Фэйк №1: Беларускага актывіста збіла польская паліцыя
Дата фэйка: 3.08.2023
Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры «Радыё-Менск» 2 жніўня распавёў, што польскія ўлады чыняць перашкоды беларусам, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Ён прывёў у прыклад актывіста Іллю Дабратвора, якога нібыта збіла паліцыя.
«У мяне ёсць прыяцель, Ілля Дабратвор, які з'ехаў не па ўласнай волі, а па ідыятызме сваёй былой жонкі, прашу прабачэння за выраз, якая ў 20-м годзе кулялася, весялілася ды іншае, — распавёў Пятроўскі. — Хоць ён — сябра БНФ, кіраўнік быў менскай раённай арганізацыі БНФ. І сутыкнуўся з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Польшчы: ён купіў кнігу Васкрасенскага праз інтэрнэт, сфатаграфаваўся з гэтай кнігай насупраць Палаца культуры, сталінкі ў цэнтры Варшавы, і праз два дні да яго прыйшлі нейкія... Дарэчы, грамадзяне Украіны збілі яго, збілі яго кватэрадаўцу, ён жыве ў прыватным доме. Калі выклікалі паліцыю, паліцыя адмовіла. Ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь, звярнуўся да Васкрасенскага. Васкрасенскі адказаў, што дапаможа. І ён напісаў, што “я прыязджаю праз тыдзень у Беларусь, Юрый Васкрасенскі мне дапамог”. Праз два дні да яго прыходзіць ужо паліцыя, ломіць два рабры. І тлумачыць: ты нікуды не з'едзеш, супраць цябе заведзеная крымінальная справа, аказваецца».
Гэтую гісторыю аспрэчыў сам Ілля Дабратвор.
«Па-першае, кнігу я не купляў, мне яе Васкрасенскі падарыў, відавочна, што ён крыху ператоргнуў. Ён ведае факт з фэйсбука», — распавёў актывіст у каментары БРЦ.
Пра збіццё ўкраінцамі ён паведаміў наступнае: «Сапраўды быў факт таго, што мяне збілі, але звязваць гэта можна на такім жа ўзроўні, што з беларускімі спецслужбамі, што з іншапланецянамі — любая версія мае права на існаванне».
Пра вяртанне ў Беларусь Ілля Дабратвор думаў даўно: «Я сапраўды пачаў задумвацца над гэтым і, верагодна, яны [ведаюць пра гэта], чытаючы мае пасты на фэйсбуку, таму на мяне Васкрасенскі і выходзіў. Таму што, груба кажучы, яны (прапагандысты — рэд.), шукаюць слабое звяно».
Ён пацвердзіў журналісту Weekly Top Fake, што польская паліцыя да яго праяўляе ўвагу, але рэбры ніхто не ламаў: «Мяне пачалі часта спыняць, правяраць, і маю машыну. І тут, дзе я жыў, таксама прыехала паліцыя і правяла дагляд. Паліцыя паводзіла сябе досыць карэктна, прэтэнзіяў я не маю да паліцыі польскай. <...> Паліцыя не збівала, безумоўна».
Аповед Пятроўскага актывіст падсумаваў так: «Ён узяў факты некаторыя і інтэрпрэтаваў так, як яму выгадна».