Фэйк №5: У Іспаніі ўзаконілі скаталожніцтва, ААН змагаецца за правы педафілаў, а амерыканцы купляюць скрадзеных дзяцей
Дата фэйка: 25.06.2023
На Захадзе змагаюцца за правы членаў ЛГБТ-супольнасці, але ігнаруюць праблему выкрадання дзяцей, сцвярджае вядоўца «Беларусь 1» Кацярына Ціхамірава.
«XXI стагоддзе і з кожнага праса трубяць аб захаванні чалавечых правоў. Правы на самавыяўленне ЛГБТ і іх права быць бацькамі. У Іспаніі ўзаконілі права на скаталожніцтва. Ці вось, у выніку доўгай і карпатлівай працы спецыялістаў з Міжнароднага камітэту юрыстаў і ўпраўлення вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН з'явіўся радыкальны праект — рэзалюцыя, якая рэкамендуе ўсім краінам ААН правесці дэкрыміналізацыю сексуальнай актыўнасці ўсіх відаў. Прасцей кажучы — узаконіць педафілію. То бок гэта барацьба за правы педафілаў», — заявіла Ціхамірава 25 чэрвеня ў сваёй перадачы «Кацюшын разлік».
У Іспаніі сапраўды змянілі заканадаўства ў пытанні жорсткага стаўлення да жывёлы і прыбралі з Крымінальнага кодэксу артыкул, па якім было прадугледжана пакаранне за сексуальную эксплуатацыю жывёлы. Аднак замест яго з'явіўся іншы — з больш шырокай трактоўкай таго, што можна лічыць гвалтам над жывёлай. Цяпер асобна прапісана, што гвалт уключае і акты сексуальнага характару.
Больш за тое, у афіцыйным каментары пазначана, што гэтыя змены накіраваныя на пашырэнне адказнасці. Калі раней максімальнае пакаранне за гэтае злачынства абмяжоўвалася годам пазбаўлення волі, то цяпер тэрмін павялічылі да 18 месяцаў. Акрамя таго, караць будуць за гвалт над любой жывёлай, а не толькі над хатняй, як было раней.
Няпраўда і тое, што ААН абараняе педафілаў.
Міжнародная камісія юрыстаў апублікавала даклад, у якім выказала свае меркаванні, што варта не забываць аб правах чалавека пры разглядзе крымінальных спраў, звязаных з абортамі, ужываннем і валоданнем наркотыкамі, ВІЧ-інфікаваннем і некаторымі выпадкамі сексу па ўзаемнай згодзе.
«Ужыванне крымінальнага заканадаўства павінна адлюстроўваць правы і здольнасць асоб маладзей за 18 гадоў прымаць рашэнні аб уступленні ў сексуальныя зносіны па ўзаемнай згодзе і іх права быць пачутымі ў пытаннях, якія тычацца іх», — гаворыцца ў дакладзе.
Аднак і такая фармулёўка выклікала абвінавачванні ў закліках да легалізацыі педафіліі. Таму неўзабаве камісія выпусціла тлумачэнне, у якім прапісала, што не заклікае «ні да дэкрыміналізацыі сексу з дзецьмі, ні да адмены ўстаноўленага ўнутры краіны мінімальнага ўзросту згоды на секс».
«А што з правамі дзяцей і правам на бяспечнае дзяцінства? Паводле афіцыйнай статыстыкі зніклых дзяцей на планеце мільёны. І з кожным годам іх становіцца больш. У Еўропе штогод паведамляецца аб знікненні 250 тысяч, гэта значыць адно дзіця кожныя 2 хвіліны», — працягнула Ціхамірава.
Арганізацыя «Зніклыя дзеці ў Еўропе» сапраўды агучвае такія лічбы — 250 тысяч штогод. Большасць з іх — дзеці, якія ўцяклі з дому. Яшчэ каля чвэрці выкрадаюць бацькі, апекуны або іншыя блізкія людзі. Напрыклад, так бывае, калі бацькі пасля разводу не могуць дамовіцца, з кім будзе жыць дзіця. І толькі 3% ад усіх заяў — гэта выкраданні крымінальнага характару.
Кацярына Ціхамірава гэты факт замоўчвае, з яе сюжэту вынікае, што 250 тысяч дзяцей знікаюць бясследна.
«Усяго некалькі прыкладаў. На відэа вы бачыце дзяцей. Іх прадаюць на мяжы Мексікі і ЗША», — працягвае яна і паказвае відэа звязаных дзяцей, каля якіх смуглявыя мужчыны пералічваюць грошы.
Каманда БРЦ знайшла гэта відэа ў фэйсбуку. У арыгінальнай версіі на ім некалькі разоў з'яўляецца цітр з паведамленнем, што гэты інцыдэнт не сапраўдны, людзі ў ім — акторы, а відэа знята для павышэння дасведчанасці.