Навіны 18 сакавіка

Праект Dubai Unlocked атрымаў узнагароду Асацыяцыі Бізнес Журналістаў SABEW. БРЦ у яго рамках расказаў пра сувязь братоў Карычаў з рэзідэнцыяй «Усход»

Звязаныя з Карычамі кампаніі маглі быць намінальнымі ўласнікамі рэзідэнцыі Лукашэнкі «Усход» — жылога комплексу на беразе Менскага мора.

Праект Dubai Unlocked перамог у намінацыі Data Journalism (Medium Division). У маштабным расследаванні, якое выйшла ў траўні 2024 года, бралі ўдзел больш за 70 медыяў з усяго свету, у тым ліку і Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Праект каардынаваў міжнародны Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP (Organized Crime and Corruption Reporting Project). Яго рэалізацыя стала магчымай дзякуючы выцеку дадзеных пра нерухомасць у Дубаі за 2020 і 2022 гады.

У рамках Dubai Unlocked журналісты БРЦ высветлілі, на што клан сербскіх бізнесоўцаў Карычаў, вядомы сувязямі з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі, мог выдаткаваць заробленае ў Беларусі. Бізнесоўцы і іх сваякі набылі як мінімум шэсць кватэр у ААЭ, таксама яны ўкладаюцца ў нерухомасць у Лондане.

Звязаныя з Карычамі кампаніі маглі быць намінальнымі ўласнікамі рэзідэнцыі Лукашэнкі «Усход» — жылога комплексу на беразе Менскага мора. Афшоры, на якія была аформлена рэзідэнцыя, былі звязаны з кампаніяй Карычаў Dana Holdings. Пра гэта кажуць узаемаразлікі і фінансавыя справаздачы за 2019 і 2020 гады.

Журы асацыяцыі дзелавых журналістаў SABEW (Society for Advancing Business Editing and Writing) адзначыла, што «маштаб і складанасць гэтага праекту перасягнулі яго канкурэнтаў у гэтай катэгорыі, у якой было некалькі дужых прэтэндэнтаў». Узнагароды Асацыяцыі ў іншых катэгорыях сёлета атрымалі такія выданні як The New York Times, Bloomberg, Wired, The Wall Street Journal і іншыя. 

Асацыяцыю бізнес журналістаў SABEW заснавалі ў 1964 годзе ў ЗША. Місія асацыяцыі — «падтрымваць усёахопнае і этычнае асвятленне [падзей] без страху ці староннасці». 

Іншыя Навіны