Навіны

15 красавіка

«Ён яшчэ доўга будзе знаходзіцца ў закладніках». Журналісту Сяргею Сацуку споўнілася 56 галоў — у калоніі

Апошняе расследаванне Сацука было прысвечана карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Крыніца: БелТА
Ужо трэці дзень нараджэння журналіст-расследавальнік, рэдактар парталу «Ежедневник» Сяргей Сацук сустракае ў зняволенні. У панядзелак, 15 красавіка, яму споўнілася 56 гадоў. Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў», баіцца, што ў закладніках уладаў Сацук застанецца надоўга. У каментары БРЦ ён нагадвае, што прысуд журналісту — палітычна матываваны.

Свой 56-ы дзень нараджэння Сяргей Сацук, рэдактар заблакаванага зараз парталу «Ежедневник», сустракае ў магілёўскай папраўчай калоніі №15. Туды яго, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», этапавалі летась у сярэдзіне сакавіка.

Сяргея Сацука можна назваць адным з найлепшых беларускіх журналістаў-расследавальнікаў, сказаў у каментары БРЦ Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (БАЖ):

«Сацук — гэта той чалавек, які рабіў свае расследаванні, свае матэрыялы, калі яшчэ не было такіх крыніц і такой абароны [як у журналістаў, якія зараз выехалі з Беларусі]. У Сяргея былі крыніцы ў розных структурах, ён цікавіўся бізнес-асяроддзем, цікавіўся медыцынай. <...> Менавіта за расследаванні, за публікацыі Сяргей і сядзіць».

Апошняе расследаванне Сацука было прысвечана карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. У артыкуле аб прысудзе журналісту на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» пісалі, што «ён распавёў пра беспрэцэдэнтныя “адкаты” за пастаўку дарагога абсталявання; аб закупцы незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабавалі на беларускіх дзецях; аб фальсіфікацыі дадзеных па распаўсюджванні COVID-19 у Беларусі».

Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года. Яго абвінавачвалі па трох артыкулах крымінальнага кодэксу: атрыманне хабару (ч. 2 арт. 430 КК), перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК) і распальванне іншай варожасці (ч. 2 арт. 130 КК). Менавіта апошні артыкул КК — распальванне варожасці — Гарэцкі называе паказнікам палітызаванасці справы супраць Сацука.

26 кастрычніка 2022 года суддзя Святлана Бандарэнка пагадзілася з прапановай пракурора і прыгаварыла журналіста да пазбаўлення волі тэрмінам на восем гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Для разгляду справы і вынясення рашэння ёй спатрэбілася крыху больш за месяц.

Па артыкуле аб атрыманні хабару журналіста затрымлівалі і годам раней. У сакавіку 2020-га Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што Сацук атрымаў $5000 «за падрыхтоўку і размяшчэнне на прыналежным яму сайце артыкулу, які змяшчае кампраметуючыя звесткі ў дачыненні да канкурэнтаў суб'екта гаспадарання — кампаніі "Анімед"». Журналіст правёў тады ў зняволенні дзесяць дзён, пасля чаго генпракурор адмяніў рашэнне аб узяцці яго пад варту.

Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Сацука палітычным вязнем. На наступны дзень пасля яго затрымання, 9 снежня 2021 года дзевяць арганізацый падпісалі адкрыты ліст, у якім назвалі справу супраць журналіста «працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступлення на свабоду слова».

«Ён яшчэ доўга будзе знаходзіцца ў закладніках. <...> Сяргей — гэта класічны беларускі журналіст, які заўсёды працаваў у беларускім пытанні, у беларускім полі. Хто зараз за яго можа заступіцца?» — сказаў у каментары БРЦ Гарэцкі.

Таксама прадстаўнік БАЖу паведаміў, што Сацук хварэў, «яму трэба прымаць лекі, у яго хворае сэрца». Але як журналіст сябе адчувае зараз, не вядома, бо родныя «не гатовыя публічна гэтай інфармацыяй дзяліцца».

Усяго ў свеце, паводле дадзеных справаздачы «Рэпарцёраў без межаў», на канец 2023 года ў зняволенні знаходзіўся 521 журналіст. Беларусь заняла трэці радок у рэйтынгу па колькасці арыштаваных супрацоўнікаў медыя — у снежні мінулага года іх налічвалася 39 чалавек. На момант публікацыі, паводле інфармацыі БАЖу, 34 беларускія журналісты знаходзяцца ў зняволенні.

БРЦ нагадвае, што напісаць ліст Сяргею Сацуку можна па гэтым адрасе: ВК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183, Сяргей Віктаравіч Сацук, на лістах пазначаць «каранцін».

Крыніца: БелТА
Крыніца: БелТА

Іншыя Навіны