Навіны

02 лютага 2023

Беларусь трапіла ў топ-10 краін з самымі вялікімі паказнікамі па паніжэнні «Індэкса дэмакратыі» у свеце

Беларусь займае 26 месца ў рэгіёне, знаходзячыся паміж Узбекістанам і Таджыкістанам.

У 2022 годзе Рэспубліка Беларусь апусцілася адразу на 7 пунктаў, заняўшы 153 месца са 167 краін. Таксама Беларусь трапіла ў топ-10 краін у свеце, дзе паказнікі рэйтынгу ўпалі на большую колькасць пунктаў.
index of democracy 2022
Крыніца: EIU / Топ 10 паляпшэнняў і паніжэнняў рэйтынгу (злева 10 краінаў, дзе рэйтынг на аснове вымярэнняў 2021-2022 гадоў павялічыўся, а справа – тыя краіны, дзе ён зменшыўся)

Першай сярод краін, якія паказалі найгоршыя вынікі ў 2022 годзе, стала Расея, у якой было самае вялікае пагаршэнне паказнікаў сярод усіх краін свету. Ацэнка Расеі знізілася на 0,96 бала да 2,28 з 3,24 у 2021 годзе, і яе глабальны рэйтынг упаў са 124-га месца на 146-е, што блізка да ніжняй часткі глабальнага рэйтынгу. Беларусь, што паказальна, уступіўшы Расеі 146 месца, упала на 153 месца, суседзямі нашай краіны па дадзеным рэйтынгу сталі такія краіны як: Эрытрэя (152 месца) і Іран (154 месца). Па «Індэксе дэмакратыі» наша краіна ацэньваецца ў 1.99 з 10.

Індэкс дэмакратыі
Крыніца: EIU / Сусветны рэйтынг «Індэкса дэмакратыі»

Дарэчы, сярэдні рэйтынг па Ўсходняй Еўропе, куды аналітыкі дадаюць і краіны сярэдняй Азіі, складае 5,39, у яго ўваходзяць 28 краін. Беларусь займае 26 месца ў рэгіёне, знаходзячыся паміж Узбекістанам і Таджыкістанам. Аналітыкі The Economist сцвярджаюць, што ў рэгіёне па-ранейшаму няма «паўнавартасных дэмакратый»: з 28 краін 16 «з недастатковай дэмакратыяй» (уключаючы ўсходнія дзяржавы – сябры ЕЗ і большую частку заходніх Балкан), чатыры краіны з «гібрыдным рэжымам» (Арменія, Боснія і Герцагавіна, Грузія і Украіна) і восем «аўтарытарных рэжымаў» (Азербайджан, Беларусь, Расея і ўсе краіны – сябры Цэнтральнаазіяцкай Садружнасці Незалежных Дзяржаў).

Рэйтынг «Індэкса дэмакратыі» у рэгіёне Усходняя Еўропа
Крыніца: EIU / Рэйтынг «Індэкса дэмакратыі» у рэгіёне Усходняя Еўропа

У дакладзе вялікае месца надаецца ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і прычынах правалу дэмакратычных інстытутаў у Расеі. Аналітыкі The Economist лічаць, што распад СССР быў успрыняты Расеяй як прыніжэнне на фоне заходняй фанабэрыі. Расейскім лідарам было вельмі цяжка прыняць гэты падзел ці ідэю аб тым, што былыя савецкія рэспублікі былі суверэннымі нацыянальнымі дзяржавамі. Асабліва гэта датычылася Беларусі і Украіны. Калі Украіна пайшла па дэмакратычным прынцыпе развіцця і заняла 87 месца з індэксам 5.42, то Беларусь працягвае скочвацца ў аўтарытарызм.

Рэйтынг «Індэкса дэмакратыі», складаецца аналітычным падраздзяленнем часопісу The Economist з 2006 года. Індэкс заснаваны на 60 паказнікаў, згрупаваных у пяць катэгорый, якія вымяраюць плюралізм, грамадзянскія свабоды і палітычную культуру.

Іншыя Навіны