Расследаванні

26 кастрычніка 2021

Як «аршанскі афшор» спрабуе абысці санкцыі Захаду і незадаволенасць Расеі

За апошні год бізнесоўцы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі, траплялі пад санкцыі як з боку Захаду – за тое, што зарабляюць грошы для ўладаў, так і з боку Расеі – за рээкспарт санкцыйных тавараў. Але, як выявіла расследаванне праграмы «Давайце разбірацца», накласці эфектыўныя абмежаванні не ўдалося ні тым, ні другім

За апошні год бізнесоўцы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі, траплялі пад санкцыі як з боку Захаду – за тое, што зарабляюць грошы для ўладаў, так і з боку Расеі – за рээкспарт санкцыйных тавараў. Але, як выявіла расследаванне праграмы «Давайце разбірацца», накласці эфектыўныя абмежаванні не ўдалося ні тым, ні другім.

У 2013 годзе на беларускім бізнес-полі з'явіліся загадкавая кампанія «Брэміна груп», якая атрымлівала смачныя надзелы пад будаўніцтва мытна-лагістычных цэнтраў проста на галоўных грузавых памежных пераходах Беларусі – у Бераставіцы і Брузгах. 

Паводле дакументаў, якія да нас трапілі, капітальныя выдаткі на будаўніцтва мультымадальнага комплексу ў Балбасаве пад канец мінулага года склалі амаль $ 35 000 000.

Далей больш. Кампанія стала ствараць буйны мультымадальны комплекс у паселішчы Балбасава ў Аршанскім раёне, задзейніўшы аэрадром мясцовага авіярамонтнага заводу. У 2018 годзе Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сваю дапамогу гаспадарам «Брэміна груп» і запатрабаваў паскорыць будаўніцтва комплексу

а яшчэ праз год узаконіў, мабыць, найбуйнейшы ўнутры беларускі афшор – асаблівую эканамічную зону «Брэміна-Ворша». Ільготаў там нават больш, чым у кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» або ў Парку высокіх тэхналогіяў. Куратарам праекту Лукашэнка паставіў свайго старэйшага сына Віктара, у якога раней памочнікам працаваў старшыня савету ўдзельнікаў кампаніі «Брэміна груп» Аляксандр Зайцаў.

Улетку 2021 года «Брэміна груп» трапіла пад заходнія санкцыі якраз з прычыны блізкасці бізнесу да ўладаў. У рашэнні ЕЗ сказана, што кампанія атрымала дзяржаўнае падтрыманне на развіццё асаблівай эканамічнай зоны ў Аршанскім раёне з мытнымі і падатковымі льготамі.

«Уладальнікі «Брэміна-Ворша» – Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў – уваходзяць у кола бізнесоўцаў, блізка звязаных з Лукашэнкам, і падтрымліваюць цесныя стасункі з ім і ягонай сямʼёй. Такім чынам «Брэміна груп» атрымлівае выгады ад рэжыму Лукашэнкі», – мяркуюць у Бруселі.

Пасля ўвядзення санкцый у «Брэміна груп» сказалі, што прадбачылі такі крок і назвалі яго спробай перадзелу рынку лагістыкі. 

Сапраўды, прыкладна за паўгода да ўвядзення заходніх абмежаванняў лагістычны аператар зрабіў крокі на апярэджанне. Пасля таго, як у канцы 2020 года пад еўрапейскія санкцыі трапіў адзін з суўладальнікаў «Брэміна груп» Мікалай Варабей, кампанія дэ-юрэ пазбавілася ад двух афіляваных структураў: кампаніяў «Рузэкспедыцыя» і «ВЛАТЭ Лагістык».

Адзіным уладальнікам «Рузэкспедыцыі» стаў яе генеральны дырэктар Яўген Крахоцін. Ён узначаліў кампанію задоўга да сыходу з «Брэміна груп» – у лістападзе 2017 года. Са словаў Крахоціна, змена ўласнікаў у «Рузэкспедыцыі» не звязаная з санкцыямі.

«Мы наогул павінны былі стварацца як тэхнічны партнёр «Брэміна груп», але потым адмовіліся ад гэтага праекту. Чаму? Таму што, груба кажучы, «Брэміна груп» – гэта кіроўная кампанія. У асноўным гэта будаўніцтва мультымадальнага комплексу. Плюс кіраванне іншымі наяўнымі актывамі, – каментуе Крахоцін. – Мы зразумелі, што ўсё ж такі экспедыцыя – гэта асобная кампанія, гэта асобны від бізнесу, які залежаць ад некага, ад іншай кампаніі або ад холдынгу не можа. Але нашы юрысты не так хутка спрацавалі, як хацелася б». 

«ВЛАТЭ Лагістык» кіруе лагістычнымі комплексамі на памежных пераходах у Бераставіцы і Брузгах. З траўня 2017 года да снежня 2020 года «Брэміна груп» была адзіным уладальнікам «ВЛАТЭ Лагістык». Але потым уласнікамі фірмы стала група фізічных асобаў: Алег Герасім і Алег Пятроў, Яўген Крахоцін і Алег Барабанаў, Дзмітрый Замулевіч і Уладзімір Аркадзьеў.

Як аказалася, яны так ці інакш звязаныя з цяперашнімі ўладальнікамі «Брэміна груп». Герасім і Пятроў лічацца топ-менеджарамі гатэльна-рэстараннага комплексу «Сябры», падкантрольнага Аляксею Алексіну. Крахоцін – кіраўнік і ўладальнік «Рузэкспедыцыі», а Барабанаў – дырэктар «ВЛАТЭ Лагістык». Замулевіч працаваў на Мікалая Варабʼя. Ён быў дырэктарам кампаніі «Інтэрсэрвіс».

Дарэчы, сёння ў асаблівай эканамічнай зоне «Брэміна-Ворша» працуюць чатыры рэзідэнты: «Брэміна груп», «Рузэкспедыцыя», Еўразійская інвестыцыйная група і «Сохра». Усе кампаніі маюць шырокія падатковыя, мытныя ды іншыя льготы і таксама звязаныя паміж сабой.

Змена ўладальнікаў дазволіла падкантрольным лагістычным кампаніям працягнуць сваю дзейнасць. Чым яны займаліся? «Рузэкспедыцыя» чыгункаю пастаўляла беларускія тавары ў Кітай. А праз «ВЛАТЭ Лагістык», са словаў удзельнікаў рынку, ішоў рээкспарт тавараў у Расею. Паводле звестак базы «ImportGenius», якія праграма «Давайце разбірацца» атрымала ад Цэнтру расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), «ВЛАТЭ Лагістык» пастаўляла ў РФ галандскія кветкі, нямецкае піва і вуглевадарод, французскія гарчыцу, кетчуп і аўтадэталі.

За мінулы год выручка кампаніі вырасла больш як у 60 разоў (да Br 450 млн), чысты прыбытак – амаль у дзевяць разоў (да Br 17,8 млн). У 2020 годзе кампанія заплаціла амаль Br 4 млн адпрыбытковага падатку, але іншых падаткаў і збораў не плаціла. Гэтаму спрыяў закон.

Са снежня 2019 года «ВЛАТЭ Лагістык» – упаўнаважаны эканамічны аператар. Такі статус па прэзідэнцкім указе дазваляў не плаціць ПДВ пры ўвозе тавараў у Беларусь, але пры ўмове іх далейшага экспарту за межы краіны. Папярэднія расследаванні паказалі, што за кошт такой прэферэнцыі беларускія кампаніі і іх расейскія партнёры добра зараблялі на рээкспарце розных тавараў у Расею. Прычым яшчэ і заніжаўся мытны кошт тавару, што дазваляла плаціць у бюджэт у разы менш, чым мусілі.

Адной з самых гучных гісторыяў была схема з кветкамі. Расейскія вытворцы гэтай прадукцыі настойліва раілі ўладам спыніць беларускую схему рээкспарту.

1 верасня 2021 года Лукашэнка скасаваў указ, які прадугледжваў вызваленне ад ПДВ на тавары, што ўвозяцца для далейшага рээкспарту.

Неўзабаве Мінфін Расеі паведаміў, што пастаўкі танных кветак удалося спыніць пры дапамозе адмены Менскам нулявога ПДВ.

Але ці сапраўды схема рээкспарту больш не працуе? Бо Казахстан сёлета ўвёў аналагічныя падатковыя прэферэнцыі.

«Мы з Казахстанам маем зносіны на гэтую тэму. Мы паведамляем аб парушэннях нашым партнёрам, калегі з Казахстану перадаюць нам інфармацыю, калі расейскі бізнес парушае закон, – сказаў першы намеснік кіраўніка Федэральнай мытнай службы Расеі Руслан Давыдаў, адказваючы на пытанне, ці чакае ФМС рост папулярнасці шэрых схемаў імпарту праз Казахстан.

Кіраўнікі «Брэміна груп» і «ВЛАТЭ Лагістык» адмовіліся ад каментароў.

Аўтары Аляксандр Ярашэвіч, Ксенія Вязнікоўцава, рэдактар Станіслаў Івашкевіч

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць