Стратэгія Расеі ў вайне з Украінай цяпер палягае на тым, каб прымусіць Захад адмовіцца ад дапамогі Кіеву. Дзеля гэтага Крэмль выкарыстоўвае шпіёнскую сетку і новыя тэхналогіі распаўсюджвання прапаганды ў падтрымку прарасейскіх палітычных партыяў. Пра гэта на ўмовах ананімнасці выданню The New York Times распавялі амерыканскія чыноўнікі. Папулярнасць радыкальных і папулісцкіх партыяў, якая расце ў Еўропе, можа сведчыць пра эфектыўнасць гэтай стратэгіі Масквы.
На парламенцкіх выбарах, якія прайшлі 30 верасня ў Славакіі, перамагла партыя Smer-SD («Курс — сацыяльная дэмакратыя») былога прэм'ер-міністра Робэрта Фіца. У 2018 годзе ён сышоў у адстаўку ў выніку пратэстаў пасля забойства журналіста-расследавальніка Яна Косака і ягонай нявесты. Цяпер экс-прэмʼер можа вярнуцца да ўлады, калі здолее сфармаваць кааліцыю.
Фіца выступае супраць санкцыяў у дачыненні да Расеі і сяброўства Украіны ў NATO, а таксама за скарачэнне вайсковай дапамогі Кіеву. Як адзначае Financial Times, калі экс-прэм'ер атрымае ўладу, Славакія можа стаць «другой Вугоршчынай», лідар якой Віктар Орбан лабіюе расейскія інтарэсы ў Еўразвязе.
Такі сцэнар развіцця падзеяў магчымы не толькі ў Славакіі. Пуцінферштэеры («putinversteher» — тэрмін, які абазначае тых, хто спачувае, хто даслоўна «разумее» Пуціна і палітыку, якую ён вядзе) становяцца ўсё больш папулярнымі ў Нямеччыне і іншых еўрапейскіх краінах.
«Сябры Пуціна» ў Еўропе
Прарасейскія сілы ў Еўразвязе — гэта або ўльтраправыя нацыяналістычныя, або вельмі левыя сацыялістычныя і камуністычныя партыі. У адных краінах яны маюць вялікую падтрымку, у іншых — з'яўляюцца маргінальнымі і не маюць прадстаўніцтва ў парламентах. Больш падрабязна спынімся на самых яскравых прыкладах.
Францыя — заняпад «Адраджэння»
Амаль увесь 2023 год французы пратэстуюць супраць пенсійнай рэформы і паліцэйскага гвалту. Партыя «Адраджэнне», якая падтрымлівае Эманюэля Макрона, страчвае папулярнасць, у адрозненне ад «Нацыянальнага аб’яднання» і «Новага народнага экалагічнага і сацыяльнага саюзу», якія выкарыстоўваюць прарасейскую рыторыку.
«Нацыянальнае аб'яднанне» (Rassemblement national) доўгі час узначальвала Марын Ле Пэн. У верасні 2021 года на пасадзе старшыні партыі яе змяніў Жардан Бардэла, аднак нефармальным лідарам працягвае заставацца Ле Пэн.
Партыю неаднаразова абвінавачвалі ў атрыманні фінансавання ад Расеі. У 2014 годзе «Нацыянальны фронт» (так тады называлася «Нацыянальнае аб'яднанне») атрымаў €11 млн. крэдытаў ад расейскіх банкаў. Ле Пэн заявіла, што гэтыя грошы партыя павінна вярнуць, таму іх нельга лічыць формай фінансавання з боку РФ. Марын Ле Пэн не хавала прарасейскія погляды і пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе: яна называла Уладзіміра Пуціна аднадумцам, заяўляла, што «Крым зʼяўляецца неадʼемнай часткай Расеі» і заклікала да адмены еўрапейскіх санкцыяў.
Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, Ле Пэн ненадоўга змяніла рыторыку. Падчас выбарчай кампаніі 2022 года яна асудзіла расейскую агрэсію і знішчыла друкаваныя агітацыйныя матэрыялы з сумесным фота з Пуціным. Але ў 2023 годзе ў яе выступы вярнуліся заявы аб неэфектыўнасці санкцыяў, неабходнасці перамоваў з Крамлём і заклікі пастаўляць Украіне толькі абарончае, а не наступальнае ўзбраенне.
На парламенцкіх выбарах у чэрвені 2022 года «Нацыянальнае аб'яднанне» атрымала 18,68% галасоў у першым туры — на 5% больш, чым на мінулых выбарах.
«Новы народны экалагічны і сацыяльны саюз» (Nouvelle Union Populaire écologique et sociale) — кааліцыя французскіх сацыялістаў, камуністаў і зялёных. Яе лідар Жан-Люк Меляншон неаднаразова крытыкаваў пашырэнне NATO і выказваўся супраць антырасейскіх санкцыяў, уведзеных за анексію Крыму.
Пасля 24 лютага 2022 года ён асудзіў расейскае ўварванне ва Украіну, але частку віны за тое, што адбываецца, усклаў на NATO і выступіў супраць паставак зброі Кіеву.
На парламенцкіх выбарах у чэрвені 2022 года кааліцыя заняла другое месца, атрымаўшы 25,66% у першым туры. Гэта ўдвая больш, чым атрымала партыя Меляншона «Няскораная Францыя» на выбарах 2017 года.
Паводле травеньскіх апытанняў, партыі Ле Пэн і Меляншона з'яўляюцца самымі папулярнымі ў Францыі. Кіруючая «Адраджэнне» знаходзіцца на трэцім месцы.
Нямеччына — крайнасці палітычнага спектру
Асноўнымі пуцінферштэерамі ў Нямеччыне з’яўляюцца «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (Alternative für Deutschland) і «Левыя» (Die Linke).
Першая — гэта скрайне правая партыя з нацыяналістычнай, антысеміцкай і часткова расісцкай ідэалогіяй. «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АдН) традыцыйна падтрымлівае Расею. Пасля 2014 года яе прадстаўнікі заклікалі да адмены антырасейскіх санкцыяў. Яны ездзілі з афіцыйнымі візітамі ў Расею і анексаваны Крым. Нямецкія медыі неаднаразова абвінавачвалі АдН у атрыманні наўпроставага фінансавання з Крамля.
27 лютага 2022 года лідар «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Аліс Вайдэль асудзіла расейскую агрэсію ў дачыненні да Украіны. Аднак, паводле ейных словаў, дзеянні Расеі з'яўляюцца законным адказам на спробы NATO наблізіцца да яе межаў. Вайдэль таксама заявіла, што санкцыі прычыняць большую шкоду нямецкім грамадзянам, чым Расеі.
Электаральная падтрымка «Альтэрнатывы для Нямеччыны» расце. У верасні 2021 года партыя набрала на парламенцкіх выбарах 10,3% галасоў. У кастрычніку 2023 года яе рэйтынг складае 21%.
«Левыя» — сацыялістычная партыя, створаная з кіруючай у 1949-1990 гадах Сацыялістычнай партыі і прадстаўнікоў левага крыла сацыял-дэмакратаў Нямеччыны.
На з'ездзе ў 2017 годзе «Левыя» адмовіліся асудзіць анексію Крыму і акупацыю Данбасу, абвінаваціўшы ў канфлікце Еўразвяз і NATO. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, у чэрвені 2022 года партыя прыняла рэзалюцыю, якая асуджае расейскую агрэсію. Але ўжо ў жніўні яе прадстаўнік заявіў, што знішчэнне нямецкай эканомікі праз антырасейскія санкцыі Украіне не дапаможа. «Левыя» таксама сістэматычна выступаюць супраць паставак зброі Кіеву.
На парламенцкіх выбарах у 2013 і 2017 гадах гэтая партыя набірала каля 9% галасоў. У 2021 годзе яе падтрымка ўпала — яны атрымалі 4,9%. Паводле апытанняў, у верасні 2023 года за «Левых» гатовыя былі прагаласаваць 4% грамадзянаў Нямеччыны.
Аўстрыя — «сябры Пуціна» лідаруюць у рэйтынгах
У Аўстрыі прарасейскія сілы прадстаўленыя скрайне правай «Аўстрыйскай партыяй свабоды» (Freiheitliche Partei Österreichs, АПС). У снежні 2016 года яна падпісала пагадненне аб супрацы з «Адзінай Расеяй». У 2018 годзе тагачасны лідар партыі Гайнц-Крыст’ян Штрахе заклікаў да адмены антырасейскіх санкцыяў, уведзеных пасля анексіі Крыму.
Пасля 24 лютага 2022 года пазіцыя АПС не змянілася — яна ўнесла восем праектаў рэзалюцыяў і распаўсюдзіла 280 прэс-рэлізаў з патрабаваннем адмены санкцыяў Еўразвязу супраць Расеі. 30 сакавіка 2023 года дэпутаты ад гэтай партыі дэманстратыўна пакінулі залю парламента падчас відэазвароту Уладзіміра Зяленскага, пакінуўшы на сталах плакаты з лагатыпам партыі і надпісамі «Месца для нейтралітэту» і «Месца для міру».
На парламенцкіх выбарах 2019 года АПС атрымала 16% галасоў. Паводле вераснёўскіх апытанняў, яе рэйтынг падняўся да 29%. На момант публікацыі гэта самая папулярная партыя ў Аўстрыі.
Італія — прарасейскія сілы ў праўкраінскай кааліцыі
«Сябры Пуціна» ў Італіі прадстаўленыя трыма партыямі: «Ліга» (Lega), «Наперад, Італія» (Forza Italia) і «Рух пяці зорак» (Movimento 5 Stelle).
«Ліга» — правая папулісцкая, нацыяналістычная партыя. Яе лідар Матэа Сальвіні ў 2014 годзе пасля анексіі Крыму сфатаграфаваўся ў Маскве на Краснай плошчы ў футболцы з выявай Пуціна. У 2018 годзе ён заявіў, што санкцыі ЕЗ супраць Расеі не толькі бескарысныя, але і шкодныя.
У 2019 годзе медыі апублікавалі аўдыязапіс перамоваў прадстаўнікоў партыі «Ліга» аб атрыманні ад Расеі $65 млн у абмен на лабіяванне нафтавай угоды для расейскіх дзяржкампаніяў. Пасля гэтага пракуратура Мілана пачала расследаванне. Аднак у красавіку 2023 года справу закрылі. Каментуючы гэтае рашэнне, суддзя заявіў, што мэтай перамоваў было незаконнае фінансаванне партыі, але інкрымінаваць падазраваным якое-небудзь злачынства не атрымалася. «Ліга» гэтых грошай не атрымала, а ідэнтыфікаваць расейцаў, якія бралі ўдзел ва ўгодзе, не змаглі праз адмову Расеі адказваць на запыты суда.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Сальвіні асудзіў уварванне. Але ўжо ў чэрвені 2022 года выступіў супраць далейшых паставак зброі ва Украіну. У верасні таго ж года ён заявіў, што антырасейскія санкцыі не працуюць і шкодзяць Італіі.
У 2019 годзе падтрымка «Лігі» складала амаль 40%. У лютым 2022 года — каля 17%. На пазачарговых парламенцкіх выбарах у верасні 2022 года «Ліга» атрымала каля 9% галасоў. Паводле вераснёўскіх апытанняў, яе падтрымка складае 9,7%.
«Наперад, Італія» — правая партыя, заснаваная нядаўна памерлым экс-прэм'ерам Сільвіё Бэрлюсконі. З’яўляючыся кіраўніком італьянскага ўраду, ён падтрымліваў цёплыя адносіны з Уладзімірам Пуціным і называў анексію Крыму законнай.
Доўгі час «Наперад, Італія» не выказвала стаўлення да расейскага ўварвання ва Украіну. Аднак у верасні 2022 года, за некалькі дзён да парламенцкіх выбараў Бэрлюсконі заявіў, што «агрэсія супраць Украіны неапраўданая і непрымальная». Пры гэтым ён усклаў частку віны за тое, што адбываецца на NATO, а таксама прапанаваў Еўропе «ўзняць пытанне аб мірным вырашэнні, схіляючы ўкраінцаў прыняць патрабаванні Пуціна».
Кіраўнік італьянскага МЗС Антоньё Таяні, які ўзначаліў партыю пасля смерці Бэрлюсконі, прытрымліваецца іншых поглядаў на расейска-ўкраінскі канфлікт. У траўні ён заявіў, што падтрымлівае прапановы Кіева аб мірным урэгуляванні і што без іх уліку перамовы немагчымыя, бо ў адваротным выпадку гаворка пойдзе «не пра мір, а пра паразу Украіны».
Падтрымка партыі «Наперад, Італія» да пачатку поўнамаштабнай вайны складала каля 9%. На парламенцкіх выбарах у верасні 2022 года яна атрымала 8,12%. У канцы верасня сёлета падтрымка ўпала да 7%.
«Рух пяці зорак» — папулісцкая партыя, якая доўгі час заклікала да дыялогу ЕЗ з Расеяй і разам з «Лігай» пратэставала супраць антырасейскіх санкцыяў. Яе лідар Джузэпэ Контэ таксама паслядоўна выступае супраць надавання вайсковай дапамогі Украіне.
На выбарах 2018 года «Рух пяці зорак» стаў самай папулярнай партыяй Італіі, набраўшы больш за 32% галасоў. Аднак з часам страціў падтрымку. У лютым 2022 года, перад уварваннем Расеі ва Украіну, яна складала каля 14%. На датэрміновых парламенцкіх выбарах у верасні мінулага года «Рух пяці зорак» заняў трэцяе месца, атрымаўшы крыху больш за 15% галасоў. На канец верасня 2023 года яго падтрымка складае 17%.
У верасні 2022 года «Ліга» і «Наперад, Італія» ўвайшлі ў кааліцыю з Джорджай Мэлёні і яе партыяй «Браты Італіі», якая перамагла на апошніх парламенцкіх выбарах. Нягледзячы на пазіцыю хаўруснікаў, Мэлёні выступае за павелічэнне дапамогі Украіне. «Рух пяці зорак» у кааліцыю не ўвайшоў.
Пракрамлёўскія галасы ў Еўрапарламенце амаль не чутныя
Значная электаральная падтрымка прарасейскіх партыяў амаль не ўплывае на палітыку Еўразвязу ў дачыненні да Расеі. Выданне «Новая газета Европа» прааналізавала вынікі галасаванняў у Еўрапарламенце за апошнія чатыры гады і высветліла, што «сябры Пуціна» часта ўстрымліваюцца ці не галасуюць па пытаннях, звязаных з Расеяй. З 705 дэпутатаў Еўрапарламенту ў сярэднім падтрымаў антырасейскія рэзалюцыі 531 чалавек (75%). Супраць — таксама ў сярэднім — галасавалі крыху больш за 40 (6%). Яшчэ каля 6% вырашалі ўстрымацца. Астатнія — каля 13% — не прыходзілі на паседжанні ці не прымалі ўдзелу ў галасаванні.
Такая колькасць «адсутных» выглядае анамальна. У галасаваннях па любых тэмах у 2019-2022 гадах не прымалі ўдзел у сярэднім 4,3% еўрадэпутатаў. Гэта значыць частка з іх наўмысна не галасуе па дакументах, звязаных з Расеяй, адзначае «Новая газета Европа».
Прадстаўнікі французскага «Нацыянальнага аб'яднання» ў Еўрапарламенце па дваццаці дзвюм прааналізаваным выданнем рэзалюцыям за 2019-2023 гады галасавалі супраць або ўстрымліваліся амаль у 80% выпадкаў. Нямецкія «Левыя» — менш чым у 60%, а італьянская «Ліга» — толькі ў каля 10% выпадкаў.
Пракрамлёўскія партыі ў Еўропе пасля 24 лютага 2022 года працягваюць лабіяваць расейскія інтарэсы. Пры гэтым яны часта не галасуюць супраць антырасейскіх рэзалюцыяў, а на словах асуджаюць агрэсію з боку РФ. Тлумачэнне гэтаму можна знайсці ў даследаванні, якое правёў «Фонд Жана Жарэса» (Jean-Jaurès Foundation) у лютым 2023 года. У ім гаворыцца, што большасць еўрапейцаў спачуваюць Украіне. У тым ліку электарат ультраправых і левых партыяў.
Згодна з праведзеным фондам даследаваннем, у Францыі 62% прыхільнікаў Меляншона і 49% прыхільнікаў Ле Пэн сімпатызуюць Украіне. Пры гэтым 19% выбарнікаў Ле Пэн падтрымліваюць Расею ў гэтым канфлікце. Сярод прыхільнікаў «Альтэрнатывы для Нямеччыны» за Расею выказваецца 41%, 36% прытрымліваюцца праўкраінскіх поглядаў. А сярод тых, хто галасуе за нямецкую партыю «Левыя», 52% сімпатызуюць Украіне і 30% — Расеі. У Італіі 56% электарату скрайне правых падтрымліваюць Украіну.
Дапамога Украіне не скончыцца
Магчымы прыход да ўлады прарасейскіх сілаў у шэрагу еўрапейскіх краінаў не прывядзе да істотнага змянення палітыкі Еўразвязу ў дачыненні да Расеі і Украіны.
Антырасейскія санкцыі ўводзіліся аднагалосна ўсімі 27 чальцамі ЕЗ. Для іх адмены неабходная такая ж аднадушнасць. Калі хоць адна краіна будзе супраць, то ўжо ўведзеныя санкцыі не здымуць.
Увесці новыя санкцыі пры нязгодзе хаця б аднаго чальца ЕЗ таксама не атрымаецца. Аднак, са словаў кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жузэпа Бурэля, практычна ўсе абмежаванні, якія можна было ўвесці супраць Расеі, ужо ўвялі.
Спыненне надавання Захадам вайсковай дапамогі Украіне таксама не пагражае. Вялікую частку зброі туды пастаўляюць ЗША. З пачатку вайны і да 31 ліпеня 2023 года Вашынгтон абавязаўся перадаць узбраення на €42,1 млрд. За той жа перыяд Нямеччына — на €17,1 млрд, Вялікая Брытанія — на €6,6 млрд.
Чаму ЗША не пастаўляюць Украіне больш зброі, БРЦ распавядаў у матэрыяле «Узброіць для перамогі. Што замінае хаўруснікам Украіны паставіць кропку ў вайне».
У Вялікай Брытаніі асноўныя палітычныя сілы выступаюць за працяг паставак зброі Украіне.
У Нямеччыне праціўнікі надавання вайсковай дапамогі ўкраінцам моцныя, але іх прыход да ўлады малаверагодны. Для фармавання ўрада ў Нямеччыне неабходна атрымаць самастойна або ў складзе кааліцыі не менш за 50% мандатаў. На канец верасня «Альтэрнатыва для Нямеччыны» займае другое месца ў рэйтынгах з 21% падтрымкі, а ўваходзіць у кааліцыю з ёй усе астатнія нямецкія партыі дагэтуль адмаўляліся.
Аўстрыя, дзе могуць перамагчы прарасейскія сілы, вайсковую дапамогу Украіне не надавала і раней (толькі фінансавую і гуманітарную). Італія па стане на 31 чэрвеня 2023 года абавязалася надаць вайсковую дапамогу прыблізна на €700 млн, Францыя — на €500 млн. Іншыя краіны, дзе моцныя пазіцыі «сяброў Пуціна», — на яшчэ меншыя сумы.
Вайсковую дапамогу Украіне надаюць не толькі асобныя еўрапейскія краіны, але і Еўразвяз. Для гэтага выкарыстоўваюцца сродкі Еўрапейскага фонду міру, які фармуецца за кошт узносаў чальцоў ЕЗ. З яго ўкраінцам з пачатку поўнамаштабнай вайны вылучылі €3,6 млрд. Аднак з траўня Венгрыя блакуе дапамогу з гэтага фонду.
Калі ў іншых краінах ЕЗ да ўлады прыйдуць прарасейскія сілы, Украіне можа стаць яшчэ цяжэй атрымліваць грошы з яго. Аднак, як паведамляе выданне Politico са спасылкай на пяцярых еўрапейскіх дыпламатаў, ЕЗ плануе стварыць новы фонд дапамогі ўкраінскай арміі. Як мяркуецца яго бюджэт складзе €20 млрд і будзе ўзгоднены загадзя, што дазволіць мінімізаваць уплыў «сяброў Пуціна» і паскорыць вылучэнне траншаў.