Фэйк №1: Падаляк заявіў, што Украіна і Польшча сябруюць да канца вайны
Дата фэйка: 9.08.2023
Пасля таго як кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы заявіў, што Украіна павінна быць больш удзячнай за дапамогу, у Беларусі загаварылі пра разлад паміж Кіевам і Варшавай. Як доказ гэтаму вядоўца перадачы «Аб'ектыўна» ад 9 жніўня на АНТ Дзмітрый Бачкоў працытаваў заяву дарадцы кіраўніка Офісу Зяленскага Міхаіла Падаляка:
«Другая рэпліка. Гэтым разам з Офісу Зяленскага вуснамі Міхаіла Падаляка. Варшава пазбавіцца статусу блізкага сябра Кіева пасля завяршэння СВА. Украіна будзе лічыць Польшчу блізкім сябрам да заканчэння баявых дзеянняў. Пасля чаго паміж краінамі пачнуцца канкурэнтныя адносіны, заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны».
Міхаіл Падаляк сказаў гэта ў жывым эфіры тэлеканалу FREEДOM. Вось як цытата гучыць у арыгінале:
«У нас сёння ёсць праблема пад назвай закрытыя збожжавыя калідоры марскога шляху, нам неабходна пашырэнне сухапутных збожжавых калідораў, а гэта пытанне дыскусіі. Пытанне іншае, і гэта трэці складнік, — дыскусію трэба весці абсалютна правільна, карэктна, максімальна адкрыта, не баяцца публічнай дыскусіі. Я не бачу ніякай праблемы ў цяперашняй дыскусіі паміж Польшчай і Украінай. І ўжо сапраўды гэтая дыскусія не прывядзе да нейкіх надрываў, парываў, нечага падобнага. У нас максімальна блізкі партнёр, максімальна блізкі сябар на сённяшні дзень — гэта Польшча. І так будзе да канца вайны. Пасля канца вайны, вядома, у нас будуць канкурэнтныя адносіны, вядома, мы будзем канкураваць за тыя ці іншыя рынкі».
Гаворка ідзе аб нармалізацыі канкурэнтных рынкавых адносін пасля завяршэння вайны, а не аб спыненні дружбы. Абедзве краіны з'яўляюцца значнымі сусветнымі экспарцёрамі збожжа.