Пра 29-е паседжанне
«Самая вялікая праблема сёння ў Беларусі — замясціць той аб'ём, які мы не можам прадаць у сілу пэўных аб'ектыўных прычын. Ну і ўсе ж чакаюць: Захаду не можам прадаць, правільна? Расейскай Федэрацыі.
Чаму важна слова аб'ектыўных? Таму што, калі б было суб'ектыўных, то іх заўсёды можна вырашыць. Паехаць і сказаць: “Вось, нейкія нягоднікі замінаюць!” І зноў жа, трэба разумець, што гэта ўсё адбываецца калі? Калі выканана сапраўды велізарная праца — улезці ва ўсе шчыліны, якія толькі былі ў Расеі. То бок, добра дзяржзакуп, але гэта ўжо і закупы карпарацый прыватных. <…>
Як у нас вырашаюцца аб'ектыўныя пытанні? Вядома, па гэтай нагодзе ствараецца адмысловая камісія. Адбылося пад кіраўніцтвам надзвычайнага паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Расеі Аляксандра Рагожкіна ў фармаце відэаканферэнцсувязі, увага, 29-е паседжанне міжведамаснай працоўнай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з дастаўкамі ў Расею. 29-е паседжанне! Далі ацэнку сямі месяцам, па выніках трох кварталаў года ў цэлым, у разрэзе галін і таварных пазіцый. Нягледзячы на станоўчую дынаміку тэмпаў росту экспарту, адзначаны негатыўныя тэндэнцыі па асобных таварных групах.
Якія ж адмоўныя таварныя групы, дакладней, у разрэзе канцэрнаў і міністэрстваў? Мінпрам, вядома ж, БелАЗ, БМЗ, МТЗ, МАЗ. Ну, строга кажучы, усё. Канцэрны Белнафтахім і Беллеспаперапрам прадметна разгледзелі прычыны невыканання экспартных заданняў».
Кітай сапсаваў попыт
«Нягледзячы на станоўчыя экспартныя паказнікі, тым не менш, былі паказаны недахопы. Але каму? Прадпрыемствам і сістэмам Мінсельгасхарчу, канцэрнам Беллёгпрам і Дзяржхарчпрам. Ну, то бок, прадукты харчавання — зразумела.
Сельгасхарч і Дзяржхарчпрам. Сапраўды, у Расеі неўраджай. Прытым ён з мінулага года ідзе. Расея ўпершыню за, дай бог памяці, апошнія шэсць, здаецца, гадоў ізноў стала нета-імпарцёрам харчу. Канцэрн Беллёгпрам, які называецца ў нас у плюсе, але пры гэтым кіраўніца канцэрну Беллёгпрам Таццяна Лугіна ў інтэрв'ю расейскаму часопісу, чамусьці, “Лёгкая прамысловасць”, расказвае, што, разумееце, кажа, сёлета адзначаем як ніколі вялікі спад актыўнасці: “Калі казаць шчыра, каласальны спад зацікаўленасці ў таварах кожнага ўзроўню і асартыментных пазіцый. Кітайскія тавары апанавалі ўсё. Я назірала, як у Расеі зачыняліся абутковыя фабрыкі, што выраблялі якасную прадукцыю. Цэлая хваля банкруцтваў менавіта абутнікаў. Гэта проста катастрофа. І ў нас цяпер тая ж праблема”».
Польшча здзейсніла ўдар у спіну ніжэй за пояс
«Да пытання пра тое, што [тавары] дзяваць няма куды. Польшча зачыніла чыгуначныя пераходы з Беларусі. …Агулам у 2024 годзе па чыгунцы прайшло каля 70% усяго імпарту ў Беларусь — 400 тысяч тон грузаў. Чыгуначныя перавозкі ў ЕЗ — 75%. Міжнародны транспартны калідор — 90% таваразвароту.
Увогуле, 80% аб'ёму тавараплыні і транзіту на экспарт, унутраны рынак і гэтак далей. Страты парадку, яны (Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі — рэд.) налічылі, 500-600 тысяч долараў у дзень. Гэта [страты] беларускай чыгункі. …
Увогуле, што называецца, здрадніцкі ўдар у спіну ніжэй за пас, прыкладна ў зону гаманца, што ў задняй кішэні знаходзіцца. … І самае непрыемнае гэта тое, што ніхто не ведае, калі гэта ўсё зноў вернецца».
Праблемы Нацбанку
«Паўгода рыхтавалася нарада. Да Нацбанку прэтэнзіяў назапасілася ўжо велізарная колькасць. І вось, уласна, першая заява, якая з'яўляецца Нацыянальнаму банку. Увага! Лукашэнка згадаў скаргі на адрас банкаў ад звычайных людзей: то старыя долары не прымаюць, то навязваюць кліентам страхавыя паслугі. Далей, натуральна, цвёрдыя рашэнні: “З 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактараў аўтаматычна пацягне за сабой дысцыплінарную адказнасць кіраўнікоў банку”.
Разумееце ўзровень Лукашэнкі, так? Я ж нават ведаю тэхналагічна, як рыхтуецца гэта нарада. Ён кажа: “Я буду вас правяраць”. Ён (Нацбанк — рэд.) кажа: “Акей”.
“Напішыце мне, як у вас справы ідуць”. Ну, яны, натуральна, напісалі, як ідуць справы. Але ён жа разумее, што тады нарада бессэнсоўная. Трэба ж да нечага прычапіцца (хацеў сказаць іншае слова). А хто ў нас адказвае за прыдзіркі? КДК.
А як КДК праводзіць праверкі? Ён перш за ўсё чытае кнігу скаргаў і прапаноў. У кнізе скаргаў і прапаноў напісана што? Чалавек панёс здаваць долары, нармальныя долары, яму сказалі, што яны там свецяцца ва ўльтрафіялеце нейкай цвіллю, і не сталі прымаць па нармальным курсе, а прапанавалі памяняць на нармальныя долары з нейкай уласнай камісіяй. Вось сур'ёзна? У нас іншых праблем няма з Нацбанкам?»