Як звязаныя рэстаран Fabriq, кафэ «Балкон» і сетка пякарняў Paul у Менску? Што агульнага ў іх з пастаўкамі БелАЗаў на расейскі рынак і арганізацыяй латарэй? Усё гэта сферы інтарэсаў «Прэзідэнцкага спартовага клуба», які ўзначальвае сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый. Рэстаранны бізнес — не самая відавочная з іх. БРЦ высветліў, што частка сталічных устаноў, а дакладней, іх уладальнікаў, так ці інакш звязаныя з гэтай дзяржарганізацыяй. 

Быць датычным да структур «Прэзідэнцкага спартовага клуба» (ПСК) — для бізнесменаў часцяком значыць атрымаць дзяржаўны зачур у бізнесе і запамогу ў выглядзе прывілеяў ды ільгот. Асабліва, калі ў справе — набліжаныя да беларускай верхавіны.

БРЦ ужо публікаваў расследаванне, як сям'я Лукашэнкі ўзбагачаецца з дапамогай ПСК. Да прыкладу, Гандлёвы дом БелАЗ, дзяржаўны манапольны дылер жодзінскай тэхнікі ў Расеі, прадае яе праз прыватныя кампаніі жонак сваіх менеджараў, звязаных з жонкай сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя, Ганнай. Таксама ў розныя гады клуб займаўся арганізацыяй латарэй, будаўніцтвам і паліграфіяй.

Адзін з ключавых герояў гэтай публікацыі звязаны і з сям'ёй Лукашэнкі, і з «Прэзідэнцкім спартовым клубам». Муж Таццяны Кулаковай, роднай сястры жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі, — Уладзімір. Ён з 2011 года, паводле звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі, узначальвае УП «Клуб тэніса», які ўваходзіць у структуру РДГА «Прэзідэнцкі спартовы клуб». [*] [*] [*] [*] [*] Яму ж належыць частка сталічнага рэстарана Fabriq. [*] [*] Іншыя вядомыя ўстановы — «Балкон», сетка французскіх кафэ-пякарняў Paul, Grand Cafe, Blondes and Brunettes (на момант публікацыі зачынены) адкрыліся і працуюць таксама не без сувязяў з прэзідэнцкім спартклубам. У размове з БРЦ рэстаратар Вадзім Пракоп'еў назваў іх уладальнікаў «другім эшалонам»:

«Гэта такія менскія бізнесмены, якія звязаныя з рэжымам, але пры гэтым ім удаецца трымацца ў цені, у адрозненні ад суперзорак, такіх як Мікалай Варабей, Шакуцін, браты Карычы. Вось гэты пласт — другі эшалон, як я б яго назваў, ён мне цікавы, на ім таксама трымаецца рэжым. < ... > Я ўпэўнены, што яны кормяць, як мінімум, сілавікоў».

БРЦ склаў мапу кафэ і рэстаранаў, якія належаць згаданым у гэтым расследаванні прадпрымальнікам ці чальцам іх сем'яў. 

Сувязі на выраст

Сувязь з прэзідэнцкім «Клубам тэніса» адыграла не апошнюю ролю ў бізнесе двух сталічных рэстаратараў — Івана Малько і Іллі Рыбакова. Іх справы пайшлі ў гару менавіта пасля працы ў клубе і знаёмства са сваяком Лукашэнкі Уладзімірам Кулаковым.

Іван Малько з 2009 па 2011 гады значыўся дырэктарам у «Клубе тэніса». [*] Намеснікам прызначылі яго бізнес-партнёра, спартсмена і выпускніка Ваеннай акадэміі Ігара Лахвіча. [*] На момант выхаду тэксту Лахвіч узначальвае Беларускую федэрацыю пляжнага тэніса, якая была створана пры падтрымцы ПСК.

Са слоў крыніцы з блізкага атачэння Малько, прадпрымальнік меў зносіны з набліжанымі да прэзідэнцкага спартклубу яшчэ ў 2000-х: 

«У Малько былі корты. Корты гэтыя былі на Севастопальскім парку, і ён гэтыя корты ў 2000 годзе вельмі дорага прадаў "Прэзідэнцкаму спартоваму клубу". І тады вось, з таго моманту, ён меў добрыя зносіны з Віцем [Лукашэнкам]. Ён меў зносіны добрыя і з Дзімам [Лукашэнкам]"». 

Іван Малько шукаў магчымасць увайсці ў блізкае кола сям'і Лукашэнкі задоўга да афіцыйнага партнёрства з прэзідэнцкім спартклубам, «таму што бізнес-магчымасцяў там відавочна больш». Пра гэта БРЦ распавёў рэстаратар і экс-партнёр Малько Вадзім Пракоп'еў:

«І вось здарылася так, што ён быў прадстаўлены Дзмітрыю Лукашэнку, і пачалося іх такое вось сяброўства. Дзмітрый прыехаў аднойчы на дзень народзінаў Івана ў Раўбічы, а там было дастаткова шмат прадстаўнікоў менскага бізнесу, і, увогуле, усе яны, усе яны здзівіліся ў той момант, таму што ўсё ж такі гэта не было распаўсюджанай з'явай».

Са слоў іншай крыніцы БРЦ, знаёмай з Іванам Малько, ён сам ахвотна распавядаў пра сяброўства з сынамі Аляксандра Лукашэнкі: «Дарослыя дзядзькі, а не толькі дзяўчынкі сядзелі, раскрыўшы рот, і слухалі, як Іван, які ён сябар [Лукашэнкі], як ён уваходны ва ўсе дамы і лазенькі, паездкі і іншыя рэчы».

Іван Малько і Дзмітрый Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Іван Малько і Дзмітрый Лукашэнка

У 2011-м Малько на пасадзе дырэктара «Клуба тэніса» змяніў Уладзімір Кулакоў. Малько ж сышоў на месца Кулакова — стаў саўладальнікам турыстычнай кампаніі ПУП «Дыскаўнт Травэл». [*] [*]

Ілля рыбакоў з лістапада 2011-га па травень 2012-га быў саўладальнікам «Клуба тэніса». Яго доля складала 49%. [*] Цяпер клуб цалкам належыць ПСК.

Малько і рыбакоў сталі разам весці бізнес яшчэ ў нулявых. У 2000 годзе першы працаваў гендырэктарам у ЗАТ «Экспа-Трэвэл». [*] Другі прыйшоў працаваць да яго намеснікам. [*] У 2002 годзе яны заснавалі сваю першую кампанію — турагенцтва «Турціла». [*] [*]

«Ілля рыбакоў — гэта не блізкі сябар, гэта Івана [Малько] аднакласнік, і ён у Івана проста адказвае за фінансы. Гэта камерцыйны дырэктар усіх, усіх праектаў Малько. <...> Гэта значыць Ваня [Малько], вось які хітры — ён нідзе ніколі не хацеў быць на паперках», — распавяла БРЦ крыніца, знаёмая з бізнесменамі. 

Гэта ж БРЦ пацвердзіла іншая крыніца, знаёмая з Малько і Рыбаковым: «Ён [Рыбакоў] гадамі, дзесяцігоддзямі займаецца тым, што курыруе фінансы Івана Малько. < ... > Усе чорныя, белыя касы, афшоры і іншыя рэчы з дакументальнага пункту гледжання, усе гэтыя вось пытанні — гэта справа рук Рыбакова».

У 2004-м партнёрам па бізнесе Малько становіцца Ігар Лахвіч. [*] [*] [*]

З 2006 па 2007 гады Малько сумяшчаў вядзенне бізнесу з працай памочнікам дэпутата. А з 2007-га па 2008-ы — працай у Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы. [*]

У рэстаранную сферу бізнесмены прыйшлі ў 2005 годзе. Тады Малько, Лахвіч і Рыбакоў заснавалі сваю першую кампанію, якая працуе ў гэтай галіне, — ТАА «ОГК Сталіца». У 2009-м да ТАА «ОГК Сталіца» далучыліся сын бізнесмена Анатоля Садоўскага Ігар і рэстаратар Вадзім Пракоп'еў. [*] [*] [*] [*]

Анатоль Садоўскі — кіраўнік вядомага сталічнага бізнес-клана.[*]

На момант выхаду тэксту Садоўскі не лічыцца ўладальнікам многіх актываў — яны перапісаныя на жонку Людмілу і сына Ігара. [*]

Ігару Садоўскаму належыць кампанія «Сталічная рэстарацыя», якая з'яўляецца саўладальнікам многіх устаноў Садоўскіх, у тым ліку Fabriq. [*] [*] [*] [*]

Кіруе рэстаранам Fabriq Наталля Садоўская (Ярмоленка) — дачка Анатоля Садоўскага. [*] Яна замужам за сынам спявачкі Алесі (Вольгі Мінец), муж якой — буйны бізнесмен, былы партнёр Сяргея Цяцерына. У 2020 годзе Наталля ўзначаліла Асацыяцыю рэстаратараў Беларусі, пасунуўшы Вадзіма Пракоп'ева. У тым жа годзе яе заўважылі на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі.

Наталля Садоўская (Ярмоленка)
Крыніца: БРЦ / Наталля Садоўская (Ярмоленка)

Рэстаранная імперыя з ліванскім прысмакам

Прыкладна з 2010 года развіццё рэстараннага бізнесу Малько і Рыбакова прыкметна паскорылася. За 10 гадоў яны сталі ўладальнікамі (частковымі або аднаасобнымі) больш дзясятка ўстаноў. Сярод іх Grand Cafe і News Cafe (адчынілася ў 2006 годзе), эспрэса-бар «Роса», клуб Blondes and Brunettes. 

Верагодна, за магчымасць стварыць рэстаранную імперыю, Малько прыйшлося пайсці на ўгоду з беларускімі ўладамі — а дакладней, са спецслужбамі. Такое меркаванне ў размове з расследавальнікам БРЦ выказаў Вадзім Пракоп'еў:  

«Афіцэр ААЦ... стаў найбліжэйшым сябрам і паплечнікам Малько. Па вялікім рахунку, гэтая ўгода выглядае так. Вы, Іван Іванавіч, можаце рабаваць няўдачлівых менскіх бізнесменаў, колькі хочаце. Нам патрэбна ад вас інфармацыя пра іх сувязі, пра іх дзеянні, пра іх рахункі, пра іх фінансы, пра іх каханак, пра іх жыццё, пра іх актывы за мяжой. Ваша задача — не зарывацца, акрамя цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў можаце рабіць усё, чым увогуле Іван і карыстаўся. І, зразумела, нейкія такія прыемнасці, як язда п'яным за стырном, пашпарты, яшчэ нейкія прыемныя дробязі — гэта ўсё ўваходзіла ў пакет паслуг».

Паспрыяў развіццю спраў Малько і Рыбакова таксама беларускі бізнесмен ліванскага паходжання Рамэа Абдо. Некаторыя медыі мяркуюць, што ён звязаны з «гаманцамі» Лукашэнкі — Аляксеем Алексіным, Аляксандрам Шакуціным і Мікалаем Вараб'ём. Акрамя таго, Абдо быў згаданы ў скандале з адмываннем грошай у Непале.

Журналісты-расследавальнікі міжнароднай сеткі OCCRP сцвярджаюць, што Рамэа Абдо належыць кампанія BNK Holding. У 2007 годзе бізнесмен разам з непальскімі інвестарамі рэалізаваў некалькі будаўнічых праектаў у Беларусі, у тым ліку гандлёвы цэнтр і бізнес-цэнтры — Rubin Plaza і Silver Tower. 

Іван Малько і Рамэа Абдо — добрыя сябры. Пра гэта БРЦ распавяла крыніца з атачэння бізнесмена: 

«Калі будаваўся “Галілеа”, то ён на падмурку, Малько, казаў: "Мы робім нашы рэстараны на кожным паверсе ў цябе ў самых класных лакацыях". І Рамэа тады яму проста па дружбе даў супер нізкую арэндную стаўку. Гэта значыць не як ва ўсіх, а проста супер нізкую. Там ён у тры ці чатыры разы танней, чым усе плацілі. І Малько абраў сабе самыя люксавыя месцы. Гэта там, дзе быў Union Coffee на другім паверсе, потым зверху каля кінатэатра кафэ "Балкон"».

Ёсць і іншыя дэталі, якія паказваюць, што Малько і Абдо маюць зносіны не толькі ў межах сумеснага бізнесу. У 2013 годзе Іван Малько ездзіў на Поршэ Рамэа Абдо ў Літву. [*] [*] Жонкі бізнесменаў — Марыя Абдо і Кацярына Малько прыяцелькі. [*] [*] [*] [*]

Яны адпачывалі ў Сэн-Трапэ ў тым жа 2013-м. [*] Акрамя таго, Кацярына наведвала мастацкую галерэю Марыі A&V Art у Менску. [*]

У студзені 2012-га Малько стаў уласнікам кампаніі «Спортюніан — Дэльта», а Рыбакоў пазней — кіраўніком. Кампаніі належыць рэстаран Café de Paris, ён уваходзіць у Union Hospitality Group. [*] [*] [*][*][*]

У гэты ж час бізнесмены зарэгістравалі кампанію «Сімпл Прожэктс», пазней Рыбакоў прадаў сваю долю Tirmen Development. У сакавіку Малько стаў сузаснавальнікам СТАА «Інтэрнэшнл Франчайзінг». Абедзве кампаніі займаліся прадстаўленнем паслуг рэстаранам. [*] [*] [*] [*] [*] [*]

Tirmen Development — гэта афшор на Віргінскіх астравах, ускосна звязаны з фірмамі Рамэа Абдо. Ён валодаў шасцю кампаніямі Рыбакова і Малько. 

У жніўні 2012-га Малько стаў уладальнікам долі кампаніі-ўласніцы ўстаноў «Балкон» і Milano Café — ТАА «Венедыкт Трэйдынг». [*] [*]

У 2013 годзе праз кіпрскі афшор Malsim Limited Іван Малько набыў ТАА «Савана-Спорт Трэйдынг», якому на момант публікацыі належыць сетка французскіх кафэ Paul. [*] [*] [*] [*] Раней яно валодала і ўстановамі па франшызе расейскай «Крошки-картошки».

У красавіку 2016 года праз кіпрскі афшор Іван Малько набыў долю ў кампаніі, якая валодае сеткай Union Coffee (ТАА «Капаліані»). [*] [*] У кастрычніку — частку ТАА «СтэлсЦэнтрПлюс», уласніка Michel café. Пазней Рыбакоў стаў там кіраўніком. [*] [*] [*]

У снежні 2016-га Малько купіў яшчэ адно кафэ Paul, якое належыць ТАА «Юніён Хаспіталіці». [*] [*] У жніўні ён стаў замест Рыбакова саўладальнікам Golden coffee (ТАА «Алнеіл»). [*] [*] [*] [*]

У лютым 2018-га Малько ўвайшоў у долю рэстарана «Рэнесанс» (ТАА «Палівектар»). [*] [*] У ліпені ён стаў саўладальнікам ТАА «Кіко Інтэрнэшнл Плюс», якой належыць яшчэ адна кропка Paul. Рыбакоў заняўся кіраваннем кампаніі. [*] [*] [*]

За тры месяцы да ўваходжання Малько і Рыбакова ў ТАА «Кіко Інтэрнэшнл Плюс» кампанію зарэгістравалі, а потым выйшлі са складу саўладальнікаў Сяргей Кананенка і Дзмітрый Кірылаў. У 2020 годзе менавіта гэтыя бізнесмены сталі фігурантамі гучнай «цукровай справы» ў Беларусі як удзельнікі карупцыйнай схемы.

У 2019 годзе Малько стварыў службу дастаўкі прадуктаў з крамаў і ежы з рэстаранаў — ТАА «Дэліверы Плюс». [*] [*]

На апярэджанне санкцый

Паводле інфармацыі крыніцы БРЦ, на момант публікацыі Малько з сям'ёй жыве ў Іспаніі, але працягвае весці справы ў Беларусі. Праўда, пасля пратэстаў 2020 года бізнесмен перааформіў самыя буйныя актывы на жонку (паводле дакументаў цяпер былую) і дачку. На лістапад 2023 года долі ва ўсіх кампаніях, якія валодаюць установамі рэстараннай групы Union Hospitality Group, належаць жонцы Кацярыне і дачцэ бізнесоўца Алене Малько, а таксама афшору на Віргінскіх астравах Tirmen Development, ускосна звязанаму з кампаніямі Рамэа Абдо. [*]

Крыніца: БРЦ

Жонцы бізнесмена і Tirmen Development у розных далях і праз розныя кампаніі належаць Café de Paris, Michel café, рэстаран «Балкон» і Milano Café. Дачцэ разам з тым жа афшорам — сетка французскіх кафэ-пякарняў Paul. За самім Іванам Малько застаецца доля ў 3,1% у ТАА «Полівектар», якому раней належаў рэстаран «Рэнесанс» на Інтэрнацыянальнай. 

Ілля Рыбакоў вядзе справы Малько ў Беларусі і кіруе кампаніямі «СтэлсЦэнтрПлюс», «Савана-Спорт Трэйдынг» і «Венедыкт Трэйдынг». [*] [*]

Крыніца: Facebook-акаўнт Ганны Кулаковай
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі

Адчувальныя прывілеі

Набліжанасць да сям'і Лукашэнкі дае цалкам адчувальныя прывілеі. Да прыкладу, крыніца з бізнес-колаў, знаёмая з Малько, распавядае, што памяшканне для клуба Blondes and Brunettes бізнесоўцу ўдалося займець дзякуючы спартклубу: 

«Усё гэта нейкім чынам вырашалася праз "Прэзідэнцкі спартовы клуб". Таму што Малько тады выхваляўся, што калі б не "Прэзідэнцкі спартовы клуб", то гэтага б памяшкання не было».

Як менавіта магло вырашацца «праз" Прэзідэнцкі спартовы клуб"», БРЦ распавёў рэстаратар Вадзім Пракоп'еў:

«У “Прэзідэнцкім спартовым клубе" правая рука Дзмітрыя Лукашэнкі па мянушцы Руды, клічуць яго Андрэй Карповіч, магу памыліцца, але вы можаце пераправерыць. Вось ён быў такім анёлам-выратавальнікам. Вельмі часта выратоўваў Малько з самых непрыемных сітуацый. Малько, адпаведна, яму ўдзячны і плаціў яму той жа манетай: купляў падарункі, адпраўляў у нейкія падарожжы, рабіў усё, што трэба рабіць».

Яшчэ адзін прыклад — кампанія «Подыум Стар». Яна валодае вядомым сталічным рэстаранам Fabriq (на яго стварэнне выдаткавалі блізу $1,5 млн) і арандуе памяшканне ў цэнтры Менску (пр. Пераможцаў, 1). Кожны год пазачарговы сход акцыянераў разглядае пытанне аб зніжцы на арэндную плату для ўстановы. Наколькі вядома БРЦ, такіх сходаў для іншых кампаній-арандатараў не праводзілася. Пра гэта сведчаць дадзеныя на афіцыйным сайце арэндадаўца ААТ «Цэнтр Моды». 

Цяперашнія саўладальнікі Fabriq Садоўскія не працавалі ў структурах «Прэзідэнцкага спартовага клуба». Аднак у 2015 годзе ў «Подыум Стар» з доляй 25% увайшоў сваяк Лукашэнкі Уладзімір Кулакоў. У 2019 годзе ён прывёў у Fabriq сваю сястру Ганну, якая раней працавала ва ўстанове Садоўскага «Анёлы», а да гэтага — у «Клубе тэніса».

У Ганны Кулаковай з 2019 года таксама ёсць доля ў кампаніі — ТАА «Рэстаран Гэтсбі», зарэгістраванай у вёсцы Каралёў стан Менскага раёну.

Крыніца: Facebook-акаўнт Ганны Кулаковай
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Facebook-акаўнт Ганны Кулаковай
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Крыніца: Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі
Анатоль Садоўскі і Уладзімір Кулакоў
Крыніца: БРЦ / Анатоль Садоўскі і Уладзімір Кулакоў

Будынак ААТ «Цэнтр Моды», дзе размешчаны Fabriq, па паведамленнях медыяў, належыць фірмам, афіляваным з сям'ёй Садоўскіх. У 2019 годзе тагачасны дырэктар «Цэнтру Моды» Ігар Сяліцкі паведаміў, што Fabriq арандуе памяшканне на спецыяльных умовах. Такую заяву ён зрабіў пасля з'яўлення інфармацыі аб яго звальненні 16 снежня 2019 года (хоць яшчэ ў пачатку месяца Сяліцкага ўзнагародзілі ганаровай граматай Менскага гарсавету). Ён пагражаў падаць на «Подыум стар» у суд для спагнання пені і штрафу за пратэрміноўку плацяжоў па арэндзе. 

Будынак, які займае Fabriq, належыць ААТ «Цэнтр Моды». [*] [*]

39,99% кампаніі валодае дзяржава, а кантралюе — Беллегпрам. [*] 44% акцый, як пісалі медыі, належаць фірме Ігара Садоўскага ТАА «Сталічная рэстарацыя», ТАА «Аваланш», якім кіруе таксама Ігар Садоўскі, і ТАА «Марупэ» пад кіраваннем жонкі Ігара Садоўскага Марыны. [*] [*] [*] [*] [*] [*] І хоць намінальныя ўласнікі двух апошніх — іншыя людзі, кампаніі так ці інакш афіляваныя з бізнесменам. Да прыкладу, да траўня 2022 года ТАА «Марупэ» валодаў Максім Дарафееў. І ён жа да 2021 года выступаў заснавальнікам кампаніі «Голдэн Проджэкт МНТ», якой цяпер валодае партнёр па бізнесе Садоўскага Сяргей Пушны. [*] [*] Пра ўгоды з афіляванымі асобамі паміж ААТ «Цэнтр Моды» і ТАА «Подыум Стар» сведчаць дадзеныя за 2023 год на Адзіным партале фінансавага рынку.

Садоўскія, па дакументах, якія трапілі ў распараджэнне БРЦ, у жніўні 2023 года плацілі за арэнду памяшкання для рэстарана Fabriq каля $10,8 за кв. м. Каб даведацца рынкавую цану такога памяшкання, мы, пад выглядам зацікаўленых арандатараў, патэлефанавалі ў адно з найбуйнейшых сталічных агенцтваў нерухомасці і пацікавіліся, колькі каштуе аналагічнае — плошчай паўтары тысячы квадратаў. Нам прапанавалі памяшканне на вуліцы Інтэрнацыянальнай за $17, 7 за кв. м.

Таксама мы вывучылі цэны на падобныя памяшканні, якімі валодае Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, і знайшлі прапанову за $6,3 за кв. м у цэнтры Менску. Аднак гэтыя плошчы пустуюць — мабыць, ёсць прычыны, па якіх арандатараў не прыцягвае нават такая дэмакратычная цана. 

Афшорныя партнёры

Пасля таго як Садоўскія пачалі працаваць з Уладзімірам Кулаковым, новыя кампаніі і рэстараны адкрываліся амаль кожны год. У нулявых жа Анатоль Садоўскі займаўся продажам угнаенняў.

У верасні 2015 года Ігар Садоўскі і яго маці сталі ўласнікамі ТАА «Сталічная рэстарацыя». У лістападзе таго ж года кампанія набыла долю фірмы-уладальніцы, якая пазней адкрыла рэстарана Gan Bei, — «Рэстлайн». [*] [*] А ў снежні ён набыў рэстаран-караоке «Анёлы» (ТАА «Гарадская рэстарацыя»). [*] [*]

У кастрычніку і снежні 2016-га «Сталічная рэстарацыя» ўвайшла ў долю ў дзвюх фірмах. «Фудстайл» валодала ўстановамі Golden Coffee. У 2017-м «Галерэя Фуд» таксама зарэгістравала кропку гэтай сеткі. [*] [*] [*] [*]

У сакавіку 2017 года «Сталічная рэстарацыя» стала сузаснавальнікам «Глобус Гурмэ», а ў лістападзе гэтая ж кампанія з Ігарам Садоўскім і яго партнёрам заснавалі ТАА «Цэнтрахлеб», якія валодаюць установамі ў сетцы Kinza. [*] [*] [*] [*] У сакавіку 2018-га «Сталічная рэстарацыя» стала саўладальнікам рэстаранаў Gan Bei («Азія Мол»). [*] [*]

У канцы лета 2020-га кампанія Анатоля Садоўскага «Сталічная рэстарацыя» купіла 75% кампаніі «ОГК Сталіца», якой належаць Grand Cafe, News Cafe, эспрэса-бар «Россо» і цяпер закрыты клуб Blondes and Brunettes. «ОГК Сталіца» — тая самая кампанія, якую ў 2005 годзе заснавалі Малько, Рыбакоў і Лахвіч. Яшчэ 10% кампаніі сёння належаць літоўскай фірме «Асмела» і 15% — Алегу Ахрэму. Кампанія Ахрэма «Олдынг» у 90-х стала ўдзельнікам гучнага скандалу з махлярствам у адукацыі. У 2014 годзе яе кіраўніком быў Анатоль Садоўскі.

«Олдынг» змяніла шыльду на ТАА «БЦ Тайм» і цяпер здае памяшканні ў арэнду. Кіруе «БЦ Тайм» Ігар Садоўскі. Яго кампаніі «Сталічная рэстарацыя» належыць 0,1% долі ў «БЦ Тайм». Астатнія 99,9% — латвійскаму ТАА «Сталіца», бенефіцыяр якога — афшор на Сейшэльскіх астравах Smart Enterprise LTD. Гэтая ж сейшэльская кампанія была адным з заснавальнікаў «Подыум Стар» да таго, як ім стаў Уладзімір Кулакоў.

У некаторых з гэтых кампаній акрамя Садоўскага ўласнікам выступаюць кіпрскія афшоры і Латвійская ТАА «Апарт Інвест» (SIA Apart Invest), уладальнік і адзіны бенефіцыяр якой — Анатолійс Кацюрбенка (Anatolijs Kocjurbenko). [*] [*][*]

Ён, па паведамленнях медыяў, звязаны з латвійскай часткай сеткі Golden Coffee. У справаздачнасці кампаніі Apart Invest за 2022 год паказана, што яе абаротныя сродкі і капітал складаюць усяго €1837. [*]

Gan Bei і Golden Coffee Садоўскага размяшчаліся ў сталічным ТРЦ Green City, яшчэ адзін Gan Bei — у ТРЦ Dana Mall. У 2022 годзе бізнесмен прадаў гэтыя актывы свайму партнёру Сяргею Пушному. Dana Mall — гэта актыў «гаманцоў» Лукашэнкі братоў Карычаў, дзе ў тым ліку размешчаная галерэя Ліліі Лукашэнкі, жонкі старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара. А Green City да 2018 года валодаў «Прэзідэнцкі спартовы клуб». [*] [*]

Крыніца: БРЦ

Акрамя ўсяго пералічанага вышэй сувязі з прэзідэнцкім спартклубам могуць даваць яшчэ адзін прывілей — стабільнасць. Для менскіх рэстаратараў праблемнай можа быць пазіцыя арандатара, калі ўладальнік або саўладальнік памяшкання — дзяржава. 

Як распавяла крыніца БРЦ, у цэнтры гораду, дзе адкрывалі свае рэстараны набліжаныя да ПСК, дамова арэнды, як правіла, заключаецца не больш чым на пяць гадоў: 

«І праз пяць гадоў, калі ў цябе няма нейкай добрай “крышы”, то цябе проста адтуль выганяюць».

Уладзімір Кулакоў у гутарцы з БРЦ пацвердзіў, што такое становішча спраў можа быць праблемай для бізнесменаў. Таксама сваяк Дзмітрыя Лукашэнкі, саўладальнік аднаго з самых дарагіх рэстаранаў Менску Fabriq, сказаў, што ў Беларусі няма «”крыш” з 90-х», а ў яго асабіста — людзей, якія гэтымі «крышамі» маглі б быць. Кулакоў таксама адзначыў, што ён «ужо сем гадоў не працуе дырэктарам "Клуба тэнісу"» і «Прэзідэнцкі спартовы клуб» ніякага дачынення да яго бізнесу (рэстарана Fabriq) не мае, «апроч як калі часам хтосьці з супрацоўнікаў, можа быць, прыйдзе туды паесці».

Мы адправілі афіцыйны запыт у ТАА «Подыум Стар» і Рамэа Абдо, але на момант публікацыі не атрымалі адказ. Саўладальніца Union Hospitality Group Кацярына Малько адмовілася з намі размаўляць па тэлефоне, гэтак жа як Ілля Рыбакоў і Ігар Садоўскі. Апошні прыгразіў напісаць на БРЦ заяву ў міліцыю.

UPD 04.12.2023: БРЦ не мае пацверджання інфармацыі, прыведзенай у цытатах крыніц.

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць