Навіны

07 снежня 2023

Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч атрымаў узнагароду «Чэмпіён па барацьбе з карупцыяй» ад Дзярждэпартаменту ЗША

Сёлета Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў каля двух дзясяткаў расследаванняў.

Станіславу Івашкевічу, кіраўніку Беларускага расследавальніцкага цэнтру, уручылі ўзнагароду Anti-Corruption Champions Award (ACCA). Ёй адзначаюць актывістаў і журналістаў за ўклад у барацьбу з карупцыяй. 

Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў узнагароды «Чэмпіён па барацьбе з карупцыяй» прайшла 7 снежня ў Дзяржаўным дэпартаменце. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адзначыў, што прэмія Станіславу Івашкевічу ўручаецца: «За яго непахісную прыхільнасць барацьбе з карупцыяй і ўзмацненню ўздзеяння санкцый супраць Расеі і Беларусі».

«Як часта бывае, на ўзнагародзе — імя толькі аднаго з нас. Але гэта прызнанне заслугаў абсалютна кожнага [члена каманды БРЦ]. Мы працуем не дзеля ўзнагарод, але гэта добрая інфанагода ўзгадаць, што робячы сваю справу дзень за днём, кожны з нас на сваім месцы ў БРЦ мяняе свет», — падкрэсліў пасля цырымоніі Станіслаў Івашкевіч. 

Сёлета Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў каля двух дзясяткаў расследаванняў, дзе раскрыў карупцыйныя схемы, шляхі абыходу санкцый ЕЗ і ЗША, на якіх зарабляе сям'я Аляксандра Лукашэнкі і набліжаныя да яе. За 2023 год БРЦ раскрыў схем больш чым на $3 млрд.

Да прыкладу, БРЦ высветліў, што: 

Самы буйны «нафтавы кашалёк» Лукашэнкі Анатоль Тарнаўскі пазбягае згадак сябе нават у дакументах уласных кампаній, што дапамагае яму гадамі сыходзіць ад санкцый;

Аляксандр Лукашэнка і людзі з яго атачэння спрыяюць вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны — спачатку яны трапляюць у Расею, пасля некаторыя аказваюцца ў Беларусі;

Другую хвалю міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕЗ справакавала Расея, а на мігрантах зараблялі турфірмы пры падтрымцы беларускіх сілавікоў; 

Некаторыя прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы, нягледзячы на санкцыі ЕЗ, працягваюць прадаваць беларускую драўніну ў Еўразвяз;

Дапамагаюць Беларусі абыходзіць эмбарга Казахстан і Кыргызстан;

Лукашэнка «контрсанкцыйным» указам стварыў на рынку Беларусі штучны дэфіцыт прадуктаў з ЕЗ. Яго сябар, бізнесовец Сяргей Цяцерын увозіць некаторы імпарт у абыход санкцый і прадае беларусам па больш высокай цане.

У тым ліку дзякуючы расследаванням БРЦ 5 снежня Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла ў санкцыйны спіс уладальніка «Амкадора», бізнесмена Аляксандра Шакуціна.

ACCA заснаваў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у лютым 2021 года. Сёлета ўзнагароду атрымалі 11 лаўрэатаў. За ўвесь час існавання ACCA ёй адзначылі 43 чалавекі. 

Іншыя Навіны