва жылля. Беларусі гэтая справа падалася перспектыўнай, і яна вырашыла паўдзельнічаць у некалькіх праектах. Самым шматабяцальным здавалася будаўніцтва 10 тысяч кватэр на тэрыторыі раёна «Фуэртэ Ціуна» у Каракасе. Кошт праекта ацэньвалі ў $750 млн.

Названыя сумы – гэта 30% ад агульнага кошту праекта
Крыніца: Armando.Info, OCCRP / Названыя сумы – гэта 30% ад агульнага кошту праекта

Але, паводле нашай інфармацыі, Венесуэла пералічыла толькі малую частку ад гэтай сумы авансам. Потым будоўля на доўгі час застопарылася.

«Пакуль плацілі грошы, беларусы будавалі. Як толькі грошай не стала, адпаведна, ніхто будаваць не мог», — тлумачыць былы беларускі дыпламат Павел Слюнькін, які ў 2011-2012 гадах працаваў у «Белзамежбуд».

Будаўніцтва жылля ў Венесуэле
Крыніца: bzs.by / Будаўніцтва жылля ў Венесуэле

Летам 2022 г. беларуская амбасада ў Венесуэле адрапартавала нарэшце, што чарговыя квадратныя метры здадзеныя. І дадала, што паўза была праз заходнія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Венесуэлы. За 15 гадоў беларусы пабудавалі ўсяго 8 тысяч кватэр з запланаваных 20 тысяч – здалі толькі адзін жылы комплекс з трох. Кошт завершанага праекту ў горадзе Маракай і наваколлях ацэньваецца ў $320 млн.

Крыніца: Armando.Info, OCCRP / Сума ўказаная ў баліварах. Перавод у долары ажыццёўлены па курсе 2008 года (2,150 балівара за адзін долар)

ТАЕМНЫ ПАРТНЁР

Не толькі афіцыйны Менск зарабляў на партнёрстве з Венесуэлай. У ходзе расследавання мы знайшлі і бізнесменаў, якія змаглі атрымаць сваю выгаду з сяброўства Чавеса і Лукашэнкі.

І заводы, і жыллё ў Венесуэле будавала кампанія «Белзамежбуд». Яна з’явілася ў канцы вясны 2007 года. Яе заснавалі «для выканання даручэнняў ураду па будаўніцтве жылля і іншых аб'ектаў у Венесуэле».

Па нашых падліках, «Белзамежбуд» выканаў у Венесуэле праекты як мінімум на паўмільярда долараў. Частка гэтых грошай пайшла не толькі дзяржаве, але і ў прыватную кішэню.

Заснавальнікам кампаніі выступілі чатыры прадпрыемствы. Два з іх – «Гомельпрамбуд» і «Будаўнічы трэст № 8» падпарадкаваныя ўраду, а два іншых – прыватныя. Хто ж гэтыя таямнічыя бізнесоўцы, якія склалі кампанію ўладамі?

9 ліпеня 2007 года –  праз месяц з лішкам пасля з'яўлення кампаніі «Белзамежбуд», урадавая дэлегацыя з Беларусі адправілася ў Каракас. На борце самалёта былі тагачасныя віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка і кіраўнік Савета бяспекі Віктар Шэйман. Лукашэнка прызначыў яго курыраваць беларускія праекты ў Венесуэле. Сярод пасажыраў прысутнічаў і бізнесовец Віктар Шаўцоў.

Менавіта ён і стаў адным з бенефіцыяраў беларускіх праектаў у Венесуэле. Тады Шаўцоў быў ключавым уладальнікам «Трастбанку».

Яшчэ адным прыватным удзельнікам «Белзамежбуда» з 39% доляй стала фірма «Белпарс» – дачка іранскага холдынгу Kayson, заснаваная бізнесменам Махамадам Рэза Ансары.

З часам 39% акцый «Белзамежбуд» перайшлі спачатку эмірацкай кампаніі Almando, а затым іншай эмірацкай фірме Alm Investments.

За імі стаіць даўні партнёр Шаўцова, рэзідэнт Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў султан Махамед Ахмад Аль-Зараім Аль-Сувайдзі. Але, па сутнасці, будаўнічым бізнесам запраўляў Шаўцоў, які быў старшынёй рады дырэктараў «Белзамежбуд».

Крыніца: «Кіберпартызаны»

Падчас згаданага вышэй урадавага візіту «Белзамежбуд» падпісаў кантракт на пастаўку беларускай тэхнікі ў Венесуэлу. А праз пяць месяцаў, у снежні 2007 года, калі Лукашэнка ўпершыню пабываў у Каракасе з афіцыйным візітам, беларускі забудоўшчык атрымаў першы кантракт на будаўніцтва жылля ў штаце Арагуа. У 2009 годзе кампанія падпісала яшчэ адзін кантракт на будаўніцтва заводу па выпуску будматэрыялаў з меркаванымі інвестцыямі ў $112 млн. 

Віктар Шаўцоў (справа) і Махамед Ахмад Аль-Зараім Аль-Сувайдзі (у цэнтры)
Крыніца: bzs.by / Віктар Шаўцоў (справа) і Махамед Ахмад Аль-Зараім Аль-Сувайдзі (у цэнтры)

Але самым паспяховым годам для «Белзамежбуд» быў 2010 год, калі былі заключаныя новыя кантракты і на жыллё, і на будаўніцтва заводаў па зборцы беларускай тэхнікі. Іх падпісалі падчас чарговага візыту Лукашэнкі ў Каракас. Гэта значыць, высокапастаўленыя чыноўнікі лабіравалі не толькі інтарэсы дзяржавы ў Венесуэле, але і прыватных асоб.

«У момант росквіту ўсіх гэтых будаўнічых праектаў Шаўцоў быў уваходны ў дастаткова сур'ёзныя кабінеты менавіта дзякуючы таму, што карыстаўся пратэкцыяй і дапамогай сябра Уга Чавеса», – распавёў нам Анатоль Котаў.

Віктар Шаўцоў сапраўды даволі часта падарожнічаў у кампаніі беларускіх чыноўнікаў. З дапамогай «КіберПартызанаў» мы знайшлі два ягоныя ваяжы з Віктарам Шэйманам, чатыры – з Уладзімірам Сямашкам, і больш за 20 – з тагачасным намеснікам міністра, а потым і міністрам архітэктуры і будаўніцтва Анатолем Нічкасавым.

Апошняму мы патэлефанавалі і паспрабавалі высветліць у яго, ці лабіравалі беларускія чыноўнікі інтарэсы Віктара Шаўцова ў Венесуэле.

«Навошта вы мяне пра іншага чалавека пытаецеся? Я ведаю, што міністэрства рабіла, што я рабіў. А вы кажаце: падарожнічаў. Ды не падарожнічаў я. Я выконваў заданні ўраду па арганізацыі будаўніцтва ў Венесуэле. Гэта былі нашыя міждзяржаўныя абавязальніцтвы», – адказаў суразмоўца.

Наконт інтарэсаў Шаўцова Нічкасаў сказаў:

«Не, не і яшчэ раз не. І размова наша скончана. Больш не турбуйце».

Дык хто ж гэты бізнесмен Віктар Шаўцоў, якому даверыліся беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі? Справа ў тым, што заснаваны ім «Інфабанк» аказваў пэўныя паслугі ўладам. Як пісала выданне «Ежедневник», гэты банк вырас на пасрэдніцкіх аперацыях са спецыфічнымі краінамі, у якіх у сілу астракізму з боку ЗША і Захаду спрабавала шукаць сваю нішу кіраўніцтва Беларусі.

У 2004 годзе «Інфабанк» Шаўцова трапіў пад абмежаванні ЗША па падазрэнні ў адмыванні грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Сродкі былі заробленыя на ўгодах у абыход праграмы ААН «Нафта ў абмен на харчаванне».

Паводле інфармацыі выдання «Ежедневник», пад іракскі праект была створаная беларуская кампанія «Белметалэнерга». І адным з яе бенефіцыяраў, як можна здагадацца, быў Віктар Шаўцоў.

Менавіта «Белметалэнерга» забяспечыла 90% паставак беларускай тэхнікі ў Ірак. А Ірак плаціў за гэта нафтай, якая прадавалася на сусветным рынку, пісала выданне  «Ежедневник».

У 2014 годзе пасля разбіральніцтва ЗША знялі абмежаванні з банка. Да таго часу яго ўжо перайменавалі ў «Трастбанк», а цяпер ён называецца «Банк Рашэнне». Асноўны бенефіцыяр фінансавай установы – ужо згаданы намі Махамед Аль-Сувайдзі. Шаўцоў – яго мінарытарны акцыянер і ўзначальвае назіральны савет банку.

«Віктар Шаўцоў так ці інакш звязаны са структурамі «Інфабанка»/«Трастбанка» і ўгодамі з нафтай у Іраку. У якасці такога пасярэдніка ён зарабіў сабе капітал. І натуральна, калі ва ўсім гэтым удзельнічаў беларускі бок, то гэта азначала пэўную ступень набліжанасці да Лукашэнкі. Адпаведна, яго з'яўленне ў Венесуэле ў якасці асноўнага аператара будоўлі – гэта не з'яўляецца абсалютна выпадковасцю, гэта хутчэй заканамернасць», – пракаментаваў нам Анатоль Котаў.

Сувязі з Персідскімі краінамі былі дарэчы і падчас венесуэльскіх праектаў. Як мы даведаліся, Віктар Шаўцоў браў крэдыты на будаўніцтва ў Каракасе ў сваіх арабскіх партнёраў.

Уга Чавес (злева) і Віктар Шаўцоў (другі справа)
Крыніца: udf.by / Уга Чавес (злева) і Віктар Шаўцоў (другі справа)

Ёсць і яшчэ адзін цікавы факт у біяграфіі Шаўцова. У кастрычніку 2011 года яго затрымаў КДБ па падазрэнні ў асабліва буйным крадзяжы. Справа была звязаная з будаўніцтвам жылля ў Венесуэле. У гэтай лацінаамерыканскай краіне «Белзамежбуд» падазравалі ў сувязях з арматурнай мафіяй, якая займалася кантрабандай жалеза. Размова ішла і аб крадзяжы будматэрыялаў.

Гэтую справу 23 снежня 2011 года каментаваў сам Лукашэнка.

«Гэта звычайная крымінальная справа, у нас такіх хапае, але гэты спадар не першы раз трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў. Шкоду нанёс дзяржаве? Двухразовы, трохразовы памер –  грошы на стол, і пайшоў. Не заплаціць грошы – будзе сядзець у турме», – цытавала яго дзяржагенцтва БелТА.

СМІ пісалі, што Шаўцоў выйшаў на волю ў снежні 2012 года. Доўгі час аб ім нічога не было чуваць.

Нягледзячы на тое, што ў Менску на Шаўцова запісаны вялікі катэдж у Драздах і чатырохпакаёвая кватэра ў цэнтры, як нам удалося высветліць, ён з'ехаў з Беларусі. Аднак ён па-ранейшаму звязаны з «Белзамежбуд». Праўда, у красавіку 2022 года кампанію перайменавалі ў «ВіяСЕТрэйд».

Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў  Рэспублікі Беларусь
Крыніца: Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў Рэспублікі Беларусь

На яе сайце ні слова пра праекты ў Венесуэле. Тым не менш, па нашых дадзеных, склад акцыянераў кампаніі не змяняўся, а Шаўцоў там, як і раней, старшыня савету дырэктараў.

Мы папрасілі ў Шаўцова пракаментаваць нашую інфармацыю аб ягоным удзеле ў венесуэльскіх праектах. Але ён перадаў праз прадстаўніка, што пакіне яе без каментароў.

Мы дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.

Іншыя Расследаванні