Кватэра, у якой зарэгістравана Lexie Ventures, належыць Марыусу Гіржадасу (Marius Giržadas). З 2017 года ён з'яўляецца акцыянерам Lexie Ventures, а да гэтага ўзначальваў літоўскую кампанію One Energy. Яна зарабіла мільярды еўра на продажы беларускіх нафтапрадуктаў у інтарэсах Юрыя Чыжа. Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас (Gintautas Paluckas) заявіў журналістам, што нічога не ведае пра сувязь яго суседа Гіржадаса з беларускім бізнесоўцам Аляксеем Алексіным і кампаніяй Lexie Ventures.
Да 2018 года Lexie Ventures была зарэгістравана ў паўразбураным будынку ў Вільні па адрасе вуліца Гедрайчу, 2. Праз гэту кампанію ў літоўскай сталіцы купілі кватэру і зарэгістравалі ў ёй яшчэ дзве фірмы — Paralama і Corami. Яны не вялі камерцыйнай дзейнасці, але праз іх рахункі за два гады правялі €46 млн. Грошы належалі структурам «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі Аляксею Алексіну і Аляксандру Зайцаву. БРЦ дэталёва распавёў пра гэта ў сумесным расследаванні з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP і выданнем Siena.
У доме на Гедрайчу, 2 таксама была зарэгістравана фірма Uni Trading. У 2014-м яна пазычыла кампаніі літоўскага прэм'ера Палуцкаса Sagerta амаль €70 тыс. Пры гэтым гадавы прыбытак Sagerta у тым годзе склаў €40, а страта — амаль €40 тыс. Кампанія трывала страты і наступныя два гады, але гэта не паўплывала на даступнасць крэдытнай лініі. Да 2017-га Sagerta атрымлівала ад Uni Trading крэдыты на агульную суму €181 тыс. Праз год прэм'ер Палуцкас афіцыйна выйшаў са складу акцыянераў кампаніі. А ў 2023 годзе Sagerta збанкрутавала з доўгам звыш €270 тыс.
Старшынём рады акцыянераў Uni Trading, паводле дадзеных Siena, быў літоўскі бізнесовец Дарыюс Вільчынскас (Darijus Vilčinskas). Выданне паведамляе пра яго сяброўства з яшчэ адным літоўскім бізнесоўцам — Вілюсам Каваляўскасам (Vilius Kavaliauskas), заснавальнікам кампаніі Lewben. Ёй належалі кампаніі Paralama і Corami, праз якія ў Літву выводзілі сродкі структуры Алексіна і Зайцава.
Апроч таго, Каваляўскас фігураваў ва ўцечцы Pandora Papers як прадстаўнік Вітольда Тамашэўскага (Vitoldas Tomaševskis), даўняга партнёра Юрыя Чыжа і арганізатара шматмільярднай схемы па перапродажы беларускіх нафтапрадуктаў. Літоўская частка схемы праходзіла праз кампанію One Energy, якую ўзначальваў Марыус Гіржадас, сусед літоўскага прэм'ера і арэндадаўца Lexie Ventures.