Навіны

20 чэрвеня 2023

Праваабаронцу Насту Лойку прыгаварылі да 7 гадоў калоніі па справе аб «распальванні варожасці». У гэтым вінавацяць амаль 20% палітвязняў у Беларусі

За «распальванне варожасці», сярод іншых, на 25 гадоў асудзілі прадпрымальніка і актывіста Мікалая Аўтуховіча.

У аўторак, 20 чэрвеня, суд у Менску пакараў праваабаронцу Насту Лойку 7 гадамі калоніі. Яе прызналі вінаватай у распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК РБ). Справу распачалі з-за дакладу «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і грамадскіх актывістаў у Беларусі (2017 – жнівень 2018)».
Наста Лойка
Крыніца: prisoners.spring96.org

БРЦ вывучыў спіс палітвязняў праваабарончай арганізацыі «Вясна», у якім зараз знаходзяцца 1475 чалавек, і высветліў, што 274 з іх выставілі абвінавачанні па артыкуле аб «распальванні варожасці» (альбо толькі па ёй, альбо ў ліку іншых). Таксама па гэтым артыкуле абвінавачваліся 56 чалавек з ліку былых палітычных вязняў.

За «распальванне варожасці», сярод іншых, на 25 гадоў асудзілі прадпрымальніка і актывіста Мікалая Аўтуховіча. Акрамя таго, у «распальванні варожасці» падазраецца Эдуард Бабарыка, сын прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Ёсць артыкул 130 у абвінавачанні ў Ігара Лосіка, адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу». Ён асуджаны на 15 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ў гэтым спісе – палітолаг Валерыя Касцюгова (10 гадоў калоніі), галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава (12 гадоў калоніі) і іншыя.

Пік затрыманняў беларусаў, якім у выніку прадʼявілі абвінавачанні ў «распальванні варожасці», прыпаў на 2021 год. Тады былі затрыманыя 192 чалавекі. У 2022-м – калі сілавікі схапілі Насту Лойку – былі затрыманыя 105 чалавек, якіх у выніку абвінавацілі па гэтым артыкуле. У бягучым годзе былі затрыманы 13 чалавек. У гэтую статыстыку не трапілі пяць чалавек, чыю дату затрымання дакладна ўстанавіць не ўдалося.

«Распаленне варожасці» – трэці па папулярнасці артыкул абвінавачання палітвязняў. На першым месцы – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (487 чалавек), на другім – «абраза прэзідэнта» (300 чалавек), на чацвёртым – «абраза прадстаўніка ўлады» (273 чалавек), на пятым – «удзел у масавых беспарадках» (149 чалавек). Многія са спісу палітвязняў абвінавачваюцца адразу па некалькіх артыкулах.

Іншыя Навіны