У 2023 годзе экспарт беларускіх тавараў перавысіў $40 млрд. Гэта рэкордны паказнік за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі, калі не лічыць 2011-2012 гадоў — часоў так званых растваральнікаў і распушчальнікаў (маштабнай схемы рээкспарту расейскіх нафтапрадуктаў у краіны Еўразвязу).
Адбылося гэта на фоне высокага сусветнага попыту на тры асноўныя пазіцыі айчыннага экспарту: калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты і драўніну. У 2022 годзе заходнія краіны наклалі санкцыі на пастаўкі гэтых тавараў і краіна амаль цалкам страціла еўрапейскі рынак. Тым не менш летась аб'ёмы беларускага экспарту аднавіліся, а па некаторых пазіцыях нават выраслі.
Разварот на Усход
Калі да ўвядзення санкцыяў Беларусь штомесяц экспартавала 60 тыс. кубаметраў піламатэрыялу, то ў 2023 годзе пастаўкі выраслі да 77 тыс. кубаметраў. Пра гэта ў лютым мінулага года паведаміў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.
Асноўным пакупніком беларускага лесу стаў Кітай. Калі да санкцыяў краіна набывала 37% экспартнай драўніны з Беларусі, то ў 2023-м яго доля павялічылася да 52%. Амаль чвэрць беларускага экспарту драўніны цяпер ідзе ў Азербайджан (да санкцыяў яго доля была 4%), 6% — у Расею.
Аднавіўся таксама экспарт угнаенняў. За мінулы год Беларусь паставіла за мяжу амаль 9,5 млн тонаў калію. Прыкладна столькі наша краіна экспартавала да санкцыяў. Асноўны пакупнік — зноў Кітай. Туды кантэйнернымі цягнікамі паставілі шостую частку (17,2%) экспартнага калію. Спажыўцам у Расею — 2,9%. Астатнія амаль 80% — у розныя расейскія парты. Такія звесткі апублікавала Супольнасць чыгуначнікаў.
У якія краіны ўгнаенні адправіліся з расейскіх партоў, невядома. Ані Беларусь, ані Расея не публікуюць такую статыстыку. Аднак, падобна, амаль увесь беларускі калій, які экспартуецца праз расейскія парты, таксама накіроўваецца ў Кітай.
У лютым 2024-га ў навінах на тэлеканале СТВ паведамілі, што ключавой пазіцыяй беларускага экспарту ў Кітай у 2023 годзе былі калійныя ўгнаенні. На іх прыйшлося больш за палову вартасных аб'ёмаў паставак, гаворыцца ў сюжэце. Паводле дадзеных кітайскай мытнай статыстыкі, летась беларускі экспарт у Кітай павялічыўся на 44,5%, перавысіўшы $2,6 млрд. А гэта значыць, што пастаўкі калію з Беларусі склалі больш за $1,3 млрд.
Супольнасць чыгуначнікаў таксама прыводзіць дадзеныя па сярэднім кошце экспарту беларускага калію. Ён упаў з $382,3 за тону ў 2022-м да $188 у 2023-м. Атрымліваецца, Кітай летась набыў каля 7 млн тонаў беларускіх угнаенняў. Гэта значыць на яго прыйшлося амаль тры чвэрці ўсяго экспарту калію Беларусі.
Таксама сярэдні кошт экспарту з Беларусі паказвае, што ўлады вымушаныя прадаваць угнаенні са зніжкай 50%. Сярэдняя сусветная цана на калій летась склала $383 за тону. Fitch Ratings прагназуе далейшае зніжэнне коштаў на калійныя ўгнаенні. Такім чынам, і выгаднасць паставак беларускіх угнаенняў у Кітай (асабліва з улікам дысконту) будзе падаць.
Экспарт нафтапрадуктаў з таннай расейскай нафты ў 2023 годзе таксама вярнуўся на дасанкцыйны ўзровень. Фармальна іх прадаюць Расеі. Але значная частка нафтапрадуктаў пастаўляецца ў Арабскія Эміраты, адкуль перанакіроўваецца ў іншыя краіны, распавёў выданню «Зеркало» эканаміст BEROC Анатоль Харытончык. Летась імпарт нафтапрадуктаў з ААЭ ў ЕЗ у параўнанні з 2022-м павялічыўся больш чым на траціну. Прычым рэзкі рост прыйшоўся менавіта на тыя краіны, куды раней пастаўляла нафтапрадукты Беларусь (Нямеччыну, Польшчу, Нідэрланды і інш.).
Канец нафтавага манеўру
У 2024 годзе завяршылася цэлая эпоха ў гісторыі беларускай эканамічнай мадэлі. Расея скасавала экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты для трэціх краінаў, тым самым завяршыўшы «падатковы манеўр». Гэта была адна з самых важных расейскіх субсідыяў для Беларусі. Яна палягала на тым, што нашая краіна не плаціла Расеі мыта за сырую нафту, таму яе кошт быў ніжэйшы за сусветны. Пры экспарце нафтапрадуктаў, вырабленых з гэтай таннай нафты, мыта заставалася ў беларускім бюджэце.
Цяпер выплаты беларускім НПЗ трапляюць з Масквы за кошт іншага, значна менш празрыстага механізму, які называецца дэмпферам ці зваротным акцызам. Яго сутнасць у тым, што расейскі ўрад наўпрост выплачвае нафтавым кампаніям (у тым ліку беларускім НПЗ) субсідыю, якая кампенсуе частку розніцы паміж коштам паліва на расейскім рынку і больш высокімі экспартнымі коштамі.
Паводле планаў урада, у 2024-м даходы ад дэмпфера павінны павялічыцца на 70% — да 2,1 млрд беларускіх рублёў. Пра гэта летась заявіў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў. Але шмат што будзе залежыць ад кошту нафты — у 2023 годзе Беларусь разлічвала атрымаць 1,7 млрд беларускіх рублёў паводле гэтай схемы, а выйшла блізу 1,3 млрд рублёў.
Страшная кітайская экспансія
Экспарт вырас у тым ліку праз сыход заходніх кампаніяў з расейскага рынку. У выніку расейцы сталі купляць больш беларускай прадукцыі.
Напрыклад, завод «Белджы» планаваў у 2023 годзе выпусціць 35 тыс. аўтамабіляў Geely, але вырабіў амаль удвая больш — 67,8 тыс. З іх 52 тыс. экспартавалі ў Расею. Зрэшты, у Geely беларускага — толькі зборка. Тэхналогія кітайская, запчасткі — таксама.
Кітайскія аўто ў цэлым імкліва захопліваюць расейскі рынак. Калі ў пачатку 2022 года яны займалі толькі 3,7% расейскага аўтарынку, то ў другім паўгоддзі — ужо 33%. А па выніках 2023 — звыш 60%. Машынаў маркі Haval летась расейцы купілі на 253% больш, чым у 2022-м, Chery — на 207%, Geely — на 244%.
Найбольш прадаванай маркай у РФ працягвае заставацца LADA. Яе продажы выраслі на 87%, ГАЗ — на 33%, УАЗ — на 10%. Зрэшты, гэта рост пасля падзення аўтарынку амаль на 60% у 2022 годзе. Калі параўноўваць з 2021-м, продажы расейскіх аўто практычна не змяніліся.
Яшчэ адзін прыклад — цяжкавікі. Беларускі МАЗ летась прадаў у РФ амаль у паўтара разу больш машынаў, чым у 2022-м. Але ягоная прысутнасць на расейскім рынку пры гэтым скарацілася з 5,24% да 4,41%. ГАЗ страціў чвэрць сваёй ранейшай долі рынку. КАМАЗ — амаль палову. Іх месца паступова займаюць кітайскія вытворцы. Sitrak за год павялічыў долю на расейскім рынку амаль у чатыры разы — да 16,45%. Зараз гэта другі па папулярнасці цяжкавік у Расеі. Shacman — трэці з 14,45%. Чацвёрты — FAW. Ён павялічыў сваю долю ўдвая — да 11%.
Пра страшную экспансію кітайскіх вытворцаў тэхнікі на рынкі Беларусі і РФ летам 2023-га казаў беларускі віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. Паводле ягоных словаў, беларускія і расейскія вытворцы губляюць не толькі рынак цяжкавікоў — падобная карціна «па трактарах, пагрузчыках, карʼерных самазвалах і аўтобусах», бо кошты на кітайскую тэхніку «ў два, а то і ў тры разы ніжэйшыя».
Ваенныя замовы
Зброя — яшчэ адна пазіцыя беларускага экспарту, якая расце. Айчынны ваенпрам павялічыў пастаўкі тэхнікі ў Расею. Гэта ў мінулым годзе прызнаў старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі Дзмітрый Пантус. Ён адзначыў, што гэта звязана з вайной ва Украіне, але адмовіўся назваць якія-небудзь лічбы.
Аб аб'ёмах можна меркаваць па пастаўках цягнікамі. Толькі са студзеня 2022-га да студзеня 2023-га з Беларусі ў Расею вывезлі больш за 130 тыс. тонаў боепрыпасаў. Гэта дадзеныя Саюзу беларускіх чыгуначнікаў.
Летась Беларусь пачала збіраць 122-мм артылерыйскія снарады. Менавіта такі калібр мае расейская РСЗА «Град». У жніўні Дзяржваенпрам камітэт РБ паведаміў, што да канца 2023 года ў краіне наладзяць серыйную вытворчасць баявых беспілотнікаў.
Экспартныя поспехі беларускага ваенпраму звязаныя не толькі са спробамі Расеі захапіць украінскія тэрыторыі. Зброю Беларусь пастаўляе і, напрыклад, ва Узбекістан. З 2017 па 2023 гады таваразварот паміж краінамі вырас амаль у тры з паловай разы. Галоўным чынам за кошт «спецыфічных тавараў».
Прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў, які прыйшоў да ўлады ў 2016 годзе, неўзабаве пачаў праграму масавага пераўзбраення ўзбекскага войска на фоне чаканага вываду амерыканскіх войскаў з суседняга Афганістану. Мірзіёеў нарасціў закуп узбраення ў Расеі за кошт крэдытаў з Масквы.
Традыцыйна абслугоўвае і рамантуе савецкую і расейскую вайсковую тэхніку менавіта Беларусь. Па выніках візіту Мірзіёева ў Менск у 2019 годзе бакі дамовіліся, што нашая краіна будзе не толькі абслугоўваць тэхніку для Узбекістану, але і дапамагаць яе мадэрнізаваць. У дарожнай мапе супрацы па выніках візіту зазначана, што краіны правядуць сумесны рамонт двух знішчальнікаў Су-25 на базе Чырчыкскага авіярамонтнага заводу ва Узбекістане і разгледзяць магчымасць мадэрнізацыі наступных самалётаў гэтай мадэлі.
Таксама Мірзіёеў і Лукашэнка рэалізавалі праект пры ўдзеле беларускай кампаніі «Мідзівісана», якая вырабляе мабільныя камандныя пункты і мабільныя сістэмы назірання за мясцовасцю з дапамогай дронаў.
Экспартны цуд падыходзіць да канца
Частка беларускіх тавараў, нягледзячы на санкцыі, працягвае паступаць у Еўропу. Напрыклад, айчынная драўніна на дзясяткі мільёнаў еўра трапляе ў Еўразвяз пад выглядам прадукцыі з Казахстану або Кыргызстану. Пра гэтыя схемы БРЦ распавядаў у расследаваннях «У абыход санкцыяў. Беларускую драўніну вязуць у ЕЗ па фальшывых дакументах» і «Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес».
Але нечакана высокія паказнікі беларускага экспарту летась звязаныя, па большай частцы не з абыходам санкцыяў. Асноўная прычына яго росту — высокі сусветны попыт на сыравінныя тавары, якія экспартуе Беларусь, і іх перанакіраванне ў трэція краіны (у асноўным у Кітай). Другі значны фактар — пашырэнне расейскага ўнутранага рынку для Беларусі.
Але гэтыя фактары часовыя. Сусветныя аналітыкі прагназуюць, што кошты на калій і нафтапрадукты ў 2024 годзе працягнуць зніжацца. Такім чынам, будуць падаць і даходы ад іх экспарту. А ў Расеі беларускія тавары, як мы высветлілі, выцясняюцца кітайскімі.